Вы тут

Балет «Пятрушка» з'явіўся ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі


Нікому такі герой быў не патрэбны. Ну, каму наогул патрэбны герой сярод лялек? Іх задача — па волі гаспадара забаўляць, усміхацца, танцаваць, разыгрываць гісторыі для людзей. Вось за нітачку пацягнулі — і Балерына закруцілася, за іншую цягнуць — Арап кідаецца ў скокі са сваім любімым какосам. І гэта ж цікава! Ну, як мінімум — каларытна. А чым можа здзівіць лялька Пятрушкі? Нязграбны небарака, непаслухмяны і непаваротлівы... Адны толькі «не». І яшчэ: не чакалі ад яго геройства, дакладна. Нават калегі-лялькі, кожная з якіх з'яўляецца служкам тэатра, за жыццём якога мы назіраем падчас прагляду балета «Пятрушка» кампазітара Ігара Стравінскага.


Балет з'явіўся ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Але па вялікім рахунку гэта прэм'ера ўсё ж такі пачатку ХХ стагоддзя: адзін са спектакляў легендарных «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева, што некалі скарылі Еўропу, аднавіў на сцэне беларускага Вялікага народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

Зрэшчы, менавіта да гісторыі сусветнага балета і трэба адносіць гэтую пастаноўку. У пачатку мінулага стагоддзя «Рускія сезоны» здзейснілі сапраўдную рэвалюцыю, прычым не толькі сцэнічную, але і ў музыцы. У 1910 годзе быў пастаўлены балет «Жар-птушка», а «Пятрушка», што з'явіўся ў 1911 годзе, літаральна перавярнуў музычны свет Еўропы. Новае адчуванне ХХ стагоддзя прапанаваў Ігар Стравінскі: казачная гісторыя ў яго інтэрпрэтацыі набыла драматычнае гучанне і зусім не тыповы фінал для рускіх казак: дабро не абавязкова перамагае, нават калі нам гэтага вельмі хочацца. Напачатку ўсё і выглядае як казка...

Прэм'ера балета «Пятрушка» была прадстаўлена ў Парыжскім тэатры «Шатле» ў 1911 годзе і мела ашаламляльны поспех. У спалучэнні з музыкай Стравінскага харэаграфія Міхаіла Фокіна падавалася наватарскай. Але сюжэт і яго вырашэнне былі закладзеныя аўтарам лібрэта, заснавальнікам аб'яднання «Свет мастацтва» Аляксандрам Бенуа, які стварыў сцэнаграфію ў пастаноўцы.

Зразумела, чаму еўрапейскаму гледачу таго часу трэба было паказваць адметнасці Санкт-Пецярбурга: гэта была нябачаная экзотыка. Увесь гэты спектакль створаны з разлікам на «таго» гледача. Тут народныя гулянні (і матывы), просты люд, што весяліцца падчас Масленіцы, — дзіва дзіўнае, каб у вытанчаным балеце ў той час наогул паказвалі звычайных людзей «з вуліцы». А зрэшты — гэта ж у Парыжы... Па вопратцы зразумела, што за краіна і які гэта час. Нават мядзведзь, якога выводзяць на сцэну падчас народных гулянняў, з'яўляецца адным з сімвалаў культуры, якую «Рускія сезоны» адкрывалі Еўропе. Агаломшаная — калі нават у балеце ходзяць мядзведзі — Еўропа адрэагавала: «Ух!..» Такога яшчэ не бачылі.

Да таго ж дэкарацыі да спектакля, створаныя Аляксандрам Бенуа, малявалі Адміралцейства, Ісаакіеўскі сабор у Пецярбургу, а таксама Марсава поле, на якім, згодна з сюжэтам «Пятрушкі», працаваў балаганны тэатр. І яшчэ адзін наватарскі прыём для таго часу: перад намі разыгрываецца «тэатр у тэатры».

Толькі цяпер гэты прыём ужо звычайны. Казачнасць — зразумелая, а некаторыя сімвалы нават сталі культурнымі штампамі. Тым не менш сваю задачу як рэстаўратара балетнай гісторыі «Рускіх сезонаў» Андрыс Ліепа бачыў у тым, каб літаральна аднавіць тую пастаноўку. З дэкарацыямі па эскізах Бенуа, з харэаграфіяй Фокіна (дзеля гэтага сустракаўся з яго ўнучкай). Узнаўляў дэталі, уважліва падыходзіў да адпрацоўкі народных танцаў, адказна падбіраў салістаў на кожную з партый казачных персанажаў.

Гарэзлівая балерына — Аляксандра Чыжык выконвала гэтую партыю падчас прэм'еры — круціць фуэтэ (прафесія такая), не асабліва задумваючыся пра складанасці жыцця, не звяртае ўвагі на закаханага Пятрушку. Навошта ёй гэты свойскі прастачок, калі побач ёсць больш перспектыўны замежнік-Арап? Пятрушка пакутуе-пакутуе, ды і даходзіць у сваіх унутраных пошуках да экзістэнцыйных пытанняў. І вось гэта, бадай, самае каштоўнае, што гучыць са сцэны для гледача ХХІ стагоддзя. Гучыць і праз музыку Стравінскага, дзе закладзены ўнутраны дыялог героя з самім сабою (яго нібыта чуеш словамі!), і праз рухі артыста — Алег Яромкін здолеў у гэтым эпізодзе сыграць сапраўдную трагедыю героя-адзіночкі, не падобнага да іншых, якія гатовы падпарадкоўвацца лялькаводу і разыгрываць патрэбны яму сюжэт. Ён імкнецца вырвацца з кола лялек і жыць уласным жыццём, будаваць іншы лёс, радаваць народ, калі яму гэтага хочацца.

Але навошта? Хто яго пра гэта прасіў? Не трэба адступаць ад прынятых сцэнарыяў. Ні народ, што весяліцца на вуліцы, ні калегі-лялькі нават не зразумелі, што гэта было. Тым больш што магутны Факір здольны пазбавіць сілы і ператварыць забіяку ў анучу, якую можна проста цягаць па падлозе, — і ўсе бачаць, што ён ёсць. Але энергія героя (нават пазбаўленага сілы і паніклага) нагадвае пра сябе — ён быў, ён ёсць і калі трэба...

Сумная руская казка. І праўдзівая: дабро, бывае, саступае пазіцыі, але дзеля таго, каб нам яшчэ больш захацелася яго перамогі. І можа быць вось гэтым нашым уласным жаданнем (і тым самым уцягваннем у расповед) кранае гэтая гісторыя цяпер.

Бо з пункту гледжання харэаграфіі яна ілюструе гісторыю балета (тым больш 100-гадовай даўніны), так, значную, адметную, але час узяў сваё і прасунуў гэтае мастацтва далей. І гісторыю «Рускіх сезонаў» мы ўжо не адкрываем: «Пятрушка» стаў трэцім балетам дзягілеўскай трупы, што ёсць у афішы нашага тэатра (дагэтуль Андрысам Ліепам былі адноўленыя «Шэхеразада» і «Жар-птушка»). Але гэты балет паказвае нашых артыстаў, якія здольныя партыю простага Пятрушкі сыграць як зорную трагічную ролю. І ён паказвае асобу, якая вырываецца з кола небыцця (бо якое ж быццё ў скрыні Факіра?) і ўваходзіць у жыццё праз учынак — іх проста не бывае ў стане «небыцця». Ляльку можна выкінуць, а ўчынак не забудзеш.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Жывы, небарака!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.