Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава «Equos. Koń. Конь»


На новай выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі — яна называецца «Equos. Koń. Конь» — можна ўбачыць больш за дзвесце твораў, дзе галоўным аб'ектам, цікавасцю і вобразам з'яўляецца, як ужо зразумела, конь. Экспазіцыя, што працуе з 15 чэрвеня, прадстаўляе жывапіс, скульптуру, графіку і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з калекцый двух музеяў — самога прымальніка выставы і Музея Паўднёвага Падляшша ў Бялай Падлясцы. Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў панядзелак 18 чэрвеня.


Экспазіцыя ўключае ў сябе творы беларускіх, рускіх і еўрапейскіх мастакоў з XVІІ да XXІ стагоддзя і паказвае, у якім выглядзе, у якіх жанрах, на якім фоне і якім чынам аўтары розных часоў, мастацкіх школ і стыляў увасаблялі вобраз каня. Для лёгкасці ўспрымання выстава раздзелена на тэматычныя блокі, якія аб'ядноўваюць у сабе творы з падобнымі сюжэтамі.

«Equos. Koń. Конь» арганізавана пры падтрымцы пасольства Польшчы і Польскага інстытута ў Мінску і чарговы раз прэзентуе калекцыі Падляшша ў Беларусі. Нацыянальны мастацкі музей не ўпершыню супрацоўнічае з Музеем Паўднёвага Падляшша, у свой час у сумесных праектах удзельнічалі таксама Падляшскі музей у Беластоку і Акруговы музей у Сувалках.

У пэўным сэнсе выстава таксама прэзентуе калекцыю з Бялай Падляскі — з музея, які быў заснаваны ў 1924 годзе, але спыніў сваю дзейнасць з-за наступстваў Другой сусветнай вайны. Яго работа была адноўлена ў 1966 годзе, а збор сёння налічвае 2700 экспанатаў. Галоўнымі і найбольш каштоўнымі калекцыямі з'яўляюцца збор ікон XVІІ — пачатку ХХ стагоддзя беларускага, украінскага і рускага аўтарства, а таксама асобны збор «Кані, вершнікі, павозкі ў польскім мастацтве XІX—XX стст.», у якім захоўваюцца творы польскіх мастакоў.

Выстава «Equos. Koń. Конь» будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі да 26 жніўня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Ход канём

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.