Вы тут

Ведзьму выклікалі?


Галоўная гераіня — амаль звычайная дзяўчына Ядзя Лелька. Яна пазначаная знакам «абранасці», бо нарадзілася ад «ведзьмавання» — умее варажыць па руцэ, зазіраць у будучыню, ведае замовы, якімі можа спыніць кроў ці супакоіць хворага. У творы яна ўвасабленне найвышэйшай мудрасці і справядлівасці. А яе антыпод — парачка Віялета і Віктар — наадварот, увасабленне адмоўных якасцяў: прыстасаванства, хітрасці, подласці.


«Мая мілая ведзьма» — такую інтрыгоўную і зваблівую назву мае школьны раман Валеры Гапеева, што пабачыў свет у серыі «Пазакласнае чытанне» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» напрыканцы 2017 года.

Пачынаецца твор з не менш інтрыгоўнай і містычнай сцэны пагоні за незвычайным матыльком і падзення са стромы. Дзея ўрэшце аказваецца сном галоўнага героя, дзесяцікласніка Кірылы. Сон, які паўтараецца, сведчыць пра наяўнасць нейкай даўняй нявырашанай праблемы. Так, «пераследуючы» матылька, і чытач пераасэнсоўвае сваё мінулае, бо тэмы, якія закранае аўтар, актуальныя заўжды і для ўсіх: сяброўства, каханне, пошук сябе і вернасць сабе, штодзённая барацьба за сваё, за тое, каб быць шчаслівым, супрацьстаянне з абыякавым і халодным светам.

Вельмі ўдала аўтар прадумаў сюжэт, у якім пераплятаюцца шматлікія лёсы не аднаго пакалення (маці Ядзі, Ірына — і яе бацька, паэт Матыль, выпадковы бадзяга, — і яго каханая Юля, класная настаўніца Кірылы і Ядзі — і яе каханы, настаўнік фізікі). Філасофія ў творы падказвае юнаму чытачу жыццёвыя ісціны: самы галоўны выбар, які робіць чалавек і які нельга потым выправіць (калі акажацца памылковым), каб не былі ў тое ўцягнуты іншыя лёсы, — гэта выбар спадарожніка. І калі ён зроблены, то нельга вагацца, сумнявацца, верыць чуткам, спыняцца на паўдарогі. Трэба верыць у сябе і свайго чалавека, абараняць яго ад усяго злога, быць яму плячом у неспрыяльным свеце.

І гэта сапраўды істотна. Але ці дапамогуць героі рамана справіцца з праблемамі тыповаму школьніку?

Ідучы па алеі з Кірылам, Ядзя разважае: «...Колькі сучча тоўстага, колькі галін — і ўсе з аднаго камля! Ад аднаго камля да любой галінкі патрапіць можна, а з кожнай галінкі — да аднаго камля. ...У нечым адным можа быць сотня прычын!» То-бок кола няўдач канкрэтнага чалавека мае часта нейкую адну першапрычыну, ад якой, як галіны ад камля, на розных узроўнях разыходзяцца праблемы (няўдачы, хваробы, цяжкасці). Вельмі вобразнае, яскравае параўнанне. Сумнеўна адно: гэта дарослая мудрасць гучыць з вуснаў падлетка, таму атрымліваецца неяк ненатуральна, але ж... Ядзя, як з самага пачатку сама пра сябе кажа, — ведзьма...

Носьбітам мудрасці нечакана выступае і класная настаўніца: «Мы часам робім недаравальнае, тое, чаго рабіць нельга: мы прымаем інфармацыю адзін раз з адной крыніцы — і кіруемся менавіта ёй далей у сваіх учынках. Як бы суддзя адно заслухаў пакрыўджанага — і асудзіў абвінавачанага. ...Мы не ведаем, як насамрэч нешта было, і прымаем рашэнне, зыходзячы з аднаго інфармацыйнага патоку...» Далей прыводзіцца байка пра мудрацоў з завязанымі вачыма і слана, калі кожны апісаў жывёліну са свайго досведу (адзін, памацаўшы хвост, сказаў, што гэта змяя, другі дадаў нешта зусім іншае, але агульнай карціны не склалася). Тут якраз усё да месца: настаўніца прыйшла развітацца. Яна бачыць: першае, светлае, трапяткое каханне Ядзі і Кірылы гіне праз скажона перададзеную фразу і ўпартасць Кірылы і звяртаецца менавіта да яго, але быццам і да ўсіх разам.

Свая мудрасць і ў бадзягі Сяргея. Калісьці ён быў маладым, закаханым, апантаным мастаком, але... перакрэсліў сабе магчымасць творча рэалізавацца. У выніку апынуўся без нічога, выкінуты на вуліцу. Так бывае. «...Толькі за шмат гадоў я зразумеў, што час не можа прыйсці, час ніколі не прыходзіць. Час можа ўсяго прайсці і адысці назаўсёды... Тое дрэнна, што напрыканцы жыцця разумееш урэшце галоўную ісціну: казаць і рабіць трэба тады, калі ты хочаш тое казаць і тое рабіць, а не тады, калі з’явіцца магчымасць. А іначай — усё пад адхон...» — дзеліцца ён з кампаніяй падлеткаў.

Напісаны раман сучаснай мовай, на якой размаўляе моладзь, з адпаведным спецыфічным слэнгам у дыялогах — аўтар быццам нябачна прысутнічаў на іх «тусах». Гэта твор пра сучаснасць, нават у дробязях. Вуснамі школьнікаў перададзена наша рэчаіснасць:

«—...Сёння многія выдаюць свае кніжкі за свае грошы, паэтаў шмат, а чытачоў практычна няма. То і не ведаюць нават адзін пра аднаго. Табе варта звярнуцца да старшыняў абласных аддзяленняў... і абодвух саюзаў пісьменнікаў.

— Абодвух?

— Ну так, у нас два саюзы пісьменнікаў.

— А што, у адным усім месца не хапіла?»

Сюжэт дынамічны, з першай старонкі не адпускае. Па-майстэрску пераплятаюцца і юначыя роздумы над жыццём, і апісанні, і размовы.

І ўсё ж адзіны момант падаецца спрэчным. Тое, што галоўная гераіня Ядзя — ведзьма. Бо панятак гэты мае вельмі неакрэсленыя межы, нягледзячы на тое, што паходзіць ад кораня «ведаць». Каго ў вёсках лічылі ведзьмамі? Хто можа неабмежавана па ўласным жаданні рабіць зло іншым: сурокі, заломы на жыце, каб карова малако перастала даваць і да таго падобнае. Каб стаць ведзьмай ці ведзьмаком, трэба заключыць дамову з д’яблам, зрабіць настолькі жудасныя ўчынкі, пасля каторых няма шляху назад, у нармальнае жыццё, нават калі прыйдзе раскаянне. А яшчэ, згодна з фальклорам, ведзьмы ладзяць шабашы, удзельнічаюць у ахвярапрынашэннях, займаюцца рознымі вычварэнствамі... І вельмі пакутна паміраюць — нават дах у той хаце даводзіцца разбіраць, каб хутчэй вызвалілася грэшная душа...

Аўтар на прыкладзе Ядзі ідэалізуе паняцце ведзьмы. Але... ці варта гэта рабіць у рамане для школьнікаў? Тым больш што тыя незвычайныя здольнасці, якімі яна валодае, маглі б у яе і так быць — без вядзьмарства. Мудрая і разумная — бо жыццё так склалася: больш, чым звычайныя дзеці, задумвалася над сусветнымі праблемамі (не атрымліваючы ад таты, якога не было, гатовых адказаў). Ведала, як правільна кроў спыніць і супакоіць узнерваваную хворую жанчыну, бо рыхтавалася займацца медыцынай ці назірала за працай мамы, якая магла б быць не настаўніцай, а доктарам. То бок, каб юнаму чытачу было зразумела: усе станоўчыя якасці галоўнай гераіні можна развіць праз нястомную работу над сабой, цярпенне, мэтанакіраванасць, веды. Усё ж жанр твора — раман, а не фэнтэзі...

Яна БУДОВІЧ

Каментары

Дзякуй шчыры за артыкул. Вельмі прыемна, чаго хаваць. З адным мушу не пагадзіцца катэгарычна) Беларуская ведзьма ніякіх шабашаў не ладзіла, вычварэнствамі не займалася, тым больш ахвяпрынашэнняў не рабіла. Тое - уплыў заходняй літараутры разам з хрысціянствам. У нашым фальклоры ніякіх падобных уласцівасцяў ведзьмы няма (зноў жа, яшчэ і тут улічым уплыў хрысціянства на фальклор, якое дэманізавала ведзьму, зрабіла яе цалкам інфернальнай істотай) чытаем хоць тут http://nashkraj.info/vedzma-u-mifalagichnaj-tradytsyi-gomelshchyny/ Дарэчы, рабіць сурокі - на тое любая жанчына здольная, абы ведаць, як робіцца)
Яшчэ раз публікую водгук, пісаны колькі дзён таму для "Цудоўні" (https://vk.com/cudounia; facebook.com/cudoubia). Пяць раніцы. Апошняя старонка дачытаная, за спінай булькаціць чайнік, бо спаць не хочацца, перад вачыма - вобраз, намаляваны апошнімі строчкамі "Маёй мілай ведзьмы". Светлы, добры такі, крышачку шчымлівы. І хочацца падзяліцца, бо карціць. Карціць расказаць, што кніжка файная, сапраўды. Што апошняя сотня старонак чыталася, бо не здолеў сябе адарваць ад гісторыі, не хацелася спыняцца, нягледзячы на сярэдзіну ночы і працоўны дзень наперадзе. Што з нецярпеннем чакаў моманту, калі адкрыю яе, недачытаную ўчора, каб проста прачытаць пару старонак перад сном, а вось яно як атрымалася і... І што не хочацца працягу. Бо твор завершаны. Завершаны проста і смачна, так, што з палегкай і ўсмешкай глядзіш на вокладку і думаеш свае думкі, якіх пасля прачытання з'яўляецца багата. І думкі гэтыя мне здаюцца вельмі правільнымі. І, ведаеце, сваімі. Не навязанымі аўтарам, а сваімі. І гэта - вельмі прыемнае адчуванне. Кніжка адрасаваная быццам бы падлеткам, але ж я столькі за свое жыццё бачыў і сам быў удззельнікам сітуацый, апісаных і патлумачаных у ёй простай і зразумелай мовай, што наважуся раіць яе усім, каму больш за дванаццаць гадоў і хто мае такія-сякія праблемы ў разуменні паводзінаў людзей вакол: бацькоў, дзяцей, сяброў, каханых. Кніжка не дае адказаў, яна падказвае. І нагадвае, што трэба глядзець шырока, з розных ракурсаў, крыху думаць і быць сабой. Тое, пра што я асабіста дык дакладна перыядычна забываю. А я ніколі не лічыў сябе ўнікальным у сваіх праблемах) І са свайго боку адназначна хачу, каб "Мая мілая ведзьма" засталася жыць на маіх паліцах, каб яна трапіла ў рукі маім дзецям. А тое, глядзіш - і сам калі перачытаю, бо трэба ж, каб нешта часам нагадвала пра простыя рэчы, на каторыя мы ўсе маем уласцівасць з зайздроснай перыядычнасцю забывацца. І яшчэ хочацца дадаць. Ведаеце, часта бывае, шукаеш нешта пра кніжку, каб зразумець ейную вартасць, а няма ну нічагусечкі. І не разумееш, ці каштуе яна твайго часу, ці каштуе хоць якіх грошай. І не знойдзеш водгукаў. Дык давайце дзяліцца ўражаннямі пра прачытаныя кніжкі, хоць на сцяне суполкі, хоць дзе. Дапамагайма адно аднаму абіраць годнае.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.