21 Верасень, пятніца

Вы тут

З дня нараджэння Язэпа Драздовіча спаўняецца 130 гадоў


Яго фенаменальнасць, таленавітасць і ўпартасць, як падкрэсліваюць мастацтвазнаўцы, паўплывалі на развіццё нацыянальнага Адраджэння. У Нацыянальным мастацкім музеі да юбілею майстра падрыхтавана экспазіцыя «Сусвет Язэпа Драздовіча», якая будзе даступна гледачам аж да канца года.


Настолькі маштабна творчасць мастака дэманструецца ўпершыню: у залах выстаўлена больш за семдзесят твораў — жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — з шасці музеяў. Выстаўка ў тым ліку прысвечана аднаму з першых даследчыкаў творчасці Язэпа Драздовіча Арсеню Лісу.

Язэп Драздовіч быў сапраўдны народны філосаф — аўтар адных з першых прызнаў сябе менавіта беларускім мастаком, яго творчая спадчына звязана і з этнаграфічнымі вандроўкамі па Беларусі, і з гісторыяй краіны, і з касмічнымі замалёўкамі. На ўваходзе, напрыклад, размешчаны ваенны аўтапартрэт 1943 года, дзе аўтар паўстае трохгаловым, паказваючы свае жыццёвыя іпастасі: выкладчыка-мастака, астранома і краязнаўца.

— Калі б была магчымасць, яму можна было б дамаляваць яшчэ некалькі галоў, таму што ён сапраўды унікум, — кажа мастацтвазнавец, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава. — Бо ён жа і археолаг, і этнограф, і нават хірамант. Такіх людзей у 1920‑я гады называлі «культурнікамі». Ён ствараў рэльефы на дрэве, пасля якіх мастака сталі называць яшчэ і скульптарам. Гэта быў самабытны творца, які бачыў свет асаблівым, шматузроўневым.

Творчы шлях Язэп Драздовіч пачынаў з графікі, ствараў партрэты беларускіх князёў, дзе вельмі старанна прапрацоўваў кожную дэталь, пісаў вочы чалавека вялікімі і выпуклымі (па гэтым Драздовіча і пазнавалі).

Многія работы захаваліся, таму што іх купляў Беларускі музей Івана Луцкевіча ў Вільні. У 1941 годзе музей закрылі, у выніку работы трапілі ў Акадэмію навук Беларусі, у мастацкі і гістарычны музеі. На выстаўцы прадстаўлены і жывапісныя гістарычныя палотны з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры, напрыклад «Выгнанне народнага князя» альбо «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», якія выстаўляліся вельмі рэдка. Тут жа шаржавана-карыкатурныя творы, праз якія Драздовіч высмейваў прагнасць і меркантыльнасць. Адной з галоўных адметнасцяў экспазіцыі з'яўляецца серыя твораў, прысвечаных Францыску Скарыну.

Язэп Драздовіч ствараў ілюстрацыі для многіх выданняў, у тым ліку для газеты «Наша ніва». Спачатку мастаку плацілі добра, а пасля сітуацыя змянілася, і трэба было шукаць, дзе зарабляць на хлеб. Пры Беларускім музеі Івана Луцкевіча Язэп Драздовіч стварыў невялікі кіёск сувеніраў, дзе рэзаў драўляныя кіі, якія карысталіся вялікім поспехам. Некалькі кіёў прадстаўлена на выстаўцы.

Карціна «Прарок» — фактычна адна з першых работ беларускага сімвалізму: акно байніцы, выразанае па форме сілуэта прарока, праз якое глядач бачыць акно да нябеснага горада. Калі творца адаслаў некалькі такіх карцін у «Нашу ніву», яму адказалі, што сімвалізм нікому не цікавы і не зразумелы, і папрасілі дасылаць ілюстрацыі і краязнаўчыя замалёўкі. Драздовіч хацеў зрабіць выстаўку сімвалічных работ, але нават блізкія і сябры яго не падтрымалі. Гэта сумны факт біяграфіі творцы: ён лічыў сябе адзінокім.

— Язэп Драздовіч ніколі не меў сям'і. Толькі аднойчы, калі выкладаў у гімназіі, закахаўся ў сваю вучаніцу Жэнечку і нават вырашыў пасватацца да яе, — расказвае Надзея Усава. — Але бацькі дзяўчыны сказалі, што ён вельмі дзіўны, і забаранілі дачцэ ісці за мастака. З таго моманту творца больш не спрабаваў уладкаваць асабістае жыццё і не думаў пра наладжванне побыту. Ужо за савецкім часам яму далі дом і карову, а ён не ведаў, што з гэтым рабіць. Шмат часу пражыў у сям'і братоў, часта вандраваў па вёсках. За дзень мог праходзіць па пяцьдзясят кіламетраў пешшу. Яму падабалася мяняць уражанні, гутарыць з людзьмі. У многіх дамах яго ведалі і кармілі. Быў жаданым госцем і часта начаваў у адрынах, дзе збіраліся дзеці, і ён расказваў ім гісторыі пра Сусвет.

Больш за ўсё Язэп Драздовіч вядомы як чалавек, які першы — у пачатку 1920–1930‑х гадоў — пачаў пісаць іншапланецян. Пасля таго як яго звольнілі з гімназіі з‑за працоўнай спрэчкі, ён пасяліўся ў Вільні, пачаў хадзіць у бібліятэку і вывучаць кнігі па астраноміі. Мог уваходзіць у стан трансу і казаў, што падчас астральных падарожжаў лётаў над планетамі і бачыў, як яму махалі рукамі іншапланецяне. Замалёўваў убачанае, ствараючы фантазійную ўтопію.

Напрыканцы жыцця мастак вельмі хацеў сабраць свае творы, каб арганізаваць выстаўку. Аднак не паспеў. У 1954 годзе яго знайшлі хутаране на дарозе без прытомнасці. Ён памёр у забыцці ў сельскай лякарні. Пахавалі Драздовіча ў Ліплянах.

Праз пяць гадоў пасля яго смерці быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі, праз сем гадоў паляцеў у космас першы чалавек, а праз пятнаццаць — людзі ступілі на паверхню Месяца, як мастак і прадказваў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Іншапланецяне махаюць рукой

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!