Вы тут

Беларускія мастакі ўзялі ўдзел у дабрачыннай акцыі «Любоў дзейнічае»


Мастацтва валодае неверагоднай сілай: можа супакоіць ці, наадварот, абудзіць да дзеяння, можа дапамагчы знайсці адказ на складанае пытанне, а можа і выратаваць жыццё. У галерэі-салоне «Арт Хаос» ажыццявілі праект «Любоў дзейнічае», асноўная мэта якога — збор грашовых сродкаў на дабрачынныя патрэбы ад продажу мастацкіх твораў беларускіх аўтараў.


Праект з самага пачатку атрымаў водгук з боку айчынных творцаў. Лейтматывам усяго мерапрыемства была думка аб тым, што мастацтва можа быць не толькі творчым актам майстра, але і сацыяльна адказным учынкам. На выстаўцы было прадстаўлена каля трыццаці мастацкіх твораў. Некалькі работ прадставіла жонка мастака Рамана Кароткіна, які сем гадоў таму памёр ад анкалагічнага захворвання.

— Ад пачатку адкрыцця галерэі мы практыкуем дабрачынныя акцыі. Толькі спярша яны ладзіліся ў вузкім фармаце — продаж адной карціны. Потым мы вырашылі пашырыцца і арганізавалі больш маштабнае мерапрыемства, — расказвае дырэктар галерэі-салона «Арт Хаос» Лілія Лукашэнка. — З мастакамі работа атрымалася зладжаная і арганізаваная. Мы тэлефанавалі ў асноўным тым аўтарам, з якімі працуем. Усе ахвотна згаджаліся. А потым інфармацыя пра наш праект разляцелася па арт-супольнасці, і майстры тэлефанавалі самі, прапаноўваючы выставіць творы. Да пачатку праекта на сайце былі размешчаны работы, і іх можна было забраніраваць. На момант адкрыцця выстаўкі ўсе работы, прадстаўленыя мастакамі, былі выкупленыя. Мы спецыяльна арганізавалі працэс продажу загадзя, каб на адкрыцці мець канчатковы вынік і разумець, якой колькасцю сродкаў можам дапамагчы.

Атрыманыя сродкі будуць накіраваныя дзвюм арганізацыям: Фонду дапамогі дзецям у гонар святога Іаана Рускага, які падтрымлівае дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, і сацыяльна-дабрачыннай установе з Гродна «Цэнтр дапамогі жыцця», якая аказвае паліятыўную дапамогу людзям з анкалагічнымі захворваннямі.

У праграме ўзялі ўдзел дзеці з асаблівасцямі развіцця, быў паказаны фрагмент спектакля «Маленькі прынц» тэатра «Радасць» пад кіраўніцтвам акцёра Рускага драматычнага тэатра імя А. М. Горкага Аляксандра Ждановіча. Вельмі важна, што ў дзяцей была магчымасць асабіста падзякаваць арганізатарам, мастакам і пакупнікам. Гэта той самы выпадак, калі дабрыня яднае, зараджае веру ў жыццё, дапамагае ўпарта ісці да сваёй мэты.

— Гэта незвычайны праект. Ён атрымаўся эмацыянальны і шчыры. Наведвальнікі, гледзячы на выступленні дзяцей, на дапамогу якім будуць накіраваны дабрачынныя сродкі, пранікаліся дабром. Мне здаецца, нават пераасэнсавалі ў гэтыя хвіліны сваё жыццё, — падкрэслівае Лілія Лукашэнка. — Мы і далей будзем арганізоўваць дабрачынныя выстаўкі, тым больш што ў нас ужо ёсць станоўчы досвед і падтрымка мастакоў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Акцэнты дабрыні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сотні тысяч юных беларусаў атрымаюць пуцёўкі на аздараўленне

Сотні тысяч юных беларусаў атрымаюць пуцёўкі на аздараўленне

Самыя яркія ўспаміны дзяцінства ў многіх — паездкі ў дзіцячы лагер.

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.

Грамадства

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Гэтымі днямі споўнілася 75 гадоў, як знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседняй Вулькі Гарадзішчанскай. 

Эканоміка

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Правілы гульні ў крэдыты змяніў Нацыянальны банк краіны.