19 Верасень, серада

Вы тут

У Мінсельгасхарчы расказалі пра перспектывы паставак на рынак КНР


Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло паведаміў, што сёлета за пяць месяцаў з пачатку года экспарт мясной прадукцыі вырас на 15 %. За гэты перыяд краіна прадала за мяжу мяса-малочнай прадукцыі на суму каля $1,2 млрд, з якіх каля $800 млн было атрымана за «малочку». Колькасць паставак у КНР павялічылася ў пяць разоў.


Дыверсіфікацыя за кошт Азіі

У 2017 годзе экспарт мяса-малочнай прадукцыі Беларусі склаў $3,1 млрд. Важнай задачай для беларускіх сельгасвытворцаў застаецца дыверсіфікацыя паставак. Гэта азначае зніжэнне долі расійскага рынку ў агульным аб'ёме экспарту прадукцыі жывёлагадоўлі. Па выніках мінулага года доля Расіі ў агульным аб'ёме экспарту малочнай прадукцыі складала 90,3 %, а сёлета за пяць месяцаў яна знізілася да 82,7 %.

«Мы змаглі дасягнуць гэтага за кошт выхаду на рынкі новых краін. Мы выходзім на рынкі Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Еўропы. У гэтым кірунку вядзецца вельмі сур'ёзная работа», — растлумачыў Ігар Брыло.

Усяго за пяць месяцаў сёлета краіне ўдалося экспартаваць малочную прадукцыю ў 39 краін, мясную — у 16. Адным з цікавых напрамкаў з'яўляецца Кітай. «У цэлым беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў студзені — маі экспартавана на кітайскі рынак на суму каля $10 млн», — паведаміў Ігар Брыло. У КНР адбыліся першыя пастаўкі беларускай ялавічыны. У планах — экспарт мяса птушкі.

Пры гэтым пастаўшчыкі адзначаюць, што кітайскі рынак застаецца досыць складаным напрамкам. На ім неабходна правесці сур'ёзныя маркетынгавыя даследаванні і дамагчыся пазнавальнасці беларускай прадукцыі.

Тэхналогіі як тавар

«Акрамя таго, мы будуем малочнатаварную ферму на Сахаліне. Плануем запусціць яе сёлета. Жывёла ўжо адобрана, цяпер прапрацоўваюцца пытанні яе дастаўкі», — дадаў намеснік міністра.

Ён расказаў, што ў краіне ёсць добрыя прыклады ўкаранення ізраільскіх, чэшскіх, дацкіх тэхналогій у сферы жывёлагадоўлі. «Ізраільскі бок праяўляе цікавасць да будаўніцтва ў Беларусі селекцыйна-генетычнага цэнтра ў галіне свінагадоўлі. Зараз рыхтуецца некалькі цікавых праектаў з КНР у Віцебскай вобласці — гэта датычыцца малочнатаварных фермаў», — рэзюмаваў Ігар Брыло.

Але карміць трэба лепш

Аднак у краіне ёсць і шэраг праблем, якія неабходна вырашыць у найбліжэйшай перспектыве. Перад аграрыямі пастаўленыя амбіцыйныя задачы ў рамках праграмы па развіцці аграрнага бізнесу да 2020 года. Калі па выніках 2017 года выраблена крыху больш за 7 млн тон малака, то да канца праграмы гэты паказчык павінен дасягнуць 9,2 млн тон. Выйсці на такі вынік неабходна за кошт павелічэння прадукцыйнасці і колькасці жывёлы.

«Упершыню летась удалося выйсці па ўдоях на карову на 5 тысяч кг малака. Але гэта не мяжа і неабходна цяпер дайсці да параметра ў 6 тысяч кг. Патэнцыял беларускіх жывёл складае 7 тысяч і вышэй. На асобных прадпрыемствах краіны гэты паказчык дасягае звыш 10 тысяч кг на карову», — адзначае першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН па жывёлагадоўлі Іван Шайко.

Спецыяліст дадаў, што малако гарантавана застаецца на высокім узроўні якасці ў межах удояў у 7,5 тысячы кг малака на карову, а ўжо далей — якасць можа губляцца.

Рост якасці і ўдояў магчымы толькі пры захаванні тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, што, па словах навукоўца, у нашай краіне адбываецца далёка не заўсёды.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Экспартны партфель для Кітая

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.