Вы тут

Сюжэт знакамітага фільма, расказаны сродкамі балета


Як вядома, па венах жанчын цячэ трагедыя, і новая пастаноўка Музычнага тэатра гэта пацвярджае. Нават больш: балет Алега Хадоскі «Тытанік» — прэм'ера адбылася 12 і 13 ліпеня — гэтай жаночай якасцю абумоўліваецца. Таму што не было б невытлумачальных драматычных прыпаданняў галоўнай гераіні да сцяны — не было б падстаў для фатальных матываў у музыцы, халоднай пагарды і гарачых абдымкаў у харэаграфіі, пачуцця незваротнасці ў ледзяным візуальным абыгрыванні катастрофы. У рэпертуары тэатра такім чынам з'явіўся відовішчны балет, які распавядае знакамітую гісторыю перапыненага кахання, — і гэта, праўда, пачуццёва, прыгожа, драматычна. Але.


Услед за прэм'ерай спектакля з нацыянальным вектарам (не так даўно на гэтай жа сцэне ўпершыню паказалі пастаноўку «Жыццё і смерць Янкі Купалы») Музычны тэатр пераключыўся на сюжэт інтэрнацыянальны. Самы шырокавядомы з патанулых караблёў Тытанік неаднаразова станавіўся месцам дзеяння мастацкіх твораў. Стаў і гэтым разам, хоць тут маецца на ўвазе нават не знакамітае судна, а знакамітая гісторыя, напісаная і ўвасобленая рэжысёрам Джэймсам Кэмеранам у адным з самых паспяховых фільмаў свету. Бюджэт карціны «Тытанік» склаў дзвесце мільёнаў долараў, яна атрымала адзінаццаць статуэтак «Оскар», больш за дзесяць гадоў лічылася самым касавым фільмам сусветнага кінематографа. Хто не ведае, як аднойчы на караблі, што павінен патануць, успыхнула каханне дзяўчыны з вышэйшага саслоўя, якая збіраецца выйсці замуж за заможнага мужчыну, з простым хлопцам з трэцяга класа.

Музычны тэатр узяўся за тэатральнае ўвасабленне фільма «Тытанік» сродкамі музыкі, харэаграфіі і мастацкай пастаноўкі, гэта значыць, нічога новага, на жаль, не стварыў. Ні сюжэта, ні прачытання, ні нязвыклых сэнсаў — наадварот рызыкнуў прадставіць шматузроўневую гісторыю Джэймса Кэмерана ў прыкладнай схеме, магчыма, дастатковай для прыгожых танцаў на сцэне, але якой усё яшчэ не пашкодзілі б метафары, падтэксты і глыбіня.

Я б нават сказала, што гэта нармальна, усё ж такі балет — у першую чаргу пра іншае: пачуццёвую музыку, пластыку, страсці. Сапраўды, магчымасці самой гісторыі тут другасныя, а «Тытанік» ператвараецца ў спектакль для асалоды: усім вядомая любоўная драма вельмі прываблівае, музыка Алега Хадоскі дазваляе прыйсці ў тэатр толькі каб заплюшчыць вочы і слухаць (дырыжор-пастаноўшчык — Марына Траццякова), складаная харэаграфія дэманструе любоўны тандэм (балетмайстрам-пастаноўшчыкам стаў Сяргей Мікель), усё гэта ўвасабляецца ў эстэтычна якасных сцэнах (мастак-пастаноўшчык — Любоў Сідзельнікава і мастак па святле — Сяргей Азяран).

І ўсё ж ёсць у гэтым варыянце «Тытаніка» некаторыя праблемы. Тое, што большасць гледачоў, я ўпэўненая, памятаюць фільм, іграе і на руку пастаноўшчыкам, і супраць іх. Знакамітая катастрофа, нават больш за тое, асацыюецца з сюжэтам Кэмерана, таму любая адсылка да кінакарціны нараджае ў памяці цудоўную любоўную драму і прымушае звярнуць на сябе ўвагу. «Тытанік» Алега Хадоскі — не проста адсылка да фільма, а відавочны амаж «Тытаніку» Джэймса Кэмерана, ад сюжэта да прамой варыяцыі песні Селін Дыён «My Heart Wіll Go On». Музычны тэатр можа ўмела выкарыстаць гэта для запаўняльнасці залаў: увасабленне ў тэатры любімага (і, галоўнае, паспяховага) гледачамі фільма сапраўды прыцягвае ўвагу.

Праўда, калі гэтае новае ўвасабленне бачыш на свае вочы — прыходзяць іншыя пачуцці. Фільм «Тытанік» становіцца не проста прывабным арыентырам, а больш дасканалым творам. І хоць «в одну телегу впрячь не можно коня и трепетную лань», параўнанне ўзнікае непазбежна. Мы бачым, як шмат відаў мастацтва цудоўна абыгрываюць «Тытанік» на тэатральнай сцэне, але вонкавая прыгажосць наўрад ці здольная кампенсаваць збядненне вядомай гісторыі і яе часам дзіўнае, без зразумелай матывацыі, цячэнне.

Мы надта шмат і надта добра памятаем фільм Кэмерана. І мы надта дрэнна разумеем прычынна-выніковыя сувязі балета Алега Хадоскі. Спрашчэнне перайшло межы: галоўная гераіня Маргарэт з'яўляецца на караблі з жаніхом і раптам дэманструе яму сваю незадаволенасць. Дзяўчына самазабыўна пакутуе, прыпадае да сцяны, адважваецца на самагубства. Усё так імкліва адбываецца, што сам балет не паспявае растлумачыць свае падзеі і ставіць, здаецца, на жаночую схільнасць да драматызавання і ахвочасць гледачоў да страсцей, кахання і трагічнага фіналу. Праўда, «вонкавасць» пастаноўкі настолькі вялікая, што нават пачуццямі праз прапанаваныя інструменты заражаешся са скрыгатам.

У самы фатальны момант Маргарэт сустракае Джэймса, які не дае ёй сігануць у ваду, з чаго пачынаецца іх гісторыя кахання — тыя ж танцы на палубе трэцяга класа, пасцельная сцэна і ўцяканне ад жаніха. Толькі што культавую сцэну з разведзенымі рукамі на карме не абыгралі.

Усё гэта выглядае прыстойна, а не банальнымі істэрыкамі і капрызамі толькі дзякуючы бэкграўнду, дзе значыцца прагляд фільма. Каханне, трэба сказаць, на сцэне Музычнага тэатра становіцца сапраўды прыгожай гісторыяй праз музыку, далікатныя рухі і сіні колер. У момант катастрофы ў яго нават можна паверыць, гледзячы на тое, як страстна і шматразова Маргарэт у мітусні скача на Джэймса.

На «Тытанік» прыемна глядзець, глядзець і слухаць. І хоць вонкавая эстэтыка мае надзвычайнае значэнне, за ёй у гэтым выпадку абсалютнае і «папсовае» запазычанне, непрапрацаваная логіка паводзін і неапраўданыя страсці. А ўсё, што не імкнецца да новага, базуецца на чужым поспеху, не дае нічога апроч прыгажосці, застаецца духмянасцю адной хвіліны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Яўгеніі Спруць

Загаловак у газеце: Духмянасць адной хвіліны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.