Вы тут

Па сцяжынах Алеся Бачылы


Сёлета, як вядома, споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, пісьменніка, драматурга і грамадскага дзеяча Алеся Бачылы.


Вясной гэтага года Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў літаратурны конкурс «Радзіма мая дарагая», прысвечаны памяці А. Бачылы. Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў лютым 2018 года падчас Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Мінску. Там жа была агучана прапанова ініцыятыўнай групы землякоў А. Бачылы аб правядзенні другой часткі мерапрыемства, прысвечанага памяці паэта, на яго малой радзіме — у вёсцы Лешніца Голацкага сельсавета. Прапанова была падтрымана Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а ў далейшым — і Пухавіцкім райвыканкамам, мясцовай уладай.

— Юбілей знакамітага земляка стаў нагодай для таго, каб яго родная вёска атрымала новае дыханне, — распавёў адзін з лешніцкіх арганізатараў свята Віктар Ажаронак. — Вяскоўцы вельмі старанна рыхтуюцца да сустрэчы гасцей. Іх дамы, падворкі прыгажэюць на вачах. Будзем рады ўсім, хто захоча прайсціся па роднай вуліцы Алеся Бачылы, удыхнуць водар лешніцкага лета.

Сярод удзельнікаў свята будуць сваякі Алеся Бачылы, дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомыя ўраджэнцы вёскі Лешніца — Герой Сацыялістычнай працы, былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Баркун, былы дырэктар музея Вялікай Айчыннай вайны Генадзь Баркун, вядомы расійскі дыпламат, былы пасол Расіі ў Румыніі і Венгрыі Аляксандр Толкач.

Падрыхтавана вялікая культурная праграма з ушанаваннем лепшых жыхароў вёскі. Будуць гучаць вершы Алеся Бачылы, сучасных паэтаў. Вядомыя артысты выканаюць свае лепшыя песні пра любоў да Радзімы.

Усе ўдзельнікі свята разам праспяваюць самы душэўны твор Алеся Бачылы «Радзіма мая дарагая». Свята вёскі Лешніца стане яшчэ адным яркім прыкладам значнасці малой радзімы ў лёсах многіх людзей.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.