25 Верасень, аўторак

Вы тут

Часопіс для дзяцей і бацькоў прапануе вучыцца разам і адкрываць таленты


Першы ў Беларусі глянцавы часопіс для дзяцей і бацькоў прапануе вучыцца разам і адкрываць таленты.

Яшчэ нядаўна новы часопіс «ДОМІК» нельга было знайсці ў газетных шапіках, але з ліпеня ўжо ёсць магчымасць аформіць падпіску і праверыць на свой густ, што прапануе айчынны глянец сучасным падлеткам. А каб гэты выбар быў свядомы, «Звязда» папрасіла рэдактара часопіса Анастасію РАДЗІКЕВІЧ правесці экскурсію па старонках выдання і расказаць, каго і чым яно можа зацікавіць.


— Мы доўга выношвалі ідэю часопіса для падлеткаў, уклаўшы сэнс у кожную літару. «ДОМІК» — гэта па-руску Дзеці, Адзенне, Мода, Мастацтва і Кнігі, — адзначае Анастасія Віктараўна. — Мы пастараліся максімальна прадумаць стратэгію і стварыць нешта, чаго яшчэ няма ў Беларусі. На выхадзе ж атрымалася нешта такое, чаго яшчэ няма ў свеце: з аднаго боку, мы падтрымліваем якасны фармат глянцу, а з другога боку — часопіс, арыентаваны не на забавы, а на духоўнае развіццё і эстэтычнае выхаванне. Спачатку разлічвалі на аўдыторыю 8+, але паступова прыйшлі да лічбы 12+, і, напэўна, на ёй і спынімся. Чаму вагаліся з лічбамі? Бо для 6-8-гадовых дзяцей усё ж цікавыя больш лёгкія тэмы: разнастайныя анкеты, казачныя героі, а падлеткам і іх бацькам будуць карысныя рубрыкі па доглядзе за сабой, па падборы гардэробу, па прыняцці сябе і ўсталяванні асабістай прасторы, інтэрв'ю з педагогамі — кіраўнікамі дзіцячых студый і г. д.

— Я «пратэсціравала» часопіс на ўласнай дачцэ. Як ні дзіўна, яна затрымала погляд не на прыгожых фотасесіях дзяцей-мадэляў, не на модным аглядзе, а на матэрыялах пра інклюзію, пра дзіцячыя творчыя гурткі, гістарычных замалёўках. Наколькі важныя для часопіса матэрыялы адукацыйнага, асветніцкага кшталту?

— Нам вельмі хочацца паказаць усё найлепшае, што ёсць у Беларусі. І гэта далёка не толькі дзіцячы мадэлінг, а перадусім таленавітыя дзеці і калектывы. Няхай яны будуць прадстаўленыя не на вокладцы часопіса, але ўнутры — абавязкова, пра іх трэба расказваць. Шмат увагі мы ўдзяляем і творчым конкурсам: адны арганізуем самі, у другіх удзельнічаем або падтрымліваем іх удзельнікаў і лаўрэатаў, каб іншыя дзеці таксама зацікавіліся і не толькі назіралі, а паспрабавалі самі заняцца чымсьці новым.

— З першага пілотнага выпуску мінула ўжо больш за паўгода. Якой была зваротная сувязь за гэты тэрмін, як ацанілі часопіс самі чытачы: мо, прапанавалі новыя рубрыкі або выказалі заўвагі?

— На сёння зваротная сувязь фарміруецца ў асноўным праз электронную пошту і сацыяльныя сеткі. Напрыклад, у Іnstagram без аніякай накруткі і рэкламы колькасць падпісчыкаў перавысіла 1000 чалавек. Пішуць бацькі і самі дзеці, і, напрыклад, менавіта з іх падачы змянілася калонка псіхолага — мама дваіх сыноў, бізнес-псіхолаг Вольга Паўлава-Сакалова, робіць не павярхоўную, тыповую для глянцу, рубрыку, а дае канкрэтныя і карысныя парады па сітуацыях, якія насамрэч хвалююць нашых дзяцей.

У нас наогул падабралася вельмі добрая каманда. Так, мне ўдалося ўгаварыць на гэты праект былога рэдактара часопіса «Горад жанчын» Марыю Сталярову, якая ведае, як рабіць часопіс і як рабіць PR. Учарашняя таленавітая студэнтка Эліна Сапожнікава стала рухавіком ідэй і выдатным шэф-рэдактарам — як мы жартуем, таму, што сама не так даўно была падлеткам і тонка адчувае аўдыторыю. У кожным нумары яна задае тон у «Словах рэдактара», якія заўжды ў тэму і да месца, а ў рубрыцы «Хэнд-мэйд» расказвае, як зрабіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Мастак Дзіяна Каласовіч праводзіць захапляльныя экскурсіі ў свет жывапісу: расказвае пра розныя стылі, дапамагае лепш разабрацца ў мастацтве. Рубрыку «Кнігі» вядзе Таццяна Славінская-Пузырэвіч і робіць не проста падборку сучасных кніг, а такі грунтоўны і цікавы літаратурны агляд, што хочацца бегчы і проста зараз запоем прачытаць іх усе! Не выпадкова ў «ДОМІКу» адведзена два развароты на кніжныя рэцэнзіі — нам цікавыя дзеці, якія шмат чытаюць і гэтым робяць сабе выдатны інтэлектуальны падмурак на будучыню...

— Глянец — заўжды дарагая гісторыя, як для саміх выдаўцоў, так і для чытача. Нядаўна вы нарэшце атрымалі ўласны міжнародны код ІSSN і падпісны індэкс. Колькі будзе каштаваць асобнік?

— 10 рублёў. Але, паверце, мы адпрацуем кожны рубель. Бо «ДОМІК» можна чытаць з вокладкі да апошняй старонкі, як добрую беларускую кнігу, выкарыстоўваць як навучальны дапаможнік па эстэтыцы і наогул духоўнаму развіццю, весці падшыўку, у якой і дзеці, і бацькі заўжды знойдуць шмат карыснага.

— Заснавальнікамі часопіса выступілі мужчыны, а аўтары — пераважна дзяўчаты... Ці будуць з'яўляцца аўтары-мужчыны і больш «хлапечыя» тэмы, накшталт гаджэтаў, гіраскутараў, сучасных кірункаў спорту?

— Гіраскутары і гаджэты, дарэчы, у нас ужо былі, — смяецца Анастасія. — А мужчыны як стаялі каля вытокаў часопіса, так і цяпер дапамагаюць яго рабіць, проста робяць гэта не навідавоку. Галоўны рэдактар «Вясёлкі» Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі ўвесь час побач, ён цвёрда трымае беларускую лінію і трапна заўважае, калі нейкіх тэм не хапае. Што да аўтараў... Складанасць нават не ў тым, каб знайсці мужчын-аўтараў (нам піша, напрыклад, вельмі цікавы аўтар з Расіі, і наогул часта мужчынскія матэрыялы адрозніваюцца большай глыбінёй і іншым, свежым падыходам), а ў тым, каб новы аўтар «трапіў» у агульны кірунак часопіса, здолеў узяць такія тэмы і расказаць іх такой мовай, каб гэта было цікава падлеткам. Мы, дарэчы, у пастаянным пошуку і заўжды адкрытыя да супрацоўніцтва: калі ласка, прыходзьце ў рэдакцыю, давайце знаёміцца і прыдумляць новыя рубрыкі!

— Ці ёсць сярод аўтараў самі дзеці?

— Я вам больш скажу: пры рэдакцыі створана дзіцячая рэдкалегія, якую ўзначальвае Злата Качэрва. А з верасня ў часопісе запланаваныя інтэрв'ю з папулярнымі беларусамі — выканаўцамі, артыстамі, спартсменамі, якія будуць рабіць самі дзеці. Першы, з кім ужо дамовіліся, — дзядзя Ваня: гэта добры прыклад паспяховага беларускага спевака, пры тым сем'яніна і бацькі, які адказна выхоўвае дзяўчынку. Мяркую, праект будзе цікавы і для дарослых, і для дзяцей. Падобны эксперымент мы ўжо рабілі: падчас дзіцячых дзён Беларускага тыдня моды замовілі асобна відэакамеру і фатографа, і дзеці спрабавалі браць інтэрв'ю ў дызайнераў, прычым гэта ў іх няблага атрымлівалася. Таксама ў верасні правядзём дадатковы кастынг дзяцей-вядучых, каб інтэрв'ю можна было не толькі надрукаваць, але і выкласці ў сацсетках і на інтэрнэт-сайтах. Безумоўна, у гэтай справе дзецям дапамагаюць бацькі, што вельмі добра, бо мы стараемся пазіцыянаваць часопіс якраз як сямейны, бо ёсць шэраг тэм, якія бацькі мусяць растлумачыць дзецям альбо скарыстаць ва ўласным бацькоўскім досведзе.

— Звярнула ўвагу, што частка матэрыялаў у часопісе — беларускамоўныя.

— І я спадзяюся, што іх доля павялічыцца да 40 %, заяўленых у канцэпцыі. Тут таксама запрашаем да супрацоўніцтва аўтараў — калі ў вас ёсць цікавыя тэксты на тэмы, прыдатныя для часопіса, калі ласка, дасылайце, будзем вельмі гэтаму рады. Ёсць толькі некалькі правілаў: матэрыял павінен быць цікавы, сучасны і адпаведны ўзросту аўдыторыі, на якую мы працуем. Але перадусім — цікавы, прычым не толькі нашаму рэдактару і карэктару, але і прыбіральшчыцы, якая часам дае пагартаць часопіс дзецям і ўнукам і пасля мае што сказаць на пэўныя тэмы.

— Чула, што ў верасні ў вас запланаваная вялікая прэзентацыя. Чаго чакаць цяперашнім і будучым чытачам?

— У верасні выйдзе, лічу, галоўны нумар года: яго аб'ём будзе павялічаны з 64 старонак да 86, прадставім усе праекты, якія не паспелі рэалізаваць за лета, падрабязна раскажам пра нашы студыі і гурткі, якія традыцыйна пачынаюць работу ў новым навучальным годзе. Плануецца новая рубрыка пад умоўнай назвай «Дзіцячыя мары»: раскажам аб тым, пра што марылі і кім хацелі стаць у дзяцінстве вядомыя беларусы — людзі, якія сёння ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у жыцці і могуць служыць пэўным прыкладам для падлеткаў. Хоць, калі шчыра, я лічу, што дзіцячыя мары і памкненні любога чалавека цікавыя і вартыя ўвагі. Бо ў кожнага свой жыццёвы шлях, і важна прайсці яго з высока ўзнятай галавой і застацца чалавекам. Таму, спадары дарослыя, распытвайце сваіх дзяцей пра іхнія мары, адкрывайце ў іх новыя таленты (а неталенавітых дзяцей не бывае!) і хваліце за поспехі. Закамплексаваць дзяцей, прынізіць іх значнасць заўжды знойдуцца ахвотныя, але наша задача — падтрымаць і дапамагчы рэалізавацца.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Ад вопраткі да духоўнасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.