Вы тут

«Я гляджу праз часу дымку...»


Паэтычныя радкі па-рознаму адгукаюцца ў сэрцах чытачоў: хтосьці знаходзіць сугучнасць са сваім унутраным станам, хтосьці ўспрымае алегорыю сучаснасці, а нехта проста атрымлівае асалоду ад мілагучнасці роднай мовы. Таму і рэцэнзіі на адну кнігу могуць быць палярна розныя. У новым зборніку паэзіі Міколы Маляўкі «Сланечнік» Васіль Дранько-Майсюк шукаў падказкі, «як прыручыць Снежную каралеву» («ЛіМ», No 22), а Яўген Хвалей спасцігаў сутнасць любові, адданасці і кахання не толькі праз метафары паэта, але і праз яго няпросты жыццёвы шлях...


У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі» нядаўна выйшла кніга паэзіі Міколы Маляўкі «Сланечнік». У ёй сабраны вершы, санеты, балады, паэма, прытчы, байкі.

Лёс аднаго чалавека — у лёсе краіны... А калі гэты чалавек — паэт? Сапраўдны паэт не можа адарваць сябе ад той зямлі, на якой вырас, якая дала крылы для палёту.

Мікола Маляўка — менавіта такі. Яго паэзія — гэта паэзія майстра, багатая на вобразы, мастацка-выяўленчыя сродкі і, вядома ж, наскрозь патрыятычная. Любоў да роднай мовы, Бацькаўшчыны, «хаты з матчынай душою», якая стаіць у Мікалаеўшчыне, ягонай радзіме і радзіме народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Прыязджайце ў маю Мікалаўшчыну,

Прыязджайце, добрыя госці,

Падзівіцца з Нёмана слаўнага,

Наталіцца зямной прыгажосцю.

......................................................

Прыязджайце, сябры, не спазняйцеся,

Пакуль сонца над намі ўзыходзіць.

А сядзібу маю пазнаеце

Па сланечніках на агародзе.

Сардэчная шчырасць, душэўная пранізлівасць, любасць да блізкага, роднага — у аснове ўсёй кнігі «Сланечнік».

Зборнік мае адзінаццаць раздзелаў. Як адзначана ў анатацыі, «падзеі ў кнізе так ці іначай звязаны з лёсам лірычнага героя. Дух жывіць еднасць з продкамі, натхняе — да сучаснікаў любоў. Роздум над пражытым і перажытым — сам-насам з сумленнем — хвалюе, радуе і засмучае: не ўсе задумы і мары, акрыленыя небам, збыліся на зямлі. Жыццё выпрабоўвала на трываласць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве, і ў сталыя гады».

І сапраўды, у кожным з раздзелаў кнігі паўстае постаць паэта ва ўсёй сваёй выяве: з радасцямі і захапленнямі, трывогамі і перажываннямі, вернасцю і адданасцю, любоўю і асуджэннем.

Не ведаю, куды жыццё закіне,

Ды Божа збаў памерці на чужыне.

Адна Радзіма — і адна любоў:

Я нарадзіўся тут, і шчасце проста

Вось так вяртацца, з кошыкам грыбоў,

У родны свет сучаснікаў і продкаў.

(«Вялікі свет, а Беларусь адна»)

Першы раздзел «А вера жыве» — нібы ўверцюра да оперы. Гэта тое, чым жывы чалавек: родныя карані, ствол і крона. А вось назвы вершаў, якія гавораць самі за сябе: «Радаводнае дрэва», «Радня», «Родная мова», «Захоўвайце матчыны казкі і песні», «Будзем жыць», «Чытаю Біблію», «Храм», «Партрэты».

«Зрадніліся з зямлёй» — раздзел, дзе сабраны творы на ваенную тэматыку, вершы з трагічным гучаннем.

Нас выпрамляе мінута маўчання,

Нас суровая памяць не гне.

Вечны агонь —

Гэта дыханне

Тых, хто застаўся там,

На вайне.

(«Вечны агонь»)

Асабліва ўражваюць балады. Найбольш яркая, запамінальная — «Балада пра косы, якія не пасівеюць». Вобраз паланянкі, партызанскай сувязной раскрываецца праз яе залатыя косы. «Бывай навекі, мама! З сабой забраўшы, я не ўбачу сына. На памяць косы пакідаю. Зіна». Ідэя твора звязана з фальклорнымі матывамі, і гэта яшчэ больш надае яму ўражлівасці. Дзяўчына Зіна, закатаваная фашыстамі, становіцца Калінай, на «косы якой асыпаецца жывая квецень».

Драматызм жыцця аўтар паказвае не толькі на вайне, але і ў пасляваенны час, калі ён быў маленькім хлапчуком. «Вайны не помню — кадрыкі адны, / Бо нарадзіўся ў сорак першым годзе, / Калі вайна грымела ўжо на ўсходзе. / Я перажыў вайну пасля вайны». У гэтых творах паэт выкарыстоўвае старадаўнюю форму санета, да якой звярнуўся не так даўно. Тут, як нідзе, санет да месца, бо дапамагае па-філасофску і ў той жа час з пранізлівым болем раскрыць змест твора. Таму і запамінаюцца санеты «Дыміліся пажарышчы яшчэ», «Марозіла ваенная зіма», «Касіў за бацьку сена дзед-сусед», «На фронце ад цяслярства не адвык», «На хаце зорку выразаў салдат», «Губны гармонік».

Не засталася без голасу

Зямля Скарыны, Багрыма,

Зямля Купалы і Коласа —

Вялікая наша Радзіма.

 Гэта страфа з верша «Спяваюць жаваранкі», якім пачынаецца раздзел «Упрыгожылі свет». Яго адметнасць у тым, што паэт упершыню сабраў разам прысвячэнні пэўным асобам, пераважна творцам. «І ўсё часцей выношу прысвячэнні / З падтэксту ценю — на святло вачэй. / Не ведаю, ці мёртвым палягчэе, / А мне і праўда крышачку лягчэй». Мы сустрэнем тут імёны Максіма Багдановіча, Язэпа Драздовіча, Міхася Ларчанкі, Янкі Маўра, Ніла Гілевіча, Васіля Віткі, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Вялюгіна, Уладзіміра Караткевіча, Паўлюка Пранузы, Юрася Свіркі, Валянціна Мысліўца, Яўгеніі Янішчыц, якіх ужо няма сярод нас. Ёсць прысвячэнні і маладзейшым паэтам і мастакам. Але неяк асобна стаіць «Балада пра мужыцкую праўду», прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Я назваў бы яе невялікай паэмай, бо яна мае ўсе паэмныя прыкметы. І, можа, адвёў бы ёй асобны раздзел.

Блізкія паводле сэнсавага напаўнення раздзелы «На працу нас натхняе Колас» і «Сваіх настаўнікаў любіце». Народны пясняр, вялікі зямляк Якуб Колас стаў для Міколы Маляўкі кумірам, узорам творчасці. Тым больш заспеў ён яго жывым, бачыў у свае школьныя гады, калі паэт прыязджаў у Мікалаеўшчыну.

Прабіўся праз гадоў пясок

Сцяблінкай тоненькаю, кволай

І я — шурпаты каласок

На ніве той, дзе сеяў Колас,

— прызнаецца аўтар. Таму і нядзіўна, што М. Маляўка больш як трыццаць пяць вершаў прысвяціў Коласу, мясцінам, звязаных з яго імем, сваякам, родным песняра. Варта адзначыць, што Мікола Аляксандравіч шмат дапамагае Літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа, бярэ актыўны ўдзел у яго мерапрыемствах. А яго санеты, прысвечаныя Коласу, адметныя, не падобныя да твораў іншых паэтаў-землякоў.

З якой глыбокай пашанай ставіцца Мікола Маляўка да сваіх настаўнікаў, можна адчуць у яго вершах-прысвячэннях. Ад шчырага радка-закліка «Сваіх настаўнікаў любіце» да сакральнай страфы:

Даўно ў вялікім горадзе жыву,

І жаль туманіцца ў падзякі словах:

Схіляю перад вамі галаву

Не ў школе, а на могілках вясковых.

Паэт стварае запамінальныя партрэты настаўніка замежнай мовы («Валодзя Яськаў»), «геаграфічкі Зінаіды Крыт», настаўніцы рускай мовы Юліі Сяргееўны Тупяневіч, беларускай — Лянгіны Міхайлаўны Цвіркі, выкладчыка матэматыкі Леаніда Міхайлавіча Бірулі.

«Шчыравала пчала» — так паэтычна назваў М. Маляўка раздзел, у якім ажываюць яго юнацкія гады, калі ён пасля школы працаваў на лесанарыхтоўках далёка ад радзімы. Вельмі суровыя гады. «З лесавозам сустрэліся — / І знікае ён, госць, / Быццам назад, у Карэлію, / З’ехала маладосць»; «Кацілі бервяно да бервяна: / Ад інею сівелі бровы, вейкі, / А мы з плячэй скідалі целагрэйкі, — / Работа ў снежні грэла, як вясна». У творах пра Карэлію лірычны герой пачуваецца так натуральна, быццам гэта было ўчора. Тут і нялёгкая праца, як у паэме «Эстакада», і шчымлівы ўспамін пра маці, і замілаванне роднай песняй пра пчолку, і жаданне пабачыць каханую.

— Прыязджай, —

Шапчу бязгрэшна, —

Я ў тайзе халоднай, шэрай

Падару табе падснежнікі

Вогнішчаў —

Чароўны неруш.

(«Прыязджай з далёкай явы»)

Раздзел «Пад сонцам і дажджом» — настальгія (з такой назвай і верш-песня) па малой радзіме, родным куточку, па тых земляках, сябрах, якіх паэт ужо ніколі не сустрэне. «Жыву ў палоне стольным / Тваім адзінаверцам. Усю, ад хат да поля, / Люблю цябе я сэрцам». Дадамо, лірычны герой любіць родную зямлю ў любую пару года: «пад сонцам і дажджом». Таму і ўражваюць, хвалююць такія творы, як «Вёска», «Хата з матчынай душой», «Родныя вокны», «Спяваюць мікалаўцы», «Гладышы», «Гадзіннік з зязюляй», «Цётка Воля», «Пустыя лавачкі», «Каляжанкі», «Баба Каця», «На лавачцы, з краю».

Я зноў вярнуся на сваю зямлю,

Замру над нёманскаю кручай —

І настальгіі смагу наталю

Любоўю — сілаю гаючай.

(«Настальгія»)

«Між бярозаю і дубам» — раздзел аб любові да роднай прыроды, да яе з’яў. А якія цудоўныя наднёманскія, у Коласавых мясцінах, ландшафты, усе ведаюць. «О колькі ў сэрцы ласкі і святла! / Нібы не сон-трава лагодзіць вочы, / А папараць на шчасце зацвіла, / Не дачакаўшыся Купальскай ночы». Кранаюць па-асабліваму вершы «Бэз адцвіў», «Прапіска», «Грыбнік», «Божы засценак», «Бабіна лета», «Завеі», «Захацелася бярозавага соку».

Сэрца ў свеце даўнім б’ецца:

Маладосць успамінаю.

І хачу з табой сустрэцца

І баюся —

Не пазнаю.

Гэта радкі з верша «Я гляджу праз часу дымку», які ўвайшоў у раздзел «Ты паўтарыся яшчэ раз», раздзел пра высокае пачуццё — каханне. Яно ў творчасці Міколы Маляўкі своеасаблівае — настальгічнае. Герой-адналюб увесь час шкадуе, успамінае, рэфлексуе. Гэтая якасць уласціва натурам цэльным, неразменным на часовае, выпадковае. «І подпіс твой дзявочы берагу — / Як самы дарагі ў жыцці аўтограф»; «Распалася рук вязьмо. / Ты стала далёкаю марай, / І шлю я табе пісьмо — / У сінім канверце хмары»; «Страчаную раз, / Баюся страціць зноў цябе — / Навекі». Гэты ж настальгічны матыў і ў «Баладзе пра месячнае святло». Але ў паэта ёсць і вершы пра каханне сённяшняе, якое прыйшло назаўсёды. Гэта творы, прысвечаныя жонцы Веры: «Пяшчотны трыпціх», «Ён не растаў яшчэ, той шлюбны снег», «Вобраз мілы», «Пласцінка», «Смага», «Успамінаюцца ночы», «Ты выйшла з ценю», «Спакойная і ціхая спярша»...

Творчасць Міколы Маляўкі нельга ўявіць без гумару. У «Сланечніку» ён прадстаўлены ў раздзеле «Гледзячы ў вочы». Многія з вершаў друкаваліся ў часопісе «Вожык». Ад памфлетаў да прытчаў і дасціпных вершаваных аповедаў — такі дыяпазон гумарыстычных твораў.

Завяршаецца кніга раздзелам «Захоўвайце святло». Паэт разумее, што надыходзіць яго «зара вячэрняя, журлівая зара». Таму спяшаецца, як тыя бярозы, дарыць «Святло ў вачах, святло ў душы, / Каб весялей сучаснікам жылося».

Пакіну родным хату ў спадчыну,

Сярод партрэтаў — свой партрэт,

А з дому толькі ўсмешку матчыну

Вазьму з сабой у іншы свет.

(«Як у сне»)

Са студэнцкіх гадоў мне запомнілася карціна ВанГога «Сланечнікі». Здаецца, Мікола Маляўка разгадаў яе сутнасць: «Не засцяць свету шэрыя дажджы, / Не абязножвае жыццёвы верад, — / Цвіце сланечнік у маёй душы, / Дарогу асвятляючы наперад».

Яўген ХВАЛЕЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.