Вы тут

На паэтычных арэлях


Анатоль Зэкаў паспяхова зарэкамендаваў сябе ў многіх літаратурных жанрах, але ў апошнія гады ўсё больш схіляецца да дзіцячай літаратуры. Сведчаннем таму — кнігі «Як Гаўка ў космас збіраўся», «Вожык вёз сараканожак», «Безбілетны Зай», «Азбуку мядзведзь вучыў», «Лічба з літарай сябруюць».


Не выключэннем стала і нядаўняе выданне — «Птушыныя арэлі», якое пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Тут вершы, небыліцы, скорагаворкі, задачкі, загадкі і нават адна шарада. Гэта значыць, што юныя чытачы могуць не толькі прачытаць кнігу, вывучыць на памяць той ці іншы верш, але і напрактыкавацца ў выкананні аўтарскіх заданняў. Літаратурная крытыка, адгукаючыся на дзіцячыя кнігі Анатоля Зэкава, неаднойчы адзначала добрае веданне ім дзіцячай псіхалогіі, уменне ў звычайнай з’яве ўбачыць незвычайнае і напісаць пра гэта захапляльна, з лёгкім гумарам, ад чаго вершы паэта лёгка запамінаюцца нават самымі маленькімі чытачамі. Тым больш што многія з іх складаюцца з адной ці дзвюх строф, але і гэтыя чатыры — восем радкоў часам нясуць столькі інфармацыі. У якасці прыкладу прывяду верш «Дзік»:

Шышкі еў у лесе дзік

І скалоў сабе язык.

Не было б тае бяды,

Калі б еў ён жалуды.

І падобных твораў, што лёгка чытаюцца і лёгка запамінаюцца, у кнізе нямала. Толькі сярод аднастрофных вершаў — «Сімвал Беларусі», «Два мурлыкі», «Загараў Зай», «Малпы-цыркачы», «Музыканты», «Дождж», «Леў», «Іпадром» і іншыя. Вось, дарэчы, як вобразна апісвае аўтар пешаходны пераход: «Праз дарогу зебра бегла, / Бегла прытамілася. / На дарогу зебра легла, / Каб па ёй хадзілі ўсе».

Пераважная большасць герояў кнігі — звяры і птушкі, якіх паэт надзяляе чалавечымі якасцямі, а праз іх вучыць дзяцей не цурацца працы, быць шчырымі і чулымі, справядлівымі і сумленнымі, таварыскімі і спагадлівымі, у любы момант гатовымі на добрыя ўчынкі дзеля тых, хто побач. Хіба не выклікае замілавання ўчынак дзяцей з верша «Лёд і ёд»: «Як патрэскаецца лёд / І балюча стане лёду, / Мы ў аптэчцы возьмем ёд — / Змажам лёду / Раны ёдам»? Апроч таго, лірычны герой Анатоля Зэкава яшчэ і дапытлівы, што вынікае з назваў некаторых твораў: «Як спіць вожык?», «Ці таўкуць мак камары?», «Як злічыць зоркі?», «Калі трэба прачынацца».

Паэт у «Птушыных арэлях», як, зрэшты, і ў папярэдніх сваіх кнігах для дзяцей, імкнецца не толькі насычаць юных чытачоў інфармацыяй, а яшчэ і даць ім пэўныя парады, прытым нават у загадках:

Звісаюць з дахаў вясной,

Як дзіды з далёкага веку.

Ды толькі пад імі не стой,

Бо тояць яны небяспеку.

А часам аўтар знарок блытае чытачоў, такім чынам падштурхоўваючы іх самім разабрацца, як што трэба рабіць. Наглядны прыклад — невялікі верш «Чым што есці?»: «Хто з сяброў падкажа Мішку, / Як патрэбна есці ўсё ж. / Чэрпае пюрэ ён лыжкай, / А відэльцам лезе ў боршч».

Юныя чытачы разам з пісьменнікам змогуць пабываць «У дзедавым доме» і «У майстэрні», паспытаць «Бярозавік» і пастаяць «Перад дарогай», паспачуваць Мікіту («Небыліца з гузаком») і паспаборнічаць, хто болей згадае беларускіх гарадоў, назвы якіх заканчваюцца на «ы» («Гарады з канчаткам “ы”»). А яшчэ — даведацца, як дзяўчынку Іну ператварыць у Паліну («Ад Іны — да Паліны») і што можа здарыцца, калі раптам прападзе мяккі знак («Рысь і мяккі знак»).

Прачытаўшы кнігу Анатоля Зэкава «Птушыныя арэлі», цяжка не пасябраваць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, звярамі і птушкамі, з якімі адбываюцца самыя неверагодныя прыгоды.

Зінаіда ГАРАДКОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.