Вы тут

«Спяшаецца сэрца...»


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася часовая экспазіцыя «Спяшаецца сэрца», якая паказвае класіка такім, якім мы яго яшчэ мала ведаем. Тут змешчаны матэрыялы, прысвечаныя двум апошнім гадам жыцця Якуба Коласа: фотаздымкі, рукапісы, лісты. Фотаздымкі адлюстроўваюць пісьменніка ў розных жыццёвых сітуацыях: падчас адпачынку з сябрамі на возеры Нарач, сярод сям’і, падчас сустрэчы з землякамі ў вёсцы Мікалаеўшчына, з калегамі-літаратарамі і палітычнымі дзеячамі. Значную частку выстаўкі займаюць работы беларускага мастакаграфіка Сямёна Пятровіча Геруса, які ствараў прыжыццёвыя партрэты Коласа на працягу 1953—1956 гг.


Вельмі цікавыя неапублікаваныя лісты Коласа да сваёй знаёмай Аляксандры Кетлер, якія з’яўляюцца як бы дзённікавымі запісамі апошніх гадоў. Часта ў іх Колас апісвае дрэнны стан свайго здароўя, але пры гэтым дзеліцца і тымі жыццёвымі назіраннямі, якія не заўсёды бачаць простыя людзі. У лісце ад 21/06/1956 да Кетлер можна прачытаць: «У маім аблюбаваным куточку расце дубок і побач з ім бярозка. Яны злучылі свае галінкі і пераплялі іх. Пазіраеш на іх і здаецца, што гэта хлопец і дзяўчына пабраліся за рукі, каб пайсці ў зацішное месца, каб пагутарыць аб сваіх справах, паабдымацца і пацалавацца. Каля гэтай пары закаханых асоб стаіць лаўка і плеценае крэсла, дзе можна пасядзець у цяньку дубка і бярэзінкі. Мне нават хочацца напісаць пра гэта верш». Пісьмо Колас пісаў з санаторыя «Барвіха», у якім часта апынаўся па стане здароўя...

У кароткім лісце да А. Кетлер ад 13 мая 1956 года Колас раскрывае сакрэт, каму прысвечана казка жыцця «Страказа»: «На Ваш дамашні адрас я паслаў казку жыцця “Страказа”. Эскіз гэтай казкі я пасылаў Вам колісь з больніцы. Думаю, што сэнс казкі Вы добра зразумееце». На выстаўцы экспануюцца рукапісы казак «Адзінокі курган» і «Страказа», створаных у апошнія гады жыцця.

Каштоўнымі з’яўляюцца таксама рукапісы апошніх вершаў Коласа. Будучы ў цяжкім стане, класік напісаў цэлы шэраг вершаў бальнічнага характару, дзе напоўніцу выяўляюцца характэрныя стылю класіка гумар, іронія і сарказм. Знаёмства з гэтымі вершамі мяняюць звыклы вобраз класіка, які бачыцца непадступным і суровым...

Апошні ліст пісаўся перакладчыку «Новай зямлі» на рускую мову Яўгену Мазалькову, дзе Колас сам дае ацэнку сваёй дзейнасці: «Вы должны расценивать меня не как поэта, писателя, а как работника канцелярии в её различных отраслях. Это меня и возносит, и снижает. Ведь я поэт на 50%». Гэты ліст так і застаўся ляжаць на стале недапісаным, бо за працоўным сталом Якуб Колас і адышоў у свет лепшы. Лейтматывам апошніх гадоў беларускага Песняра з’яўляецца адзін невялічкі верш, які падводзіць вынік зямной дзейнасці пісьменніка:

Я хворы. Спяшаецца сэрца

Адстукаць свой пай.

Зачыняцца ў свет мае дзверцы,

Якубе, зважай!

Прыпамятай, покі не позна,

Ці ўсе ты зрабіў...

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.