Вы тут

У пошуках праўдзівага мінулага


Сёлета на атрыманне прэміі ў намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» прэтэндуюць дзевяць твораў рознай праблематыкі, але большасць аўтараў усё ж такі звяртаецца да тэмы беларускага мінулага і сучаснасці.


Кніга Юрыя Татарынава «Старосветская Беларусь» (Мінск, «Смэлток», 2017) — натхняльнае адлюстраванне таго дзівоснага свету, які ўжо развітаўся з намі, — вёскі былых часоў у яе шматграннасці, але без ідэалізацыі. За аповедамі пра мінулае ідуць разважанні пра цяперашняе і будучыню. Структурна «Старосветская Беларусь» ёсць сума падарожніцкіх нататак, фальклору, складзеных падчас вандровак апавяданняў, фрагментаў іншых мастацкіх твораў. Асабліва ў апавяданнях праяўляецца ўплыў Чэхава і Ганчарова, што спрыяе лёгкаму і займальнаму чытанню. Юрый Татарынаў упэўнены, што кнігі па краязнаўстве павінны быць пазбаўлены любой спробы павучаць і гаварыць на мове абсалютнай ісціны. Адзначаецца адна вельмі важная і забытая сярод творцаў рэч: нельга засноўваць кнігу толькі на летапісных сведчаннях, якія маглі стварацца па ідэалагічных устаноўках.

Любоўю да Радзімы напоўнены твор Міхася Шыманскага «На добрай зямлі» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017). Просты працаўнік, незалежна ад таго, якую займае пасаду, — вось той герой, які заслугоўвае ўвагі чытача. Гэта шчыры, месцамі ўсхваляваны, душэўны, філасофскі роздум беларускага журналіста і пісьменніка пра Бацькаўшчыну, пра вясковыя вытокі нашага народа. Матэрыял, які паслужыў асновай твора, — асабісты вопыт Міхаіла Шыманскага, размовы і ўспаміны людзей рознага ўзросту і статусу, вершы і інтэрв’ю. Адчуваецца ўплыў класікаў беларускай літаратуры, асабліва ў апісанні таямнічасці і разнастайнасці беларускага лесу, якому прысвечаны цэлы раздзел. Важкае значэнне ў творчасці Міхася Шыманскага атрымала ранняе знаёмства з паэмай Якуба Коласа «Новая зямля». Аўтару нават пашчасціла сустрэцца з сынам і ўнукам знакамітага дзеда Талаша, што падрабязна адлюстравана ў кнізе.

Кнігу публіцыстыкі і мастацкіх твораў «Падрэзанае крыло» прэзентуе Мікола Давідовіч (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2017). Уся глыбіня жыцця адлюстроўваецца ў прапанаваным творы, асноўныя аспекты якога — дзяцінства, сям’я, вясковае жыццё, узаемасувязь старога і новага, этычныя і маральныя нормы, становішча прыроды, а галоўнае — трагічнасць лёсу беларусаў. Цікавая частка аповеду «Непрыгладжаныя думкі». Гэта роздум аўтара пра сутнасць дзяржавы, магчымасці чалавека ў соцыуме, маральны выбар. Спрабуе аўтар намаляваць і партрэт сучасніка. Удалося яму гэта ці не, вырашаць чытачу.

Анатоль Дзенісейка прапаноўвае сваё «Письмо потомкам. 77 узелков на память» (Іванава, «Ивановская районная типография», 2017). Аўтар не прэтэндуе на адметны маральны пасыл у апавяданні. Яго мэта — перадача сваіх шчырых адчуванняў, рознага тыпу гісторый, досведу ў той ці іншай справе, напрыклад, аб працы народнага суддзі і пракурора раёна. Анатоль Дзенісейка расказвае пра гісторыю свайго роду з сёмага калена, што дае магчымасць прасычаць за тым, як грамадска-палітычныя падзеі адбіваліся на лёсе канкрэтнай сям’і.

Насычана ўспамінамі і цёплымі пачуццямі выданне Зінаіды Дудзюк «Пара высокага сонца» (Брэст, «Альтернатива», 2017), у якім яна распавядае пра сяброўскія кантакты з Уладзімірам Калеснікам, Яўгеніяй Янішчыц, Нінай Мацяш, Валянцінам Грабоўскім і іншымі. Акрамя гэтага, З. Дудзюк знаёміць чытача з тымі людзьмі, якія праславілі Брэсцкі край сваімі дасягненнямі ў розных сферах. З асаблівай цікавасцю чытаюцца змешчаныя ў кнізе лісты. Дарэчы, назву кнізе даў аднайменны верш Валянціна Грабоўскага. З філасофскага пункту гледжання пара высокага сонца — час, калі пісьменнік аддае ўсю сваю жыццёвую энергію і працу творчасці, гэта пік узнёсласці і натхнення. Ён можа трываць доўга, нават на працягу ўсяго жыцця, а можа — толькі кароткае імгненне. Таму аўтар зноў звяртаецца да тых, каго ўжо няма, — з прабачэннем, з жалем, з удзячнасцю.

Аб’ёмнае выданне «Беларусь. “Второй фронт”. Спецформирования органов НКВД (НКГБ) и “СМЕРШ” в тылу врага. Имена, факты, судьбы (1941—1944 гг.)...» прадстаўляе Мікалай Смірноў (Мінск, «Белпринт», 2017). Яно прызначана для даволі сур’ёзнага і абазнанага чытача, якога цікавіць гісторыя нашай краіны не ў агульных словах, а паслядоўна, падрабязна, дэталёва, з каментарыямі і ўспамінамі сучаснікаў. Тэма не новая, але шырыня сабранага матэрыялу і пацверджанасць дакументамі вылучае кнігу сярод іншых, прысвечаных тэме барацьбы на акупаваных тэрыторыях Беларусі ў 1941—1945 гады супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай беспекі СССР і БССР і простага насельніцтва. Мэта аўтара — ушанаванне памяці і геройства тых, хто адстаяў краіну ў тыле ворага, не адмаўляючы негатыўных з’яў, што мелі месца ў той цяжкі час.

Цікавай для аматараў гісторыі і ваеннай справы можа стаць кніга «Шпионские уловки» Анатоля Бярнацкага. (Масква, «Вече», 2017). Займальна і пазнавальна аўтар адкрывае таямніцы тактыкі шпіянажу ад старажытнасці да нашых дзён, разведвальныя аперацыі, распавядае пра выдатных асоб у гэтай дзейнасці, рознага кшталту агентурныя сеткі, крадзеж ваенных сакрэтаў, прамысловы шпіянаж, перадачу сакрэтнай інфармацыі, дэзынфармацыю, барацьбу са шпіянажам і многае іншае.

Аналізу савецкай дзяржавы ў кантэксце сусветнага развіцця прысвечана выданне Уладзіміра Ягорычава «Сдувая пыль с истории...» (Ліда, «Лидская типография», 2017). Аўтар выступае з пазіцыі крытыкі сучасных антынавуковых канцэпцый генезісу і станаўлення СССР, прапаноўваючы свой варыянт бачання гэтага неадназначнага і не зусім доўгага па мерках цывілізацыі перыяду існавання камуністычнага тыпу грамадства. Уладзімір Ягорычаў, перакананы ў сваёй дасведчанасці, звяртаецца да першакрыніц, прапаноўвае адкінуць ілжывую паліткарэктнасць, не саромеецца выказаць меркаванні, дае ўласны варыянт адказаў на пастаўленыя пытанні, часам горача абараняе ці абвінавачвае. Чытача можа спалохаць катэгарычнасць у выказваннях, але няхай ён паглядзіць на многія пытанні чужымі вачыма і паставіць сваю адзнаку.

Выданне празаіка Уладзіміра Тулінава «Октябрь — Великий и «ужасный» (Мінск, «Колорград», 2017) уяўляецца рацыянальнай спробай прааналізаваць уплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на ход гісторыі (калі гэта ўвогуле магчыма). Прытрымліваючыся паслядоўнасці ў аповедзе, грунтоўна падыходзячы да апісання падзей і фактаў, выкарыстоўваючы доказную базу, тлумачачы разнастайныя рэчы лаканічна і ўраўнаважана, аўтар стварае цікавае выданне. Варта адзначыць, што Уладзімір Тулінаў не робіць паспешных і адназначных высноў.

Прага вяртання да былых часоў — гэта тое, што дае надзею на развіццё як літаратуры, так і культуры ўвогуле. Звяртаючыся да сучаснікаў, публіцысты ў сваіх творах прагнуць дашукацца ісціны, дакладнасці, яснасці ў падзеях мінулага, хоць кожны, вядома, бачыць іх па-свойму.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.