Вы тут

Аляксандр Карлюкевіч: Каб не згубіць будучыню


Дзень беларускага пісьменства для Міністэрства інфармацыі, як справаздача за год: што зроблена на ніве мастацтва слова, якія кнігі можна лічыць здабыткамі айчыннага кнігавыдання? З якімі клопатамі ісці галіне ў заўтра? На гэтыя і іншыя пытанні «ЛіМа» адказвае міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.


— Дзень беларускага пісьменства як свята ўcталёўваўся дзеля таго, каб, з аднаго боку, засведчыць старажытнасць пісьмовай культуры Беларусі, а з другога — падтрымаць (заахвоціць) імкненне да ведаў сучасных грамадзян. Іванава — горад, які гістарычна замацаваны на культурнай карце Беларусі асаблівымі постацямі. Ці падтрымліваецца гэтая плынь у горадзе ў наш час?

— Пра гэта лепш запытацца ў саміх жыхароў старажытнага Іванава, ці Янава, як яго раней называлі, саміх берасцейцаў... З тых паездак, сустрэч з гэтай старонкай, якія адбыліся ў мяне сёлета, мяркую, што людзі ў горадзе жывуць цікавыя, тыя, якія імкнуцца да здабыткаў і здзяйсненняў у розных галінах, у розных кірунках. Мо таму і кніга, якую падрыхтаваў да свята рэдактар раённай газеты «Янаўскі край» Ігар Гетман, — «Людзі Янаўскага краю» чытаецца з цікавасцю. У цэнтры аповеду — людзі, нашы сучаснікі, тыя, хто здабывае працоўную славу, тыя, хто выйшаў з гэтай старонкі. А Іванаўшчына — радзіма і гісторыка Пятра Брыгадзіна, і міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, і знакамітага на ўсю Беларусь аграрніка Аляксея Скакуна...

— На свята звычайна прыязджаюць з падарункамі. А лепшы падарунак, як вядома, кніга. Што падрыхтавана за год для тых, хто сочыць за святам? Ці ёсць важкія набыткі і дасягненні ў кніжнай культуры Беларусі ад мінулага Дня пісьменства?

— Такімі набыткамі мне бачацца выданні, якія прадстаўлялі Беларусь на конкурсе СНД «Мастацтва кнігі». Уражлівы год: шмат нашых кніг атрымалі вельмі высокія ўзнагароды. І ў гэтым — работа цэлага пакалення беларускіх кніжнікаў, прытрымліванне традыцый. У нас у краіне за дзесяцігоддзі склалася высокая культура кніжніцтва. Назаву некаторыя з такіх выданняў: зборнік вершаў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «“А хто там ідзе?” на мовах свету», кніга Валянціны Паліканінай «Ни к чему быть одному», мастацкі альбом Рыгора Сітніцы «Простыя рэчы», зборнік гісторыкакраязнаўчых апавяданняў Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам», анталогія кітайскай паэзіі ў перакладах Міколы Мятліцкага «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы». Раю ўсім цікаўным да беларускай кнігі разгарнуць альбом «Беларускі касцюм» выдавецтва «Беларусь», пагартаць кнігу «Беларускі след у культуры і архітэктуры Масквы» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

— Колькі найменняў кніг атрымлівае краіна штогод (ці за мінулы год)? Колькі з іх на беларускай мове (ці расце колькасць беларускамоўнай прадукцыі і яе запатрабаванасць)? І якая вага сучаснага мастацкага пісьменства, беларускай літаратуры?

— Лепш весці гаворку пра ўжо здзейсненае, пра лічбы мінулага года. Летась, у 2017 годзе, выпушчана 9590 кніг і брашур. Агульны тыраж — 23,1 мільёна экзэмпляраў. Сярэдні наклад на аднаго жыхара краіны — 2,4 тысячы экзэмпляраў. Літаратура на беларускай мове заняла 13,7 працэнта ў агульных абсягах кнігавыдання. Гэта калі меркаваць па назвах. Па тыражах — 18,8 працэнта. Для прыкладу: у 2016 годзе па назвах беларускамоўных выданняў у працэнтных суадносінах з кнігай на рускай мове было выпушчана 11,7 працэнта, а па тыражы — 16,2 працэнта. Так што лічыце, ёсць рост ці няма. Іншая справа — хацелася б развіцця і па аб’ёмах літаратуры на беларускай мове, і па яе якасным змесце.

Цікавай, між іншым, падаецца і наступная статыстыка. На беларускую мову перакладаюцца і выдаюцца творы з рускай мовы, а таксама з англійскай, шведскай, нямецкай, іспанскай, кітайскай, латышскай, фінскай, румынскай, албанскай, балгарскай, венгерскай, грэчаскай, лацінскай, нарвежскай, украінскай і іншых моў народаў свету.

— Штогод на беларускае свята пісьменства прыязджаюць замежныя госці. Колькі гасцей і адкуль мы чакаем сёлета? Чаму для нас важны ўдзел замежных гасцей? Ці ўзнікаюць адмысловыя кніжныя праекты ў выніку іх удзелу ў Дні беларускага пісьменства? Ці ёсць штосьці падобнае ў іншых краінах?

— Калі гаварыць пра круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, які штогод праходзіць у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства з агульнай ідэяй — «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго», то гэты творчы праект мае даўнюю традыцыю. І праводзіцца ўжо больш як дзесяць гадоў — з 2007 года. Штогод у нашу краіну на пачатку верасня прыязджаюць паэты, празаікі, перакладчыкі, літаратурныя крытыкі з больш як 10—12 краін. Сёлета таксама будуць госці з Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Украіны, Кітая, Эквадора, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Літвы, Латвіі, Узбекістана... Заснавальнікі круглага стала — Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Шмат намаганняў для арганізацыі работы замежных пісьменнікаў і ў фармаце Дня беларускага пісьменства, і ўвогуле ў плане зносін з літаратарамі розных краін прыкладаюць непасрэдна літаратурна-мастацкія перыядычня выданні краіны — у першую чаргу часопіс «Нёман» на чале з Аляксеем Чаротам, а таксама і «Маладосць», і «Полымя», і, канечне ж, «ЛіМ», і грамадска-палітычная газета «Звязда» разам са сваім дадаткам «Союз Евразия». Усім можна толькі падзякаваць.

На мой погляд, сустрэчы з літаратарамі іншых краін спрыяюць не проста развіццю зносін з іншымі нацыянальнымі літаратурамі, але і дапамагаюць зверыць гадзіннікі, дапамагаюць зазірнуць у іншыя мастацкія прасторы. Дыскусіі, якія пачынаюцца на круглых сталах, спрыяюць развіццю доўгатэрміновых зносін. Ведаю, што ўдзельнікі сустрэч пакідаюць Беларусь і пасля кантактуюць паміж сабою, ініцыіруюць розныя пераклады, звязваюць свае краіны. Фактычна Беларусь літаратурная — пляцоўка для сяброўства, наладжвання адносін паміж рознымі краінамі.

Зразумела, мы не адны такія ў свеце. І ў іншых краінах збіраюцца літаратары. Часам нават з нашай падказкі і ініцыіраваны тыя ці іншыя форумы пісьменнікаў. Сёлета прайшла адмысловая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная ўзбекскай літаратуры, у Ташкенце. Беларусь на ёй прадстаўляў Ганад Чарказян. Некалькі гадоў назад пачаў праводзіцца пісьменніцкі форум — літаратараў краін Наўруза — у Душанбэ.

Што да праектаў, то важную ролю ў кансалідацыі літаратурных сіл на постсавецкай прасторы адыгрывае інтэрнэт-партал «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці», якім апякуецца Выдавецкі дом «Звязда». Мадэратары ў насычэнні гэтага праекта — з розных краін: з Казахстана — Святлана Ананьева, Рыма Арцем’ева, Любоў Шашкова; з Азербайджана — Камран Назірлі, Салатын Мірзоева, Яшар Аліеў; з Расійскай Федэрацыі — Зульфія Хананава, Роберт Мінулін, Валерый Тургай, Юрый Шчарбакоў, Адам Ахматукаеў, Лула Куна, Марат Гаджыеў; з Малдовы — Юрый Іваноў; з Украіны — Глеб Кудрашоў; з Кыргызстана — Алег Бандарэнка...

Выходзіць літаратурна-мастацкі альманах «Сугучча» на рускай мове. У ім істотную частку займаюць пераклады прозы і паэзіі беларускіх аўтараў на рускую мову. У планах аднаго з айчынных выдавецтваў — выданне перакладнога альманаха на беларускай мове. Здаецца, атрад перакладчыкаў працуе ў нас даволі актыўна. Сярод моладзі ў гэтых шэрагах — і Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Дар’я Нечыпарук, Валерыя Радунь, Яна Явіч... Толькі ў Выдавецкім доме «Звязда» і «Мастацкай літаратуры» за апошнія гады выйшлі на рускай і беларускай мовах кнігі пісьменнікаў з іншых краін — Яўгенія Еўтушэнкі, Валянціна Распуціна, Валерыя Казакова, Алеся Кажадуба, Аляксандра Чэрняка, Любові Турбіной, Уладзіміра Шуглі, Барыса Косціна, Касыма Нурбадава, Роберта Мінуліна, Эдварда Мілітаняна, Чынгіза Алі аглу, Севіндж Нурукызы... Выходзіць прадстаўнічая серыя перакладаў кітайскай паэзіі — «Светлыя знакі. Паэты Кітая». Пабачылі свет ужо 12 кніг. І гэта толькі з 2014 года. Выйшлі дзве аўтарскія анталогіі кітайскай паэзіі, падрыхтаваныя Міколам Мятліцкім. У кожнай чытача чакае сустрэча са 100 (!) аўтарамі.

— Дзеля таго, каб падкрэсліць важнасць пісьменніцкай працы, у Беларусі была заснавана Нацыянальная літаратурная прэмія. Ці паўплывала заснаванне прэміі на большую актыўнасць сярод пісьменнікаў? Ці было больш працы ў адборачнай камісіі намінантаў сёлета ў параўнанні з мінулым годам у сувязі з матэрыяльным павелічэннем прэміі?

— Вынікі спаборніцтва амаль 60 намінантаў у сямі намінацыях Нацыянальнай літаратурнай прэміі будуць агучаны ў Дзень беларускага пісьменства 2 верасня. Мне здаецца, што ўдзельнікаў магло б быць значна больш. Мо пашырэнню колькасці намінантаў на будучыню будзе спрыяць і веданне вагі, калі так можна сказаць, прэміі, яе матэрыяльны складнік. У некалькі разоў вырас грашовы памер прэміі, якая будзе ўручацца ў 2018 годзе. Канечне, хацелася б, каб на адзначаныя кнігі, адзначаных творцаў звярнула ўвагу шырокае кола чытачоў. Ці так яно будзе — залежыць ад многіх складнікаў. Сам факт прысуджэння прэміі — гэта ніякая не абаронная грамата. Ні перад чытачом, ні перад крытыкай.

Ды і прэмій павінна быць шмат. У дадатак да прэстыжнай Нацыянальнай літаратурнай, спадзяюся, будуць і прэміі літаратурна-мастацкіх выданняў. Ёсць яшчэ і прэмія конкурсу маладых аўтараў «Першацвет». Па выніках конкурсу выдаецца аднайменны альманах. Газета «Звязда» шмат гадоў праводзіць конкурс на лепшае апавяданне.

— Наколькі актыўны наш чытач? Ці ёсць у яго асаблівыя запыты і патрабаванні да кніг? Наколькі сучасныя бацькі гатовы і хочуць выхоўваць сваіх дзяцей чытачамі (згодна з лічбамі распаўсюджвання дзіцячай кнігі)?

 — Здаецца, пытанне, якое патрабуе бязмежнага адказу. І адказваць на яго, дыскутаваць вакол тэм, ім абазначаных, лепш у тым выпадку, калі маеш досвед у рабоце са школьнікамі, дзецьмі... Сапраўды, лічбы паказваюць: дзіцячую кнігу набываюць і, відаць, чытаюць больш, чым мастацкую кнігу ўвогуле. «Белкніга» нядаўна падсумавала, што набываюць часцей у сістэме айчыннага дзяржаўнага кнігагандлю. Высветлілася — кнігу «Дзіцячы атлас Беларусі», толькі што выдадзеную «Мастацкай літаратурай». Другая пазіцыя ў рэйтынгу продажаў па краіне. У тым самым рэйтынгу не на апошнім месцы і легендарная аповесць «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова.

Што да бацькоўскіх памкненняў, то, напэўна, усё ж і нашай школе варта задумацца пра многія ініцыятывы ў дачыненні да чытання. А яшчэ лепш працаваць над гэтым усім разам — і кнігавыдаўцам, і пісьменнікам, і школе, і настаўніцтву, і бібліятэкарам, і арганізатарам культурнага жыцця ў краіне... Будзем нешта дзяліць, не праявім кансалідацыю — згубім чытача, а следам згубім будучыню.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.