Вы тут

Падарожжа ў глыбіні беларускай зямлі


Падарожжа ў глыбіні беларускай зямлі можна ажыццявіць у Цэнтры апрацоўкі, даследавання і захоўвання керну вытворчага аб'яднання «Беларуснафта». А таксама пераканацца, што цёплыя хвалі марскія некалі плёскаліся ў тых мясцінах, якія сёння найбольш перспектыўныя для здабычы нафты.

Самая глыбокая свідравіна, адкуль айчынныя геолагі дасталі ўзор для вывучэння — 7 кіламетраў. З зямных глыбінь цяпер выцягваюць да тысячы метраў пароды ў год. Такія каменныя слупкі дыяметрам 7-8 сантыметраў і даўжынёй да метра становяцца матэрыялам для навуковага вывучэння ў адзіным у нашай краіне Цэнтры апрацоўкі, даследавання і захоўвання керну. Знаходзіцца ён у Гомелі.


Вядучы інжынер службы фізікі пласта Ірына Бабкова.

Керн — узор горнай пароды, які дасталі спецыяльным абсталяваннем са свідравіны. Знешне гэтыя камянюкі амаль не адрозніваюцца па колеры: той шэры, а побач — крыху цямнейшы і з дзірачкамі. Сапраўдны геолаг глядзіць не толькі на колер, але і на яго адценні, структуру каменя і бачыць не проста пароду, але і перспектывы развіцця ўсёй нафтавай галіны Беларусі.

— Тут захоўваецца 34 тысячы пагонных метраў керну, які мы скрупулёзна збіралі практычна з усёй Беларусі, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання «Беларуснафта» Пётр Поўжык. — Ён падняты са свідравін рознай глыбіні. Мінімальная — 2-3 кіламетры, а максімальная — да 7 кіламетраў. Аналагаў гэтаму цэнтру няшмат нават на постсавецкай прасторы. Найбліжэйшыя з іх знаходзяцца ў Томску, Цюмені, Ханты-Мансійску і ў Маскоўскай вобласці.

Геолаг Ганна Ярашэнка расказвае пра гісторыю пошукаў вуглевадароднай сыравіны на тэрыторыі Беларусі. Аказваецца, яе калегі яшчэ ў 1941 годзе дакладна пацвердзілі, што нафта на тэрыторыі рэспублікі ёсць. Першая свідравіна была прабурана ў Даманавіцкім раёне. Да гэтай тэмы вярнуліся толькі праз 20 гадоў: у 1961 годзе прабурылі першую пошукава-разведачную свідравіну. А свідравіна Рэчыцкая № 8 лічыцца першай, з якой нафта пачала здабывацца прамыслова. Адбылося гэта, дарэчы, у 1965 годзе. Максімальная здабыча прыпадае на 1975 год — каля 8 млн тон чорнага золата.

— Сёння на тэрыторыі Беларусі ёсць 15 свідравін-мільённіц, — працягвае Ганна Ярашэнка. — Дзевяць з іх і цяпер даюць з нетраў вуглевадароды. Беларуская нафта знаходзіцца глыбока. Нашы спецыялісты маюць вопыт здабычы з глыбіні больш за чатыры тысячы метраў.

Камяні ў Цэнтры апрацоўкі, даследавання і захоўвання керну не проста раскладаюць у адмысловыя скрыні сіняга колеру. Дарэчы, гэтыя каробкі абараняюць вялізныя кавалкі пароды ад вільгаці і агню. Ну а цеплаізаляцыйны ўшчыльняльнік неабходны для дадатковай фіксацыі — каб лішні раз не пашкодзіліся, расказвае адказны за кернахранілішча геолаг Рустам Казімаў:

— Па сутнасці, гэта геалагічны банк даных. Сёння тут 34 тысячы пагонных метраў, прабураных на 1450 свідравінах. Керн сістэматызаваны, каталагізаваны і пакладзены на доўгачасовае захоўванне на спецыяльныя стэлажы — згодна з геалагічным раянаваннем па зонах нафтагазанакаплення.

Геолаг Рустам Казімаў.

Вага такой скрыні залежыць ад шчыльнасці пароды і складае ад 10 да 20 кілаграмаў. На кожнай — QR-код. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць імгненна «прачытаць» усё змесціва: дзе, што і калі здабыта. «Цяплічныя» ўмовы для керну — гэта і пастаянная тэмпература. У хранілішчы заўсёды ад 18 да 21 градуса.

Але ж захоўванне керну — не самамэта. Кускі каменнай пароды заўсёды знаходзяцца ў рабоце. На другім паверсе ў лабараторыі літалогіі вядуцца дэталёвыя даследаванні. Спецыяліст цэнтра Яўгеній Напрэенка каменчыкі бачыць наскрозь:

— Вось у гэтай пародзе — адбітак норкі чарвяка, які жыў прыкладна 360 мільёнаў гадоў таму. Чарвякі, відаць, любілі тое мелкае мора, якое было некалі на гэтай тэрыторыі. Вось тут можна пабачыць вуглефікаваныя астаткі старажытных раслін. Гэта — пясчанік. Ён з'яўляецца пародай-калектарам, якая найбольш перспектыўная для здабычы вуглевадародаў.

Прыемна, канешне, уявіць, што на тэрыторыі Беларусі 350—370 мільёнаў гадоў таму было мора, падобнае на Чырвонае. І клімат такі ж. Менавіта тады з рыфавых масіваў сфарміраваліся тыя пароды, якія сёння з'яўляюцца ўнікальным калектарам вуглевадародаў.

Ірына Бабкова, вядучы інжынер службы фізікі пласта, спачатку займаецца ачысткай керну ад вуглевадародаў. Для гэтага «варыць» спецыяльна прыгатаваныя цыліндрыкі з керну ў гарачым растваральніку пры тэмпературы кіпення.

— Так мы вызначаем фільтрацыйныя ўласцівасці — гэта значыць, здольнасць пароды прапускаць нейкія прымесі: газ, нафту, пластавую ваду. Такім чынам адбываецца ацэнка пранікальнасці пласта і вызначаецца ёмістасць калектара.

Побач інжынер службы фізікі пласта Наталля Федарэнка вывучае рэчыўны склад парод. Яна займаецца размолам камянёў, іх сушкай і прасейваннем праз спецыяльныя сіты. Для ўсіх гэтых працэдур ёсць самае сучаснае абсталяванне.

Керн.

У лабараторыі вырабу петраграфічных шліфоў інжынер службы фізікі пласта Марына Процкая паказвае, як робіцца тонкі зрэз пароды таўшчынёй 0,2 мм. Гэта і ёсць шліф:

— Камень доўга апрацоўваюць з дапамогай спецыяльных рэагентаў. Потым ідзе ручная даводка і паліроўка. На кожны ўзор наносіцца інфармацыя пра структурныя асаблівасці: поры, каверны, расколіны.

Усе гэтыя маніпуляцыі з кернам даюць магчымасць спецыялістам-літолагам дабытую інфармацыю сінтэзаваць і супастаўляць.

— Мы складаем дыяграмы генеральнага складу парод, — расказвае спецыяліст-літолаг Яўгеній Калейчык і паказвае карту, на якой жоўтым колерам вызначаны мясціны, дзе могуць быць найбольш спрыяльныя для знаходжання нафты пароды. — Такія карты дапамагаюць пры пошукавых геолагаразведачных работах і пры дараспрацоўцы і даразведцы дзейных залежаў. А вось тут у нас калекцыя розных парод — каля 200 узораў. Яна характарызуе прадукцыйныя і непрадукцыйныя гарызонты Прыпяцкага прагібу.

Менавіта такія комплексныя даследаванні дазваляюць ацаніць перспектывы нафтаноснасці той ці іншай тэрыторыі, падкрэслівае намеснік дырэктара па геолагаразведачных работах Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты Барыс
Дубінін:

— Магчыма, знешне работа геолага-літолага не вельмі эфектная, але менавіта яна дазваляе спрагназаваць месцазнаходжанне новых радовішчаў і атрымаць інфармацыю па павялічэнні здабычы вуглевадародаў.

Керн.

Дарэчы, вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта» сёлета плануе павялічыць на 60 % у параўнанні з леташнімі паказчыкамі ўзровень пошукава-разведачнага свідравання. Намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання Пётр Поўжык кажа, што прадпрыемства пастаянна нарошчвае аб'ёмы геолага-разведачных работ:

— Задача наступнага года: нарасціць метраж пошукава-разведачнага свідравання да 32—33 тысяч пагонных метраў. Упершыню на прадпрыемстве пастаўлена яшчэ адна амбіцыйная задача: кампенсаваць на 100 % узровень гадавой здабычы нафты за кошт прыросту запасаў — гэта 1 мільён 670 тысяч тон. Летась атрымалася выйсці па гэтым паказчыку на 85 %. Мы сёння працуем з заказчыкамі з Расіі, Украіны, Індыі, Эквадора, Венесуэлы. Адна з сучасных задач — нарошчванне экспартнага патэнцыялу Цэнтра апрацоўкі, даследавання і захоўвання керну.

Прыпяцкі прагіб — буйная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размешаны на поўдні і паўднёвым усходзе Беларусі. Яго працягласць 280 км, шырыня да 150 км. З адкладамі Прыпяцкай упадзіны звязаны радовішчы нафты, каменнай і калійных соляў, каменных і бурых вугалёў, гаручых сланцаў, прэсных, мінералізаваных і тэрмальных вод, будаўнічых матэрыялаў...

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.