Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Хлопец зрабіў прапанову каханай з дапамогай каровы

Фермер з Шатландыі зрабіў сваёй дзяўчыне прапанову рукі і сэрца, напісаўшы маркерам фразу «Ты выйдзеш за мяне?» на адной са сваіх кароў.

Спачатку сяброўка фермера заўважыла, што на баку жывёлы нешта напісана, але не змагла прачытаць, паколькі карова ў гэты момант павярнулася іншым бокам. Калі жывёла падышла бліжэй да пары і дзяўчына ўбачыла напісанае пытанне, яе каханы ўжо стаяў перад ёй на каленях з пярсцёнкам. Па словах жаніха, карова па мянушцы Кучараўка больш за ўсіх падабаецца яго выбранніцы.

Дзяўчына адказала згодай свайму маладому чалавеку. Пазней яна апублікавала ў сацыяльных сетках фатаграфію каровы з надпісам на баку. Фермер адзначыў, што накіруе запрашэнне на вяселле і Кучараўцы, аднак не ўпэўнены, што яна гатовая яго прыняць.


Ашуканцы выдалі дзяўчыну замуж падманам

А вось жыхарка Ганконга, у адрозненне ад шатландскай дзяўчыны, апынулася замужам за незнаёмым мужчынам з КНР, зусім не жадаючы гэтага, паведамляе выданне Sоuth Сhіnа Mоrnіng Роst.

21-гадовая дзяўчына звярнула ўвагу на аб'яву, якая абяцала нядрэнную зарплату і не патрабавала вопыту работы. Калі яна звярнулася на пазначаны адрас, яе ўгаварылі запісацца на бясплатныя курсы арганізатараў вяселляў. Падчас выпускнога экзамену пасля заканчэння курсаў, які праходзіў у кітайскім горадзе Фучжоу, дзяўчыне прыйшлося гуляць ролю нявесты і распісацца з нейкім мужчынам, які іграў жаніха. Арганізатары курсаў запэўнівалі яе, што пасля экзамену шлюб анулююць. Вярнуўшыся ў Ганконг, яна даведалася, што гэтага не адбылося.

Дзяўчына мяркуе, што стала ахвярай махляроў, якія падманам выдалі яе замуж за незнаёмца. За справу ўзяліся юрысты Федэрацыі прафсаюзаў Ганконга, дзе мяркуюць, што пацярпелі і іншыя жанчыны. Хутчэй за ўсё, некаторыя з іх нават не здагадваюцца, што заключылі афіцыйны шлюб. Махляроў маглі цікавіць дазволы на пражыванне ў Ганконгу, якія выдаюцца грамадзянам КНР у тым выпадку, калі іх муж або жонка жывуць у гэтым горадзе.


Жанчына выратавала жыццё кавалеру на першым спатканні

Паводле інфармацыі Thе Mіrrоr, у яго здарыўся сардэчны прыступ.

Амерыканскі анестэзіёлаг Эндзі Трэйнар расказала, як на першым спатканні была вымушаная зрабіць масаж сэрца і штучнае дыханне свайму кавалеру. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Санта-Круз у Каліфорніі. 45-гадовую Трэйнар запрасіў на спатканне яе 56-гадовы знаёмы Макс Мантгомеры, які прызнаўся ёй у сімпатыі. Пара адправілася на пляж, дзе яны каталіся на надзіманых дошках. Калі мужчына выйшаў з вады, ён нечакана страціў прытомнасць і ўпаў. Трэйнар паспрабавала прамацаць яго пульс, але яго не было, і яна пачала сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Сведкі здарэння выклікалі «хуткую». На наступны дзень Максу зрабілі каранарнае шунціраванне.


Прадавец ляпіў рыбам вочы

У Кувейце закрылі рыбны магазін за махлярства. Як паведамляе Твітэр-акаўнт выдання Аl Bауаn, прадавец прыляпляў пластыкавыя вочы на рыб, каб яны здаваліся свежымі.

Па звестках выдання Аl Аrаbіуа, падман выявіўся, калі пакупніца пачала мыць рыбу і прылепленае вока адвалілася. Яна падзялілася здымкамі ў сацыяльных сетках, дзе яны здабылі вірусную папулярнасць. На іх звярнула ўвагу і міністэрства гандлю, яго прадстаўнікі звязаліся з жанчынай, а затым закрылі рыбны магазін. Як паведамляецца, прадавец ведаў, што пакупнікі вызначаюць свежасць рыбы па колеры вачэй, і хаваў пажоўклую вясёлкавую абалонку пад налепкай.

Карыстальнікі «Твітэра» з усяго свету пасмяяліся з няўдачлівага прадаўца і назвалі метад непераканаўчым.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.