Вы тут

Нататкі пра творчасць празаіка Івана Капыловіча


Кожны раз, калі ў рукі трапляецца самабытная і па-сапраўднаму рэалістычная проза Івана Капыловіча, на сёння аднаго з найстарэйшых беларускіх пісьменнікаў, ужо з першых старонак прыемнага чытання пра жыццё-быццё на Мазырскім Палессі мне з якойсьці неўтаймоўнай прагай пачынае згадвацца мая родная Ганцаўшчына, такая ж лясная, балотная, з мноствам дробных, выпрамленых меліяратарамі, рачулак, і нават тая самая Прыпяць, што і ў Мазыры, дзесьці наводдаль, за Ліпскімі балотамі, усё адчувальней закранае інтарэсы тутэйшага жыхарства. З асаблівым задавальненнем чытаю твор за творам і, перш чым загарнуць вокладку, нечакана лаўлю сябе на думцы: дык ён жа, назіральны і дакладны ў дэталях аўтар, малюе ў нечым вельмі блізкае і ў той жа час зусім адрознае Палессе — з уласным бытам, адметным фальклорам і песнямі, жывой паляшуцкай мовай, што дужа адчуваецца як у ранняй, так і ў пазнейшай прозе пісьменніка.


Дакладным мастацкім словам ён паказаў знешні і ўнутраны свет сваіх землякоў, род іх занятку. Часцей за ўсё гэта непасільная праца ад ранку да вечара: вясной — на сяўбе, улетку і ўвосень — на ўборцы ўраджаю, а колькі высілкаў і старання вымагае адна толькі нарыхтоўка сена на тым жа гіблым балоце, да пояса ў рудой, іржавай вадзе. Герояў прозы Івана Капыловіча мы бачым таксама то на рыбалцы, то ў час збору грыбоў і ягад, а то і на паляванні, з важным для чытача ўдакладненнем: у навакольных вёсках ніколі не трымаюць стрэльбаў, а здабываюць дзічыну хіба што пасткамі і іншымі падручнымі сродкамі. Людзі тут берагуць прыроду. Ведаюць: хопіць ім і застанецца ўнукам. Аднак за балотнымі астравамі і прыпяцкімі пушчамі, за спрадвечнай бездаражжу, калі гіблымі ляснымі балацявінамі праехаць можна толькі зімой, у люты мароз, мясцоваму насельніцтву схавацца не ўдаецца ад чарнобыльскага ліха і наступстваў цывілізацыі, а ў апавяданнях і аповесцях пісьменніка заканамерна ў ціхія палескія краявіды ўкрапваюцца вышкі нафтапромыслаў, таму што там далей, каля самага Мазыра, пачалася вялікая будоўля. Надта хутка, проста ўвачавідкі акурат гэтая будоўля памяняла ўклад жыцця палешукоў: людзі, асабліва маладыя, зрываюцца з наседжанага котлішча, вёска пусцее. Туды, у Міхалкі, будаваць нафтавы завод едуць скуль толькі хочаш — з Расіі, Украіны, Каўказа.

«Скажы ты мне, карчу старому, усе маладыя некуды едуць, бягуць з сяла, як ты гаворыш, на перадавую. А ў нас, у Чарніцах, хто зямельку абрабляць стане? Старыя?» — так з вялікай душэўнай трывогай і крыўдай патомны селянін Раман спрабуе дакараць свайго сына Андрэя — дарэчы, вельмі цікавага персанажа з апавядання «Зноў дома».

Ад падобных думак робіцца нядобра і Надзеі Нічыпараўне, гераіні аповесці «Правінцыялка». Настаўніца пачатковых класаў, ідучы на заняткі ў школу, міжволі заўважае хаты, двары, дзе пустазелле, стаўбур, быльнёг. Адны падаліся да дзяцей у горад, іншыя сарваліся на нафтавыя радовішчы, недзе не надта далёка, але і няблізка.

Прызнаюся шчыра: да творчасці Івана Капыловіча ў мяне свая, асаблівая прыхільнасць, а пачалася яна даўно, яшчэ з юнацкага ўзросту, дакладней, у 1966 годзе, калі пасля сярэдняй школы дзве зімы я ўжо адпрацаваў у Ляхавіцкай раённай газеце — тады агульным выданні аб’яднаных раёнаў, таго ж Ляхавіцкага і памежнага, Ганцавіцкага. Памятаю, журналісты рэспубліканскіх газет ахвотна наведваліся ў нашу рэдакцыю, дзе можна было распытаць, як лацвей даехаць у патрэбную гаспадарку, запісаць такія-сякія звесткі пра перадавікоў вытворчасці. Менавіта там, у Ляхавічах, я пазнаёміўся з супрацоўнікамі маладзёжнай газеты «Чырвоная змена» Васілём Макарэвічам, Алесем Бяржынскім, Іванам Кірэйчыкам, Алесем Калеснікам, Санем Шлегам і іншымі журналістамі. Будучы тут у камандзіроўцы, раённую газету не абмінуў і малады Іван Капыловіч, на той час студэнт апошняга курса журфака і практыкант надта папулярнай сярод моладзі «Чырвонай змены». З маім загадчыкам аддзела пісьмаў А. Ф. Астапавым, вопытным газетчыкам і былым партызанскім камандзірам, яны сядзелі доўга, размаўлялі, а я ўважліва слухаў, таму што і сам ужо друкаваўся ў паважанай «Чырвонцы» з карэспандэнцыямі і першымі падборкамі вершаў. А неўзабаве чытаў і справаздачны матэрыял І. Капыловіча — замалёўку пра маладую даярку адной з перадавых гаспадарак раёна. Замалёўка пачыналася вельмі цікава, з вобразнага апісання сучаснай вёскі, калі адданая працы дзяўчына спяшаецца на ранішнюю дойку і па дарозе міжволі заўважае, як з густога туману, быццам на фотаплёнцы, пачынаюць праяўляцца хаты, розныя гаспадарчыя пабудовы, вулічныя прысады.

Зразумела, пасля нечаканага знаёмства з Іванам Капыловічам я ўжо з асаблівай увагай чытаў усе газетныя матэрыялы: замалёўкі, нарысы, карэспандэнцыі — маладога журналіста, а тут у друку пайшлі і яго першыя апавяданні, невялікія па аб’ёме аповесці. Пра што яны? У першую чаргу пра чалавека на зямлі з непазбежнымі трывогамі і бедамі, з сённяшнімі і будучымі жыццёвымі выпрабаваннямі, а калі ў канкрэтных дэталях і вобразах, то гэта творы пра чалавечую дабрыню і міласэрнасць, пра цяжкую працу з сярпом і капачкай, з плугам і касой, у рэшце рэшт, творы пра хлеб ваенных і першых пасляваенных гадоў, хлеб з лебядою і палявым гарошкам, нясмачны і горкі, але ўсё ж гэты хлеб дапамог людзям выжыць у пагібельна суровы час.

У нашых далейшых развагах пра творчасць слыннага беларускага празаіка, мне здаецца, нельга абысціся без згадвання цяжкага гора, якое ён перажыў. Аднойчы, ужо будучы штатным супрацоўнікам газеты «Чырвоная змена», падчас службовай камандзіроўкі Іван Капыловіч трапіў у аўтакатастрофу, у выніку стаў інвалідам. Пасля працяглага лячэння працаваць у рэдакцыі не змог, але, мужны па натуры чалавек, ён знайшоў у сабе сілы самым сур’ёзным чынам авалодаць мастацкай прозай і, на мой погляд, у гэтай далікатнай галіне літаратурных заняткаў мае прызнанне і трывалы чытацкі інтарэс. На сёння Іван Капыловіч вядомы як аўтар дзесяці кніг прозы, у тым ліку «поўнаметражных» раманаў «Пасынак», «Крумкач», «Калі трэба жыць», што выйшлі ў выдавецтвах краіны ў розныя гады. Творчасць пісьменніка не абмінала ўвагай крытыка, у прыватнасці, пра асобныя ягоныя кнігі пісалі П. Дзюбайла, А. Марціновіч, У. Саламаха і іншыя.

Тут я вымушаны зрабіць адну істотную агаворку, але яна тычыцца не толькі Івана Капыловіча, а, бадай, усяго пасляваеннага пакалення, да якога ён належыць і якому асабліва нялёгка было «прабіваць» у друк свае творы. Хіба што сітуацыя з выданнем першых кніг трошкі палепшылася ў пазнейшы час, а з развалам Савецкага Саюза кнігавыдавецкая справа наогул апусцілася да крытычнай адзнакі — мізэрныя наклады, смешныя ганарары, кошты на кнігі, дык, паводле Ю. Свіркі, проста «на ўзроўні вяршыняў каўказскіх». Дарэчы, пра гэтую скрушную сітуацыю Іван Капыловіч грунтоўна разважае ў аповесці «Рубеж» на прыкладзе кнігавыдавецкай фірмы «Пасад», але сам аўтар за многія гады не выдаў ніводнага твора, што пачало сур’ёзна трывожыць прыхільнікаў творчасці выдатнага пісьменніка. Выснова тут адна: няма новых кніг — забываецца і прозвішча празаіка ці паэта, якім бы ён пашаноўным нядаўна ні быў.

Такая чытацкая няўвага, на шчасце, абмінула Івана Капыловіча. Зусім нядаўна з друку выйшла новая кніга прозы «Ураган» («Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2018). У кнігу ўвайшлі тры аповесці — «Рубеж», Ураган», «Правінцыялка». Героі кнігі — людзі рознага ўзросту, адны з іх ужо даволі сталага веку, іншыя — зусім маладыя, але аб’ядноўвае іх неабыякавае стаўленне да рэчаіснасці, яны не баяцца адстойваць уласныя прынцыпы, выступаюць супраць любой несправядлівасці, шукаючы, як кажуць, сваё месца пад сонцам, хоць у пошуку ісціны часам робяць непапраўныя памылкі. Жаданне пражыць на зямлі сумленна, годна, па-чалавечы глыбока сягае ў сферу псіхалогіі і гуманізму, ставіць як раннюю, так і пазнейшую прозу Івана Капыловіча ў адзін шэраг з найлепшымі набыткамі сучаснай беларускай навелістыкі.

Сюжэт аповесці Івана Капыловіча «Рубеж», якой адкрываецца кніга, вымалёўваецца з першай фразы: «Антон вырашыў цвёрда: трэба будаваць дачу». У ягонай двухпакаёвай кватэры не раскоша, а ўлетку духата, і да маці, за трыста вёрст на Палессе, не наездзішся. Антон амаль перастаў ездзіць у камандзіроўкі, менш пачаў пісаць у газету — будаўніцтва сасновага доміка вымагае свайго, а, як чалавек сумленны і прынцыповы, Антон не прымае дробныя паслугі розных добразычліўцаў. Як-кольвек дачу ён усё ж давёў да ладу, аднак любоў да родных прыпяцкіх лясоў і балот не праходзіць: па-ранейшаму наведваецца ў вёску на сваім дапатопным «масквічы». У адной з такіх паездак ён прызнаўся маці, што вельмі многае ў ягоным асабістым жыцці за апошні час рэзка памянялася: удачлівы і прадпрымальны сябар, аднакурснік Сяргей звабіў таленавітага Антона да сябе, у прыватную кнігавыдавецкую фірму, адразу на высокую пасаду — намеснікам генеральнага дырэктара. Цяпер ён мае добрую зарплату, не пакрыўджаны прэміямі, атрымаў ад фірмы чатырохпакаёвую кватэру, ды і ўласным дачным домікам не грэх залюбавацца. Але на душы ў Антона трывожна, ён не ўмее і не жадае прыслугоўваць начальству, усялякім махлярам.

Свайго ўвогуле сімпатычнага галоўнага героя аўтар пакідае на раздарожжы, заблытаным з галавой у жорсткія сеткі новых эканамічных адносін. Антон, праўда, засноўвае жаночы часопіс, здае ў друк першы нумар, і мы будзем спадзявацца, што ў вопытнага газетчыка і рэдактара ўсё атрымаецца як найлепш. Неяк забіраючы маці да сябе ў горад (бо яна ўжо зусім саслабела), Антон нечакана для сябе звярнуў да вясковай царквы, што стаіць паблізу вялікай дарогі. Маці сказаў: «Хачу паспавядацца. Перад сабой, перад табой, маці, перад Палессем, перад Богам. Хіба я не грэшны?» У глыбокім роздуме Антон спыніўся каля алтара, пачаўшы спавядальную размову з айцом Ігарам. Ён яшчэ і сам цьмяна разумее, у чым тут справа. Не аднаго яго жыццё прыбіла да берага, дзе горыч, расчараванне, і ты бяжыш, уцякаеш ад самога сябе, ад рэчаіснасці, якая вяжа рукі і ногі. У часе спантаннага роздуму Антон добра чуе і тое, што сказаў яму пад канец айцец Ігар: «Трэба слухаць сваю душу і сэрца. Праз іх ідзе наш шлях да ісціны».

Усё ж няпростая, светлая і надзвычай сучасная цудоўная проза Івана Капыловіча. Вартасць кнігі «Ураган» адразу ўзрастае, калі нагадаць, што ў айчыннай белетрыстыцы гэта ці не першы мастацкі водгук на змену грамадскай фармацыі і ўслед за тым — змену ўсяго ўкладу жыцця. Нядзіўна, што персанажы — часцей людзі разгубленыя, не могуць ужыцца ў рыначных эканамічных адносінах і шчыра шкадуюць ранейшай стабільнасці, няхай і адноснай.

Пра яшчэ адзін твор з аднайменнай кнігі — аповесць «Правінцыялка» — колькі цёплых слоў сказана на пачатку гэтых нататак, але, мяркую, не лішнім будзе напомніць, адкуль пайшла такая, увогуле дзіўная, назва. Галоўная гераіня твора Надзея Нічыпараўна Кравец была байцом партызанскага атрада, вучыла дзяцей грамаце, рызыкуючы жыццём, выконвала баявыя заданні. Пасля заканчэння вайны Надзея Нічыпараўна адмовілася ад прапановы начальства пераехаць у горад, засталася настаўніцай пачатковых класаў у сваёй вёсцы Востраў. Вось за нечаканую ўпартасць і вернасць роднай зямлі раззлаваны начальнік з Мазыра і назваў жанчыну правінцыялкай. Надзея Нічыпараўна не пакрыўдзілася, бо і праўда дужа любіць гэты чароўны куточак Палесся. Толькі на старасці гадоў дзецям удалося ледзь не падманам перавабіць маці ў раённы цэнтр.

Мяне, даўняга прыхільніка творчасці пісьменніка, радуе каларытная, жывая мова Івана Капыловіча. Перад тым, як сказаць пахвальныя словы, я знарок перачытаў першую кнігу празаіка «Сонца садзіцца ў травы», і цяпер, праз многія дзесяцігоддзі, хочацца паўтарыць адно: удалы быў дэбют! З арыгінальнымі палескімі сюжэтамі, з каларытным мазырскім слоўнікам. У аповесці значна пазнейшай — «Рубеж» — Іван Капыловіч з вялікай любоўю напіша: «Антон гадзінамі мог слухаць паляшуцкую мову — шчырую, напеўную, журботную. Тое, што казалі яму простыя людзі, ішло з глыбіні душы, было без фальшу і падману».

Новая кніга Івана Капыловіча «Ураган» заслугоўвае быць вылучанай па Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Лепшы твор прозы за 2018 год».

Віктар ГАРДЗЕЙ

Загаловак у газеце: Слухаць сваю душу і сэрца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.