Вы тут

Першае купанне нованароджанага немаўляці — не проста «працэдура»


Першае купанне нованароджанага немаўляці — не проста «працэдура». У беларусаў — гэта амаль што абрадавая падзея, накшталт першага прычасця. У даўнейшыя часы на першае купанне запрашалі найбольш дасведчаную і вопытную кабету, абавязкова добрую, чулую, незайздросную, каб, не барані бог, не сурочыла дзіцятка!

За гэтую паслугу абавязкова належыла заплаціць хоць невялікія грошы купальшчыцы, якую з гэтага часу называлі «бабкай», прычым нягледзячы на ўзрост.


Сёння гэтая традыцыя амаль што знікла. Маладыя мамачкі самі купаюць сваіх немаўлятак, бо вучацца гэтаму яшчэ да нараджэння дзіцяці ў кансультацыях і паліклініках.

...Настачка нарадзілася сямімесячнай. Хоць і пратрымалі яе ў бальніцы значны тэрмін, але яна ўсё роўна больш нагадвала нейкага галавасціка, чым дзіця: вялікая галоўка, сплюшчаны, нібы печаны яблык, тварык, худзенькія ручкі і ножкі. Маладыя бацькі нават спавіваць яе баяліся. Калі ж спатрэбілася тэрмінова пакупаць дзіця, яны і ўвогуле вырашылі звярнуцца па дапамогу да суседкі па пляцоўцы — бабы Валі. Ніхто не ведаў, ці ёсць у бабы Валі свае дзеці, бо ніколі не бачылі іх, аднак усім суседзям было вядома, што Валянціна Пятроўна — ветэран вайны. Ды і што казаць, жанчына яна была энергічная, дзелавітая, напорыстая. Увесь дом звяртаўся да яе па парады, па дапамогу, і не было выпадку, каб яна каму-небудзь адмовіла. Толькі скажа: «Нічога — на фронце і не такое было!»

Не адмовіла баба Валя і нашым маладым, адразу загадала: «Рыхтуйце начоўкі, — і дадала: — Прарвёмся: на фронце і не такое было».

Тата Вова наліў вады ледзьве не па самыя берагі, па загадзе бабы Валі крыху падфарбавалі ваду марганцоўкай. Апусціўшы локаць у ваду, мама Вера праверыла ці не загарачая яна. І Валянціна Пятроўна, распавіўшы дзяўчынку, падхапіла яе пад ручкі і асцярожна апусціла ў ваду...

Галоўка немаўляці, якая спачатку хісталася ўправа-ўлева, раптам «зафіксавалася» на паверхні вады, як паплавок; ножкі, якія да гэтага былі падціснуты пад жывоцік, напружыліся і нібы пачалі шукаць дно, каб у што ўперціся. Настачка, відаць, упершыню за сваё кароценькае жыццё шырока расплюшчыла вялікія шэрыя, нібы мышкі-палёўкі, вочкі і... усміхнулася.

Па загадзе Пятроўны мама Вера пачала мыць дачушцы галоўку, паліваючы цёплай вадой з чайніка. Тым часам баба Валя памяняла «дыспазіцыю», паклаўшы немаўля гарызантальна, а маладая мама пераключылася на жывоцік і ножкі.

Калі працэдура была завершана і дзяўчынку дасталі з цёплай вады, высветлілася, што бацькі не падрыхтавалі ручнік. Каб не застудзіць немаўля, баба Валя, нядоўга думаючы, спрытна выбегла з Настачкай з ваннага пакойчыка ў спальню, дзе на ложку ляжаў забыты ручнік...

Карацей, усё абышлося, дзіця не захварэла. А крыху пазней высветлілася, што Валянціна Пятроўна хоць і была на фронце, але не ў якасці медсястры, як лічылі ўсе суседзі, а ў якасці снайпера.

Ала КЛЕМЯНОК

Загаловак у газеце: Нічога, прарвёмся, або Купанне Настачкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.