Вы тут

Недазвольная свабода герояў нашумелага фільма «Хрусталь»


Калі хочаш падкрэсліць песімістычнасць становішча — надзялі сваю гісторыю цудоўнай марай. Пакуль героі культавай карціны «Салам, Бамбей!» жабруюць на вуліцы, гэтыя самыя вуліцы абвешаны плакатамі казачных балівудскіх мрояў. Пакуль гераіня ўжо паўсюль нашумелага фільма «Хрусталь» пра беларускія 90-я сутыкаецца з абмежаваннямі непрывабнага акружэння, у яе галаве зіхаціць мара аб свабоднай Амерыцы. Работа рэжысёра Дар'і Жук, знятая ў капрадукцыі Беларусі, Расіі, Германіі і ЗША, амаль вылучаная ад Беларусі на «Оскар», выклікала які-ніякі ажыятаж у беларускай прасторы. 29 жніўня «Хрусталь» выйшаў у пракат і прымусіў гледачоў ацэньваць дакладнасць адлюстравання эпохі, таму што больш ім нічога рабіць не засталося.


Кадр з фільма «Хрусталь».

Звычайна параўнанне экраннага свету з рэальным недарэчна: хутчэй за ўсё, ніхто ніколі не пакажа 90-я такімі, якімі яны з'яўляюцца для вас, затое выбудуе іх такім чынам, каб у рамках аднаго твора, праз сваіх герояў, сфарміраваць цэльнае выказванне. Ці атрымалася гэта ў выпадку з «Хрусталём» — вялікае пытанне, сама карціна колькі-небудзь лагічнага мэсэджу не прапанавала, асцярожнічала, недаціснула, зсупярэчыла. Але што сапраўды ў фільме ёсць — гэта якраз безнадзейнае жаданне паказаць эпоху. Прынамсі, карціна прымусіла публіку ўспомніць пра сваё заканчэнне стагоддзя і неяк яго прааналізаваць.

Карацей, галоўная гераіня Эвеліна Сарока жыве ў непрывабнай, для яе несвабоднай, хоць і незалежнай, Беларусі і марыць аб Амерыцы. Яна носіць яркую вопратку, прышывае на яе лэйблы вядомых брэндаў, дыджэіць у начным клубе з хлопцам-наркаманам, не выкарыстоўвае дыплом юрыста, добра гаворыць па-английску, цягае ў маці грошы, падае заяўку на візу ў Амерыку, марыць трапіць у сталіцу хаус-музыкі Чыкага. Жыццё да яе не вельмі добразычлівае, таму замест Злучаных Штатаў яна з Мінска пакуль што трапляе ў Хрустальны — тэлефон адной з кватэр пасёлка яна «выпадкова» напісала ў анкеце на візу, і ў консульстве паабяцалі патэлефанаваць па гэтым нумары.

Як і чакалася, па абкатанай драматургічнай схеме суровая рэчаіснасць скідае галоўную гераіню з неба на зямлю, а выдатная мара паказвае крыўдную неадпаведнасць рэальнасці ўяўнай Амерыцы. Менавіта ўяўнай — імкненне Велі ў Злучаныя Штаты больш паходзіць на неадчэпную ідэю, чым на ўзважанае жаданне дарослага чалавека. Аднак пакуль яна ёсць, горыч ад парадоксаў беларускіх 90-х адчуваецца больш моцна. Рэжысёр здымае фільм па сцэнары, сама драматургія якога закліканая ўзмацніць эфект расчаравання рэчаіснасцю, але ў такой спецыфічнай літасцівай манеры, дзе «эмацыянальная рэтуш» згладжвае вострыя вуглы і не дае гледачу канчаткова страціць надзею. (Камедыйныя сцэны, насычаны матэрыяльны свет, адносна прамая эмоцый катастрафічна супакойваюць гледача.)

Уласна, гэта не адзіная супярэчнасць карціны. «Хрусталь» відавочна хоча расказаць пра беларускія 90-я, перадаць эпоху і прагу свабоды, паказаць іх матэрыяльнае напаўненне і адсылкі да сённяшняга дня — гэтым фільм, у рэшце рэшт, і прыцягвае публіку міжнародных фестываляў і правакуе дыскусіі. У той жа час, пакуль эпоха тут шмат у чым абмяжоўваецца намінальнымі рэчамі, дух 90-х не перадаецца ні рэйвамі, ні сляпым жаданнем ад іх — беларускіх — збегчы, а ўсе гэтыя целарухі не складваюцца ў цэльнае і зразумелае пасланне, больш лагічным будзе ўспрымаць у карціне асабістую драму. Драму чалавека, які загарэўся марай, але аказаўся груба зрынутым рэальным светам, што ў прынцыпе магло адбыцца ў любых лакацыях. Так, фокус на 90-х губляць вельмі крыўдна, відавочна, яны не месцяцца ў функцыю толькі фону або рандомнага антуражу, да таго ж з'яўляюцца галоўнай фішкай фестывальнага фільма, у нейкім сэнсе, і прычынай яго поспеху. Але так атрымліваецца, што гісторыя рэзкага сталення тут аказваецца больш маналітнай і сувымернай з дамаганнямі карціны, чым прэтэнзія на глабальныя катэгорыі.

Кадр з фільма «Хрусталь».

Трэба адзначыць, 90-я тут усё ж не праходзяць міма — да іх разгадкі прапануецца ключ, не толькі хрустальны лебедзь з хрустальнага завода, постсавецкія інтэр'еры і характэрнае вяселле. Але і тыповыя персанажы, матывацыі і схемы паводзін. Усё гэта прапануе нейкі вобраз ментальнасці — гаспадарлівых у сваіх вузкіх светах жанчын і безыніцыятыўных мужчын. Навакольны свет навучыў іх прыстасоўвацца, але не прапанаваў выразнага разумення, што такое «добра» і што такое «дрэнна». Таму, што б нас ні ўразіла ў фільме, мы разумеем: у логіцы адлюстраваных часу і прасторы ўсё нармальна. Адпаведна і персанажы тут не прывабныя, вядома, але і не дрэнныя. Яны сфарміраваны непаспяховым маральным асяроддзем, але самі яго фарміруюць. Замкнёнае кола.

У гэты час Веля татальна выракаецца навакольнага свету: унутраная перакананасць у тым, што Беларусь моцна саступае Амерыцы, дзе можна «казаць, як ты хочаш» і жыць у асобным ад бацькоў пакоі, прымушае яе знаходзіцца ў канфлікце з усім, што навакол. У гэтай краіне ў яе няма аўтарытэтаў, павагі да старэйшых, у тым ліку да маці, сапраўдных пачуццяў (здаецца, з хлопцам у гераіні карыстальніцкія адносіны), тым больш патрыятызму. Яна не адчувае віны за свае паводзіны, скрадзеныя грошы, эгаізм. Яна ўвогуле ў маральным вакууме. Гэта нават наводзіць на думку, што Веля ўжо недазвольна свабодная (персанажы фільма ў цэлым пазбаўленыя многіх абмежаванняў), а значыць, мара аб Амерыцы ў статусе неадчэпнай ідэі толькі пацвярджаецца.

Гэтая свабода (ці, на думку гераіні, несвабода) прыводзіць нас да дзіўнага фіналу і чарговай супярэчнасці «Хрусталя»: у той час, як па сэнсе Веля перажывае абсалютны правал, яна з'язджае ў поўным надзей аўтобусе да невядомай і сонечнай будучыні.

На гэта можна паглядзець як на знак: фільм поўны супярэчнасцяў таксама, як і 90-я. З іх свабодай і несвабодай адначасова, галечай і магчымасцямі казачна «наварыцца», неўладкаванасцю, але надзеяй на будучыню.

Але што сапраўды варта ўвагі ў «Хрусталі» — гэта заяўка на паказ менталітэту праз камедыйныя, карыкатурныя альбо непрыемныя сцэны, трагедыя чалавека, што ўсвядоміў якасць навакольнага свету, і сувязь 90-х — тых, якімі яны тут паказаныя — з сённяшнім часам. Натуральна, дзесяцігоддзе пасля распаду Савецкага Саюза з’яўляецца для сённяшніх беларусаў вызначальным перыядам, і калі карціна Дар’і Жук не прадстаўляе выразную пра іх канцэпцыю, яна прынамсі становіцца нагодай звязаць іх з 2018-м самастойна.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Рэчаіснасць супярэчнасцяў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.