Вы тут

Перад чытачом — як перад Богам


Спавядальная проза — жанр небяспечны, бо можа пісьменніка як узвысіць і выклікаць небывалую цікавасць з боку чытача, давер і любоў, так і знішчыць, загнаўшы ў своеасаблівую пастку: усё залежыць ад шчырасці. Аднак жанр і найцікавейшы, асабліва калі твор напісаны таленавіта і дыхае сапраўдным жыццём, а не сурагатам магчымага жыцця. Узорам падобнай прозы можна лічыць непаўторныя раманы, насычаныя неверагоднай сілай агалення душы, — Генры Мілера, Чарльза Букоўскі, Джэка Керуака. Вартыя ўвагі таксама «Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага» Анатоля Кудласевіча, у якіх з непасрэднай шчырасцю аўтар засяроджвае ўвагу не толькі на сабе і падзеях, што датычацца, здаецца, толькі яго, але і дзеліцца неацэннымі, найкаштоўнейшымі звесткамі пра жыццё Анатоля Сыса ў 1990-я гады.


«Час жніва і час пакаяння» Наталіі Касцючэнкі («Мастацкая літаратура», 2018), аповесць-эсэ ў аўтарскім перакладзе, па вызначэнні самой пісьменніцы, — з шэрагу менавіта спавядальнай прозы. Твор пісаўся на працягу дзесяці гадоў і, па ўсім відаць, каштаваў аўтарцы немалых высілкаў. Бо, каб спавядацца перад чытачом як перад Богам, трэба мець не абы-якую мужнасць, тым больш жанчыне. Тым больш жанчыне, якая мела паспяховы бізнес, звязаны з фітадызайнам, пра што даведваемся са старонак аповесці. Але прага да слова, беларускага слова, і жаданне яшчэ з юнацкіх гадоў быць пісьменніцай перамагаюць у рэшце рэшт усе «за» і «супраць». І гэта подзвіг, сапраўдны подзвіг па сённяшніх часах, — быць беларускай пісьменніцай. Як і напісанне вышэйназванай аповесці — таксама подзвіг.

Твор падзелены на асобныя, вытрыманыя ў адмысловых часавых прамежках, часткі, у якіх Наталія нібыта намагаецца растлумачыць, у першую чаргу самой сабе, чаму ўсё склалася не так, як марылася ў дзяцінстве, і свой доўгі шлях да таго моманту, калі з годнасцю змагла назваць сябе пісьменніцай, нікога не саромеючыся і не зважаючы на незадаволенасць сваякоў.

Спачатку мы бачым яе пяцігадовай дзяўчынкай, маўклівай і ўразлівай, якая бачыць неверагодныя сны, што будуць пераследваць яе ці не ўсё жыццё і трывожыць прароцкімі вобразамі. Яна жыве ў вёсцы побач з украінскай мяжой разам з бабуляй і не вельмі хоча жыць у горадзе. Нават збягае ад бацькоў, калі тыя прыязджаюць па дачку, бо ў школу мусяць яе аддаць гарадскую. Сцэны, дзе згадваецца Украіна, прасякнуты непрыхаванымі болем і тугой, бо неўзабаве выбухне атамны рэактар у Чарнобылі, чад ад якога накрые і бабуліну вёску.

У горадзе Наталія вучыцца ў школе, потым паступае на сельскагаспадарчы факультэт тэхналагічнага інстытута, бо на філфак ці журфак забараняе бацька — неаспрэчны аўтарытэт — фізік…

І тады…

Найбольш шчымлівай, прасякнутай шчырым пачуццём і жалем, але ні ў якім разе не шкадаваннем, з’яўляецца неверагодная частка пра каханне пад назвай «Здрада». У першым жа сказе Наталія прызнаецца, што да гэтага пра каханне ніколі не пісала, і ёй верыш, верыш да апошняга слова, бо яна распавядае, нічога не ўтойваючы і не шкадуючы сябе, менавіта сябе, пра адносіны са сваімі трыма мужчынамі, двое з якіх пасля сталі яе мужамі, але кахала яна першага. Усе яны былі вельмі розныя. Адзін, як сёння модна казаць, шыкоўны брутал, другі — эгаістычны прыстасаванец, зацыклены адно на сабе, трэці — ціхмяны і рахманы, больш падобны на сына, чым на мужа. Дарэчы, другі мужчіна, але першы муж, за якога Наталія выйшла замуж пад уздзеяннем бацькоў, няздатны аформіць уласныя думкі ў напісаныя словы, выкарыстоўвае пісьменніцкі талент жонкі ў асабістых мэтах. Яна піша за яго навуковыя і публіцыстычныя артыкулы, а ён падпісвае пад імі сваё імя, упэўнены, што Наталія ніколі пад сваім іменем не надрукуецца, бо хто яна, а хто ён. Падобнае, між іншым, ужо здаралася, напрыклад, у сям’і вялікага амерыканскага пісьменніка Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, які напісаныя жонкай Зельдай апавяданні публікаваў пад сваім іменем і нават выкарыстаў яе дзённік як падмурак для некалькіх сваіх раманаў. Ён не сумняваўся ва ўласным таленце і ў падобных учынках не бачыў нічога крымінальнага. Як скончыла Зельда — усім вядома. Наталіі пашанцавала больш.

Споведзь ліецца далей як рака, яе не спыніць. Калі пераадолены і размыты берагі ўласнага эга — лягчэй прызнавацца ў памылках, прабачацца перад тымі, хто не варты твайго даравання, нема крычаць аб стратах блізкіх, якіх не вернеш ніколі, але з надзеяй пазіраць у будучыню, бо, па праўдзе кажучы, усё яшчэ наперадзе. Жыццё — аптымістычная трагедыя, аднак такое цікавае!..

Пяць апавяданняў, дапасаваных да аповесці, напісаныя сакавітай мовай, як бы працягваюць Наталліну споведзь, ды ўжо не пра сябе, а пра тых, хто назаўсёды застаўся толькі ў памяці, бо адных накрыла Чарнобылем, другіх — злая сіла несправядлівасці, а трэціх — нябачнае прасцірадла любові да жыцця, чалавецтва, зямлі.

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.