Вы тут

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт


Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне

У верасні ў Мінску ўпершыню прайшоў міжнародны турнір па бадмінтоне Belarus Іnternatіonal, ён стаў тэставым да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. На Falcon Club арэне, дзе пройдуць спаборніцтвы ў 2019 годзе, праверыць сябе мелі магчымасць не толькі спартсмены, але і арганізатары. Трэба сказаць, што ім гэта ўдалося, беларусы заслужылі пахвалу не толькі сваіх бадмінтаністаў, але і замежных. Што датычыцца спартсменаў, то прадстаўнікі нашай каманды двойчы падымаліся на п'едэстал. Алеся Зайцава стала бронзавым прызёрам турніру ў жаночым разрадзе. Другі медаль (таксама бронзавы) зборнай Беларусі ў змешаным разрадзе прынесла Настасся Чарняўская, якая выступіла ў пары з расіянінам Андрэем Клімянковым. З Насцяй мы і сустрэліся для інтэрв'ю, каб даведацца пра беларускі бадмінтон крыху больш.


— Настасся, міжнародны турнір упершыню прайшоў у Мінску, арганізатары справіліся?

— Так, арганізацыяй засталіся задаволеныя не толькі беларускія спартсмены, але і замежныя, усё прайшло на добрым, высокім узроўні, без накладак. Вельмі добрая арэна, зала. Для бадмінтона там былі створаны ўсе ўмовы, мы адчувалі сябе камфортна і ўтульна, адчувалася, што мы гуляем дома.

Для спартсмена заўсёды важна, каб ён меў у свабодным доступе свой расклад, бо часта гулец праводзіць у дзень не па адным матчы, асабліва калі выступае адразу ў некалькіх разрадах, і таму можа праводзіць у зале цэлы дзень. Што датычыцца тэхнічных момантаў, зала павінна адпавядаць пэўнай вышыні столі, улічваецца хуткасць ветру, кандыцыянеры, асвятленне, колер сцен, не буду ўдавацца ў дробныя дэталі далей. У Falcon Club у гэтых адносінах усё было добра.

— Калі казаць пра гульню, ці задаволены вы сваім вынікам?

— У пары з Алесяй Зайцавай хацелася б выступіць лепш, таму што мы з ёй гулялі не першы раз і рыхтуемся да Еўрапейскіх гульняў, ну і дома хацелася паказаць добры вынік, трошкі не склалася. Адзіночкай я задаволеная (дайшла да 1/8), хоць можна было і там згуляць лепш, але адбілася, можа быць, хваляванне або няўпэўненасць. Акрамя гэтага, гуляла мікст, вось там і заваявала бронзавы медаль, таму ў цэлым задаволена сваім вынікам на гэтым турніры.

— Наогул тое, што бадмінтон уваходзіць у праграму Еўрапейскіх гульняў, вялікі плюс для віду спорту?

— Вядома, хочацца, каб людзі даведаліся, што бадмінтон — гэта рэальны від спорту, прытым алімпійскі. Гэта не проста захапленне для пікніка ці вуліцы, а цяжкая праца, вынікі даюцца нам не так лёгка. Да таго ж бадмінтон — відовішчная гульня. Хацелася б, каб людзі ставіліся да нашага віду спорту лепш, каб яны былі развітыя ў спартыўным плане.

— Адсочваеце сітуацыю ў бадмінтоне, цікавасць павышаецца?

— Калі шчыра, пакуль слабавата. Нават калі ўзяць нядаўні турнір у Мінску, туды прыходзілі ўсе тыя, хто да гэтага цікавіўся бадмінтонам, аматары, якія самі ў нас на арэне гуляюць, бацькі, знаёмыя, сябры. І толькі адзінкі новых людзей, якія прыйшлі паглядзець на бадмінтон упершыню.

Але калі казаць у цэлым аб нашым відзе спорту, аб яго развіцці ў плане спартсменаў, а не глядацкага інтарэсу, то сітуацыя пачынае змяняцца ў станоўчы бок. Да кіраўніцтва прыйшлі новыя людзі. Да нядаўняга часу мы назіралі зацішша, раней была добрая канкурэнцыя ўнутры каманды, потым яна знікла і цяпер вось пачынае зноў з'яўляцца. Бо гэты від спорту не вельмі папулярны ў Беларусі, зарабіць на ім вельмі складана, большасць добрых і таленавітых спартсменаў робяць выбар не ў бок бадмінтона.

— Вы былі ў Баку на І Еўрапейскіх гульнях, як вам наогул гэты турнір, яго фармат?

— Гэта былі самыя буйныя спаборніцтвы ў маёй кар'еры, яны ў прынцыпе набліжаныя да Алімпійскіх гульняў, таму што там сабраныя розныя віды спорту, усе знаходзяцца ў адным месцы, жывуць у алімпійскай вёсцы, ва ўсіх адна мэта, усё дружна і арганізавана.

— Наколькі моцная канкурэнцыя чакаецца ў Мінску?

— Думаю, што ўсе сусветныя «зоркі» прыедуць, таму што ў Баку за ўдзел і прызавыя месцы не даваліся рэйтынгавыя ачкі. Гэта для спартсменаў вельмі важна, бо яны ўплываюць на іх рэйтынг. У Мінску сітуацыя іншая, спартсмены атрымаюць ачкі і яны ў тым ліку будуць уплываць на адбор на Алімпіяду 2020 года.

— Якія задачы ставіць перад вамі кіраўніцтва на дамашнія Еўрапейскія гульні?

— Вельмі вялікія. Вядома ж, застацца з медалямі. Мы будзем рабіць усё, што магчыма, будзем імкнуцца не падвесці. Падрыхтоўка ўжо пачалася, згуляем досыць турніраў зімой, але кантрольны старт будзе вясной, у красавіку пройдзе чэмпіянат Еўропы, па сутнасці, гэта будзе рэпетыцыя Гульняў, таму што на гэты турнір такі ж адбор і прыедуць тыя ж спартсмены. Наогул, для бадмінтаністаў важна гуляць шмат і рэгулярна, гэта ўплывае на рэйтынг спартсмена.

— Акрамя адзіночнага разраду на Еўрапейскіх гульнях згуляеце з Алесяй Зайцавай пару. Быць у тандэме складана?

— На жаль, з-за таго, што мы з Алесяй жывём у розных гарадах, трэніравацца разам атрымліваецца вельмі рэдка. У кожным разрадзе — і парным, і адзіночным — ёсць свае асаблівасці і ў тэхнічным, і ў псіхалагічным плане. Нават вызначыць, які з іх мне падабаецца больш, не магу.

— Вашы бацькі — спартсмены, мама шматразовая чэмпіёнка Саюза па бадмінтоне, тата баскетбаліст. Яны паўплывалі на ваш выбар прафесіі?

— Не, абсалютна, можна сказаць, што нават былі супраць таго, каб я займалася спортам. Я доўгі час танцавала, а ў бадмінтон прыйшла толькі ў 12 гадоў, гэта пазнавата. Не было чаго рабіць аднойчы, прыйшла да мамы на трэніроўку, але так спадабалася, што вырашыла застацца. Дзякуючы таму, што я была добра фізічна гатовая (усе ж такі на танцах рэпетыцыі ў нас былі таксама кожны дзень), хутка пачала дамагацца вынікаў, ужо праз два гады атрымала званне майстра спорту.

— Мама да гэтага часу з'яўляецца вашым трэнерам, бацькі-спартсмены — гэта плюс ці мінус?

— Цяжка сказаць, таму што я не жыла ў сям'і, дзе бацькі б займаліся іншым родам дзейнасці. Яны давалі мне парады да гадоў 14, а зараз ужо такога няма, бацькі разумеюць, што сам спартсмен лепш ведае і адчувае, што яму рабіць і як паступіць.

— Ваша мама выступала на Алімпійскіх гульнях у 1996 годзе, кажуць, дзеці павінны быць лепшымі за бацькоў...

— Так, мама расказвала, якая класная атмасфера была на Алімпіядзе, у яе шмат уражанняў, якімі яна дзялілася са мной. Я таксама стаўлю перад сабой мэту — трапіць на Алімпійскія гульні, але не для таго, каб перарасці маму, а для сябе.

Тата не працягнуў сваю спартыўную кар'еру дзеля таго, каб развівалася мама. У мяне няма ніякай крыўды і тады не было на яе, бо мама заўсёды прывозіла з-за мяжы падарункі. Для дзіцяці гэта было вельмі важна (усміхаецца).

— Чула, што вы захапляецеся шыццём?

— Так, палюбіла гэта яшчэ ў школе, хадзіла на розныя гурткі, мне падабаецца нешта прыдумляць, ствараць. Вырашыла паспрабаваць шыццё і ўцягнулася, не толькі ж бадмінтонам жыць. Цяпер шыю блузкі, кофты, спрабую ствараць верхняе адзенне. Некаторыя не могуць сядзець і рабіць такую дробную работу, а ў мяне гэта добра атрымліваецца. Я ўседлівая, магу патраціць шмат часу і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Любоў да шыцця ў мяне, магчыма, спадчынная, сваякі былі добрымі краўцамі. Плюс маміна сястра, мая цётка, таксама шыла, нават школьную форму. Апранала і сябе, і маму.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.