Вы тут

Пад зорамі «Пятроўшчыны»


Крэатыўны падыход далучэння да акадэмічнай музыкі праз канцэрт у метро


За тры гадзіны гледачы раскупілі ўсе 400 білетаў на «Ноч класікі ў метро», што прайшла пад зорным купалам мінскай станцыі «Пятроўшчына» 14 кастрычніка. Сцэна размясцілася на платформе, шэрагі крэслаў для гледачоў абрамляліся па баках сінімі электрацягнікамі, а вестыбюль метро часова стаў грымёркай для артыстаў. Уся паўтарагадзінная праграма суправаджалася светлавым лазерным шоу. Падобная падзея ў Мінску адбылася ўпершыню дзякуючы фестывалю Юрыя Башмета, што на гэтым тыдні праходзіць у сталіцы Беларусі.

Такім чынам фестываль яшчэ раз пацвердзіў сваё рэнамэ прыхільніка арыгінальных праграм ды красовер-праектаў і перанёс у Мінск фармат канцэрта ў метро, які ўжо засвоены ў свеце. Мастацкі кіраўнік штогадовага свята музыкі Расціслаў Крымер тры гады распрацоўваў ідэю, бо цяперашні час вымагае крэатыўных падыходаў далучэння да акадэмічнай музыкі новых і маладых слухачоў, а канцэрт у начным метро вабіць сваёй незвычайнасцю. Аснову праграмы склаў East-West Chamber Orchestra, гучалі спевы зоркі Вялікага тэатра Беларусі Аксаны Волкавай, выступала харавая капэла імя Рыгора Шырмы. Пачаўся канцэрт з народных песень і фальклорных калектываў, у другой палове спявалі Іван Вабішчэвіч, група «Без білета» і ансамбль «Песняры». На заканчэнне праграмы хор і ўсе ўдзельнікі канцэрта выканалі славуты твор Ігара Лучанка на верш Якуба Коласа «Мой родны кут».

 Расціслаў Крымер падзякаваў Міністэрству культуры і Міністэрству па надзвычайных становішчах Беларусі, Мінгарвыканкаму, Мінскаму метрапалітэну і ўсім партнёрам фестывалю. І зазначыў: «Гэта неверагодная падзея для культуры. І не толькі мне здаецца, што наш канцэрт — паказчык таго, што Беларусь гатовая да самых моцных праектаў».

Надзея КУДРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.