Вы тут

Марцыял: зблізку і здалёку


З мінулага не смяюцца, але смех мае ўласцівасць прыходзіць да нас нават з далёкага мінулага. А два ці амаль два тысячагоддзі ў часе — гэта ўжо не толькі мінулае, але і вялікая даўніна. Менавіта праз столькі часу шчасліва дайшлі да нас, дзякуючы перакладу, эпіграмы старажытнарымскага паэта Марка Валерыя Марцыяла. Кнігу перастварыў па-беларуску з лацінскай мовы пісьменнік, мовазнаўца і педагог Анатоль Клышка. Пабачыла свет яна ў выдавецтве «Альфа-кніга» (Мінск, 2018).


Анатоль Клышка ўмее здзіўляць. Здзіўленнем для мяне асабіста была некалі яго «Вёска вершаў», а потым — «Буквар», «Прыгаршчы галаваломак», яго загадкі для дзяцей і дарослых. Здзівіў таленавіты пісьменнік і тут, у сваіх перакладах. Гэта не што іншае, як адкрыццё, якое прыйшло да нас праз тысячагоддзі. Іменна адкрыццём, а не знаёмствам хочацца назваць гэту кнігу. З усяго багацця Марцыялавых досціпаў перакладчык выбраў найбольш істотнае і характэрнае для аўтара Старажытнага Рыма і, думаецца, тое, чым можна якраз здзівіць і зацікавіць сённяшняга чытача.

Марк Валерый Марцыял — эпіграматыст сусветнай славы. Нарадзіўшыся ў Іспаніі, блізу сённяшняй Сарагосы, авалодваць паэтычным майстэрствам будучы творца адправіўся ў Рым. Было яму ўжо больш за дваццаць гадоў. Трапіў у добрае літаратурнае асяроддзе, хоць першую сваю кнігу — «Кнігу відовішчаў» — выдаў толькі ў 40-гадовым узросце. У «вечным горадзе», якім з’яўляўся Старажытны Рым, эпіграма намаганнямі таленту Марцыяла дасягнула незвычайнага росквіту. Трэба ўлічыць, што гэта быў пачатак новай эры, дзе ўсё новае сапраўды набывала новы сэнс. І ўперамежку, пачынаючы з апошніх гадоў кіравання Нерона да смерці імператара Даміцыяна (96 г.), таленавіты паэт з Більбіля (Іспанія) стварыў каля паўтары тысячы вельмі яркіх і іранічных замалёвак з жыцця імперыі. Менавіта 85—96 гады былі самымі плённымі ў творчасці паэта. Ледзь не штогод выдавалася па зборніку эпіграм, і ўсе яны ішлі нарасхват. Анатоль Клышка дае нам магчымасць пазнаёміцца з эпіграмамі, узятымі з чатырнаццаці кніг геніяльнага эпіграматыста, уключаючы і «Кнігу відовішчаў». Варта адзначыць, што над зборнікам перакладчык папрацаваў вельмі грунтоўна, падмацаваўшы яго даволі лаканічнай, але ўсёахопнай прадмовай і зусім не абцяжараным каментарам, як тое ўласціва многім выданням такога кшталту. Перакладчыку важна было засяродзіць чытача на саміх «жывых» эпіграмах.

Тое, што Марцыял адрасаваў сваім сучаснікам (а яго чыталі і імператары — не толькі з цікавасці, але шукаючы там сабе і панігірычнай хвалы), не страціла прыцягальнасці і ў сённяшняга чытача. Хай мінула з часу напісання эпіграм амаль два тысячагоддзі і чалавецтва ў сваім развіцці дасягнула самых неверагодных вяршыняў, чалавек у сутнасці не змяніўся. Ён гэтак жа любіць, ненавідзіць, кахае, злуецца, радуецца, хлусіць і ліслівіць. Няма нічога дзіўнага, што многія яго даўнія заганы прыйшлі з ім далёкім шляхам у наш час. Ну хіба ўстарэла вось такое:

Хваліць усіх, Калістрат, абы не хваліць самых вартых,

Ды калі кепскіх няма, хто ж будзе добрым яму?

Хіба не надзённа гучаць гэтыя марцыялаўскія радкі:

Заўтра збіраешся жыць, Постум, і ўсё паўтараеш: заўтра.

Гэтае заўтра калі, Постум, настане, калі?

Дзе яно, заўтра, такое далёкае? Дзе яго ўзяць нам?

Мабыць, схавана яно ў землях парфян ці армян?

Гэтае заўтра — Прыяму, Нестару ўжо аднагодак!

Ну дык скажы мне, за што гэтае заўтра купіць?

Жыць будзеш заўтра. Нат сёння жыць позна ўжо, Постум:

Мудры адзін толькі той, Постум, хто ўчора пажыў.

Заўважым, што аўтар знарок аддаляе ад свайго часу падзеі ў яшчэ далейшую даўнасць, выкарыстоўваючы тут імёны з гамераўскага эпасу, жадаючы, напэўна, падкрэсліць гэтым важнасць нестарэючай думкі.

Чалавек ніколі ў сваім жыцці не жадаў засяроджвацца толькі на сумным. Наадварот, у сумным ён заўсёды шукаў выйсця да вясёлага, каб аблегчыць цяжар свайго смутку. Як ні дзіўна, гэткім жа непрадказальным шляхам, ад сумнага да вясёлага, развівалася і сама эпіграма. Як памятаем, яна пачыналася фактычна з эпітафіі, з надпісу на магільным камені. Ды і ў перакладзе з грэчаскай эпіграма азначае «надпіс». І ўсё ж як сатырычны жанр эпіграма фарміравалася ў часы Марцыяла ў многім дзякуючы яму, хоць былі і да яго, хай і нязначныя, эпіграматысты. Як справядліва зазначае А. Клышка, Марцыял надаў эпіграме тую форму, з якой яна і ўвайшла ў еўрапейскую літаратуру. Старажытнарымскі паэт ведаў цану свайму востраслоўю і нездарма прароча заяўляў:

Буду на вуснах ва ўсіх я, і шмат чужаземцаў з сабою

З радасцю ў родны свой кут вершы мае панясуць.

Так яно ўрэшце і сталася. Прыемна, што гумар вялікага эпіграматыста не страціў «дасціпнай рымскай солі» і ў перакладах Анатоля Клышкі на беларускую мову. Чытаючы выбраныя радкі Марцыяла ў кнізе, пра якую вядзецца гаворка, мяне ўвесь час не пакідала адчуванне, што ўзніклі яны на нашай, беларускай, глебе. Надта ж неаспрэчная арганічнасць думак і судачыненняў. Надта многа ў іх беларускага поўнагалосся і сугалосся, сапраўднай народнай непаўторнасці слова. Мова перакладаў жывая і вобразная. Вядома ж, перакладчыку гэта каштавала вялікіх намаганняў і той пакутнай працы, якая для чытача заўсёды застаецца незаўважнай. Хоць і гучанне перастворанага бездакорна беларускае, але ў эпіграмах, вынесеных на наш чытацкі суд, даволі адчувальныя марцыялаўскі дух і дыханне самога асяроддзя далёкай старажытнасці. Гэта як уяўнае без самой уяўнасці і рэальнае, якое ніколі не пярэчыць уяўнаму.

Абсяг Марцыялавых назіранняў і бачання неабдымныя. Рымскі быт паўстае ў яго творах ва ўсіх характэрных праявах. Таму няпроста было перакладчыку, улічваючы ўсю гэту неабдымнасць, данесці да нас у параўнальна невялікай кнізе усё найбольш значнае і характэрнае для паэта. Тым не менш пры сваім адборы не абышоў увагай перакладчык яго эратычныя творы, якія доўгі час не даходзілі да чытача, застольныя эпіграмы з кніг «Гасцінцы» і «Падарункі», нават уключыў у змест эпіграмы, якія прыпісваліся Марцыялу.

Наклад гэтай кнігі невялікі, да масавага чытача яна наўрад ці дойдзе. Але для айчыннай літаратуры, на маю думку, гэта падзея і адкрыццё. Хацелася б, каб да гэтага адкрыцця далучылася як мага больш чытацкага люду. Кніга таго заслугоўвае.

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.