Вы тут

Бібліятэка заўжды ў трэндзе


Сучасная бібліятэка для дзяцей — якая яна? Адказ на гэтае пытанне шукалі бібліятэкары падчас міжнароднага семінара. На запрашэнне Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска адгукнуліся спецыялісты кніжнай справы як са сталіцы, так і з розных куткоў Беларусі і нават з расійскага Белгарада.


Сышліся на тым, што прызначэнне дзіцячай бібліятэкі не змянілася. Гэта месца, дзе заўсёды цікава, дзе пануе асаблівая кніжная атмасфера. Да таго ж дзіцячая кніжніца дазваляе хлопчыкам і дзяўчынкам адчуць сябе самастойнымі: адшукаць твор па душы і пры гэтым выпрацаваць уласны густ.

Заўважна, што апошнім часам больш творчымі сталі самі бібліятэкары, якія вельмі чулліва ставяцца да імклівага развіцця літаратурнага, выдавецкага працэсаў, актыўна выкарыстоўваюць розныя электронныя рэсурсы для прыцягнення ўвагі да кнігі, чытання. Усе бібліятэкары з’яднаны адзінай ідэяй: «Дзеці, якія чытаюць, — надзея Беларусі».

І ўсё пачынаецца з нашай «нацыяналкі». Загадчык сектара навукова-практычнай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Сапега цікава распавяла пра экспазіцыйную і адукацыйную дзейнасць, што арганізавана ў музеі кнігі. У сваю чаргу дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед засведчыла, што літаральна кожная з 18 сталічных дзіцячых кніжніц мае своеасаблівую творчую лабараторыю. Напрыклад, у дзіцячай бібліятэцы № 10 клапоцяцца пра фарміраванне пазітыўнага іміджу ўстановы і бібліятэкара ў інтэрнэце. У бібліятэцы № 3 імя А. Гайдара вядуць актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва.

Да іх далучаюцца калегі з рэгіёнаў. У Нясвіжы праходзяць бібліятэчныя акцыі і рэалізоўваюцца праекты ў падтрымку дзіцячага чытання. У Заслаўі лялечны тэатр разглядаюць як бібліятэчную форму работы. У Слуцку скарыстоўваюць свой падыход: «Ай-стопер (eye-stopper), або Бібліятэка, якая спыняе погляд».

Выступленне дырэктара Белгародскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі А. А. Ліханава Таццяны Пятровай стала для беларускіх калег своеасаблівым адкрыццём. У Белгародскай вобласці гэты год названы Годам дзіцячага чытання. Пагадзіцеся, досвед варты пераймання.

Творчая сустрэча з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2017 года ў намінацыі «Дзіцячая літаратура і літаратура для юнацтва» Вольгай Нікольскай надала ўсім удзельнікам семінара добрага настрою. Прыемна, што дзіцячыя пісьменнікі радуюць сваёй творчасцю і дарослых.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.