Вы тут

Калядны оперны форум збярэ ў Мінску артыстаў з 34 краін


Дзявяты раз на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, дзе крыху больш чым за тыдзень шаноўная публіка зможа пачуць і ўбачыць як зорак сусветнай опернай сцэны, так і тых, чый шлях на ёй толькі пачынаецца — лаўрэатаў зноў жа традыцыйнага конкурсу вакалістаў, які ладзіцца сёлета пяты раз.


«Дзевяць гадоў таму мы пачыналі з дзевяці краін, сёлета ж удзел у мерапрыемствах форуму пацвердзілі 34 краіны, у тым ліку з 26 краін паступіла больш за 330 заявак на конкурс вакалістаў, — расказаў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. — На маю думку, гэта сведчыць пра той вялікі аўтарытэт, які набыў форум, і пра тую ўвагу сусветнай культурнай грамадскасці, якую ён выклікае».

У праграме Каляднага форуму — чатыры оперныя пастаноўкі і два вялікія канцэрты. Распачнецца фестываль 13 снежня прэм'ерай: оперу-буф «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці прадставяць учарашнія стажоры, а сёння паўнапраўныя артысты Вялікага тэатра Беларусі. Як зазначае галоўны дырыжор тэатра Віктар Пласкіна, гэты спектакль быў зроблены спецыяльна для моладзі і «стане вельмі бадзёрым, звонкім, вясёлым і добрым пачаткам, які задасць святочны тон фестывалю».

15 снежня ўпершыню ў Мінску выступіць з сольнай праграмай адна з самых запатрабаваных оперных спявачак Вольга Перацяцька, чыё каларатурнае сапрана скарыла публіку ў Берліне, Вене, Цюрыху і Мілане, Мадрыдзе, Санкт-Пецярбургу, Маскве і Нью-Йорку. Канцэрт пройдзе ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі, але пад дырыжорскім кіраўніцтвам запрошанага госця — маэстра з Італіі Джанлукі Марчана.

Сустрэча з героямі дзвюх знакамітых опер Джакама Пучыні — «Тоска» і «Багема» — адбудзецца, паводле праграмы форуму, 16 і 17 снежня. Галоўныя партыі ў абедзвюх пастаноўках увасобяць добра вядомыя як айчынным, так і замежным тэатралам выканаўцы: запрошаная артыстка нацыянальных тэатраў Румыніі, Балгарыі, Славеніі Драгана Радаковіч (Сербія), уладальнік расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска», заслужаны артыст Расіі і народны артыст Татарстана, прэм'ер Марыінскага тэатра Ахмед Агадзі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў саліст «Астана Оперы» Медзет Чотабаеў (Казахстан).

Тыя, хто не змог трапіць на прэм'еру оперы Рыхарда Штрауса «Саламея» з харэаграфічным пралогам на музыку сімфанічнай паэмы «Так гаварыў Заратустра», змогуць убачыць гэту пастаноўку 20 снежня — з расійскім тэнарам Дзмітрыем П'яновым у ролі цара Ірада.

Завершыцца ж Калядны форум 21 снежня Гала-канцэртам зорак сусветнай оперы, удзел у якім возьмуць вядомыя артысты з 15 краін свету, у тым ліку лаўрэаты Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў мінулых гадоў і пераможцы сёлетняга конкурсу, які пройдзе 14—19 снежня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.