Вы тут

Казімір Камейша святкуе 75-годдзе


Ад Коласа да нашых сучаснікаў: землякі класіка ўзбагачаюць паэзію


«Жыве ў сэрцы плынь крыніцы» — літаратурна-музычнае свята пад такой назвай злучыла эпохі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Нагодай стала 100-годдзе першага выдання паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» і 95-годдзе выдання паэмы «Новая зямля». Але паэтычны дух мясцін, апетых Коласам, жывы і ў наш час: сярод землякоў народнага паэта Беларусі — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2018 года ў намінацыі «Лепшы твор паэзіі» за зборнік «Высокі бераг» Казімір Камейша, якому ў снежні споўнілася 75 гадоў.

— Казімір Камейша — асобны мацярык, асобная паэтычная краіна. Выдатны паэт, празаік, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца, рэдактар… Ім зроблена вельмі шмат. Мы можам ім ганарыцца, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

Павіншавалі выдатнага творцу і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, паэт і празаік Мікола Чарняўскі. Прысвяцілі вершы Казіміру Камейшу землякі: Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч. Свята ў Доме Коласа было напоўнена музыкай, песнямі па творах Якуба Коласа ў выкананні народнага фальклорнага ансамбля «Коласавы землякі» Любкаўшчынскага сельскага Дома культуры Стаўбцоўскага раёна.

Даўно склалася непарыўная сувязь паміж імем народнага паэта Якуба Коласа і Стаўбцоўшчынай, дзе ён нарадзіўся. Родны кут Песняра, наднёманскія мясціны не раз апетыя ў творах народным паэтам Беларусі, у тым ліку ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

— Сусветная вядомасць да Якуба Коласа прыйшла дзякуючы «Новай зямлі» і «Сымону-музыку». Яны — як два крылы, якія трымаюць вядомасць, славутасць Коласа за мяжою і ў нас, — адзначыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — Таму мы мелі задуму запрасіць вядомых творцаў гэтых мясцін. Са Стаўбцоўшчыны пайшло шмат людзей, якія словам цешаць нашы душы і прасвятляюць сэрцы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Мацерыкі ў культурным свеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.