Вы тут

Былыя вязні канцлагераў чакаюць валанцёраў


— Я ўжо шмат гадоў адзінокі. Раней у мяне было два сябры — тэлевізар і кніга. Я ўручную складаў картатэку літаратуры па гістарычных падзеях (напрыклад, што было напісана пра часы праўлення Кацярыны, Пятра Першага). Але з узростам пачаў слепнуць. І мне давялося расстацца і з кнігай, і з тэлевізарам. І тут да мяне ў дамафон пазваніў малады чалавек... І я быў бы задаволены, каб праз некаторы час мне патэлефанавала некалькі такіх валанцёраў, люблю гутарыць з моладдзю. Магу расказаць і пра вайну...


Барыс Заблоцкі — адзін з падапечных праекта «Даступная медыцынская дапамога і догляд», у межах якога валанцёры наведваюць людзей ваеннага пакалення. З гэтым дзядулем не засумуеш. Барыс Міхайлавіч не толькі цікавіцца гісторыяй і можа шмат чым падзяліцца. Уражвае яго аптымізм і пачуццё гумару. Знайшлася ў яго і навагодняя гісторыя. Ён успомніў, як віншаваў сваіх калег у касцюме Дзеда Мароза, а адзін дужа моцны дзяцюк згроб яго, пасадзіў на стол і запхнуў у рот цукерку разам з барадой ды вусамі. Дзядуля Мароз тады ледзь уцёк.

Барыс Міхайлавіч бясконца жартуе і нават са сваіх хвароб можа пакпіць. Маўляў, вочы падводзяць, увязаўся ён раз за жанчынай, усё вершамі сыпаў, а падышоў бліжэй, разгледзеў, што гэта хлопец, ажно засмуціўся, што дарэмна распінаўся...

Максім Лагуновіч, студэнт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, які прыходзіць дапамагаць гэтаму дзядулю, прызнаецца, што такое сяброўства дае яму вельмі многа. Разам яны шукалі звестак пра сваякоў Барыса Міхайлавіча, якія ваявалі на фронце, хлопец дапамагаў свайму старэйшаму сябру пісаць лісты...

Для студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта ўдзел у праекце яшчэ і добрая практыка. Яны больш даведваюцца пра састарэлых людзей, хвалююцца пра іх здароўе, калі трэба, ходзяць у аптэкі і заказваюць талоны ў паліклініках, могуць памераць ціск ці дапамагчы па гаспадарцы.

— Можна часта пачуць, што састарэлы ўзрост — гэта страшна. А я гэта бачыў. Хадзіў да свайго падапечнага, калі ён яшчэ жыў з жонкай і калі ён застаўся адзін і перажываў такую вялікую страту, — заўважае яшчэ адзін з валанцёраў Станіслаў Сенюковіч. — У галаве нешта ўключаецца, і пачынаеш больш цаніць людзей, якія побач, па-іншаму ставіцца да сваякоў. Разумееш, наколькі важна лішні раз ім патэлефанаваць.

Як заўважыла супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Тамара Пяткевіч, у раёне многа людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, у тым ліку былыя вязні і іншыя прадстаўнікі ваеннага пакалення, і сацыяльныя работнікі не заўсёды могуць удзяліць усім увагу. І далучэнне да справы грамадскіх арганізацый сапраўды аказалася вельмі карысным, тым больш што дабрачыннае аб'яднанне «Цэнтр па аказанні сацыяльных паслуг розным катэгорыям насельніцтва» ў межах вышэйзгаданага праекта працавала ў тым ліку і з дзядулямі і бабулямі, якіх хваробы прыкавалі да ложка.

Як аказалася, дапамога патрэбна была не толькі былым вязням, але і іх сваякам, якія даглядаюць немабільных бабуль і дзядуляў і не маюць патрэбных ведаў і навыкаў. Праблема ўзнікае нават з тым, каб падняць, перавярнуць, перасунуць ляжачага чалавека, асабліва калі такі хворы многа важыць. А часта такія аперацыі даводзіцца рабіць хударлявым. Да таго ж трэба перасоўваць людзей з болямі, язвамі, пролежнямі. І тым не менш усе гэтыя складанасці можна пераадолець, калі ведаць пра сучасныя сродкі догляду ляжачых хворых, пацікавіцца навуковымі падыходамі, кінэстэтыкай.

Спецыяліст-кансультант па доглядзе цяжкахворых людзей Галіна Корж, якае мае вельмі багаты вопыт у гэтай справе (працавала ў хоспісе і Доме міласэрнасці), расказвае, якія праблемы адкрываліся, калі яна наведвала сем'і: «Часам сваякі не ведаюць, як правільна надзець памперсы старому, як памыць галаву. Былі выпадкі, калі з-за недахопу ведаў у родных некаторыя падапечныя заставаліся нямытымі некалькі месяцаў.

Існуе шмат розных хітрыкаў, якія могуць значна спрасціць догляд немабільнага чалавека. Так, у заходніх краінах сёння часта выкарыстоўваюць коўзкія прасціны, каб перасунуць чалавека ў правы, левы бок, перасадзіць з ложка ў каляску і вывезці на вуліцу, даставіць да машыны. А некаторыя састарэлыя, якія раней не маглі рухацца, адчуваюць, што на падобнай прасціне самі могуць «паслізгаць» — і павярнуцца.

Галіна Корж упэўнена, што многія ляжачыя хворыя здольныя да большай самастойнасці, калі правільна арганізаваць іх прастору. Камусьці можна абсталяваць палічку, раскласці на ёй неабходныя прадметы. А некаторых наогул можна паставіць на ногі. Бывае, што чалавек толькі на некаторы час страчвае мабільнасць (напрыклад, пасля аперацыі), але калі дзейнічаць няправільна, можна так і пакінуць яго ляжачым. Часам родныя, каб дапамагчы, трацяць вялікія сродкі, а пасля атрымліваецца, што новая мэбля не спрашчае жыццё старых, а, наадварот, дадае перашкод. Напрыклад, з высокага медыцынскага ложка складана ўзняцца.

Не дзіва, што многія сем'і, якія спачатку з недаверам глядзелі на дапамогу валанцёраў (маўляў, чаму тут можна навучыць), пасля пакідалі ў анкетах шмат падзяк і пажаданняў, каб падобныя веды станавіліся даступнымі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Пазваніце мне ў дамафон...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».