Вы тут

Як вырастуць заробкі бюджэтнікаў і пенсіі?


Пра ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, пераход ад заяўляльнага да выяўляльнага прынцыпу садзейнічання занятасці, нацыянальную стратэгію ў інтарэсах пажылых грамадзян, а таксама аб тым, чаму трэба мяняць сістэму налічэння заработнай платы ў бюджэтнай сферы, напярэдадні прафесійнага свята — Дня сацыяльнага работніка — журналістам расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.


Пра рынак працы

Узровень агульнага беспрацоўя (па класіфікацыі Міжнароднай арганізацыі працы) у нашай краіне, па словах міністра, падае з 2009 года. Тады ён складаў 6,3 % сярод насельніцтва працаздольнага ўзросту, у 2018 годзе — 4,5 %.

Дзяржаўная служба занятасці штогод дапамагае працаўладкоўвацца прыкладна 175 тысячам чалавек. У канцы мінулага года ў Мінску ўпершыню быў праведзены электронны кірмаш вакансій. Гэты фармат, адзначыла міністр, плануецца ўкараніць па ўсёй краіне. Акрамя таго, на пачатак гэтага года ў Беларусі працуюць 134 прыватныя агенцтвы па працаўладкаванні, з іх 78 у Мінску.

Ведамства, па словах Ірыны Касцевіч, не здымае з парадку дня магчымасць павышэння дапамогі па беспрацоўі. Сёння яе сярэдні памер складае 27 рублёў. У 2019 годзе пры Палаце прадстаўнікоў будзе створана рабочая група па ўнясенні змяненняў у закон аб занятасці насельніцтва. І адзін з механізмаў, які будзе прапрацоўвацца, — дапамогі па беспрацоўі. Нагадаем, што раней сярод прапаноў гучала такая, як магчымасць разліку дапамогі па беспрацоўі, зыходзячы з сярэдняй зарплаты на апошнім рабочым месцы, таксама разглядалася пытанне абавязковага страхавання ад беспрацоўя.

Пра базу не занятых у эканоміцы

Да 1 снежня 2018 года была створана база не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян. І кожны чалавек можа праверыць, ці ёсць ён у гэтай базе. Гэтая працэдура аказалася вельмі запатрабаванай. Логін і пароль, каб праверыць, ці ўключаны яны ў спісы, запыталі больш за паўтары тысячы чалавек.

На пытанне аб тым, наколькі скарацілася колькасць першапачаткова ўключаных у базу працаздольных грамадзян (такіх было каля 500 тысяч), міністр адказала, што кантрольны зрэз будзе зроблены пасля калядных свят. Будзе ўлічаная інфармацыя аб тым, каму камісіі дапамаглі працаўладкавацца, каго адправілі на навучанне, каго выключылі па розных прычынах (у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, напрыклад). Яна таксама дапускае, што нормы дэкрэта з пункту гледжання аднясення грамадзян да занятых ці не занятых у эканоміцы могуць змяняцца па меры развіцця інфармацыйнага рэсурсу. «Для Міністэрства працы і сацыяльнай абароны гэтая база — унікальны інструмент, які дазваляе ўбачыць, што адбываецца на рынку працы, сучасную сітуацыю. Мы нават выявілі шэраг новых напрамкаў занятасці чалавека, нестандартных. І будзем удасканальваць сам нарматыўна-прававы акт, які рэгулюе гэты кірунак працы», — сказала Ірына Касцевіч.

Пра зарплату

Ужо амаль восем гадоў як знятыя ўсе адміністрацыйныя бар'еры і абмежаванні ў аплаце працы работнікаў рэальнага сектара эканомікі. Цяпер у планах — аптымізацыя і спрашчэнне сістэмы налічэння заработнай платы ў бюджэтнай сферы. «У 2018 годзе мы актыўна над гэтым працавалі, — сказала міністр. — Падрыхтаваны праект указа «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый», які вызначае асноўныя падыходы да гэтага. Думаю, ён будзе прыняты ў найбліжэйшы час».

Чым была выклікана неабходнасць у ім? Па словах міністра, у Беларусі ў мінулыя гады сфарміравалася досыць грувасткая сістэма аплаты працы бюджэтнікаў. Іх заробак складаецца не толькі з акладу, але і з вялікай колькасці розных даплат і заахвочванняў. Новы нарматыўна-прававы акт накіраваны на нармальную, зразумелую сістэму аплаты працы, каб стабільная частка акладу была на ўзроўні 50—60 %, астатняе — стымулюючыя надбаўкі. Плануецца таксама 27 тарыфных разрадаў тарыфнай сеткі скараціць да 18, а тарыфную стаўку першага разраду замяніць базавай стаўкай. Будуць пашыраны паўнамоцтвы кіраўнікоў дзяржорганаў і бюджэтных арганізацый — каб найбольш эфектыўна стымуляваць работнікаў.

Тэмп росту рэальнай заработнай платы ў 2019 годзе ў параўнанні з 2018-м, паводле прагнозу, павінен скласці ў бюджэтнай сферы 104 %, у рэальным сектары эканомікі — 103,8 %.

Таксама міністр працы і сацыяльнай абароны расказала аб прыярытэтных кірунках развіцця ў сферы рынку працы сёння. Гэта ўдасканаленне механізму прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах; пераход ад заяўляльнага да выяўляльнага прынцыпу садзейнічання занятасці; укараненне электронных працоўных кніжак, а таксама механізма кваціравання рабочых месцаў для працаўладкавання асоб з інваліднасцю; удасканаленне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, у рамках якой будуць распрацоўвацца прафесійныя стандарты. На падставе прафстандартаў, якія будуць распрацоўваць наймальнікі, будуць карэктавацца і адукацыйныя стандарты.

Пра пажылых і пенсіі

Удзельная вага жыхароў нашай краіны ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых у 2018 годзе склала 14,7 %, па прагнозе на 2030 год іх колькасць дасягне 20,5 %. У 2019-м плануецца распрацаваць і зацвердзіць нацыянальную стратэгію ў інтарэсах пажылых грамадзян, якая закране ўсе аспекты іх жыццядзейнасці: здароўе, фізічную актыўнасць, адукацыю на працягу ўсяго жыцця, фарміраванне безбар'ернага асяроддзя, пенсійнае забеспячэнне, занятасць, сацыяльнае абслугоўванне і падтрымку, пераадоленне грамадскіх стэрэатыпаў, звязаных са старэннем.

На канец 2018 года колькасць пенсіянераў у Беларусі склала 2 мільёны 561,1 тысячы чалавек, а пенсіянераў па ўзросце — 2 мільёны 102,1 тысячы. «З прыняццем рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту пайшло зніжэнне колькасці пенсіянераў. Рэформа, бясспрэчна, аказала свой уплыў», — адзначыла Ірына Касцевіч.

І пра памер пенсій: па выніках 2018 года тэмп росту пенсіі па ўзросце, паводле папярэдніх прагнозаў, складзе 107,8 %. Гэтая дынаміка захаваецца і ў 2019-м — чакаецца, што пенсіі павялічацца на 10,8 %. Сярэдняя пенсія ў снежні склала 352 рублі, сярэдняя па ўзросце — 394 рублі. Па прагнозах, сярэдняя пенсія за 2019 год складзе каля 411 рублёў.

Пра сацыяльныя паслугі

Больш за 90 тысяч чалавек атрымліваюць сацыяльную дапамогу дома. Актыўна развіваецца такі кірунак, як дзённае знаходжанне грамадзян пажылога ўзросту ў тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Такая форма работы выклікае асаблівую цікавасць у актыўных пенсіянераў.

Вельмі запатрабаваныя (прырост склаў 6 %) і атрымаюць далейшае развіццё таксама аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў у ТЦСАН. Актыўна сталі развівацца паслугі няні і сядзелкі.

Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Касцевіч наогул лічыць унікальным механізмам дапамогі. Іх у краіне 146, і яны рэалізуюць стацыянаразамяшчальныя кірункі дапамогі. Акрамя таго, у краіне працуе 80 устаноў, якія прадугледжваюць пастаяннае і часовае пражыванне для тых, хто мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. «Разам з тым актыўна сталі развівацца міні-дамы для пражывання пажылых людзей: зараз працуе 62 такія аддзяленні кругласутачнага знаходжання пры ТЦСАН. У іх пражываюць больш за дзве тысячы чалавек», — адзначыла Ірына Касцевіч.

«У цэлым у сферы сацыяльнага абслугоўвання мы будзем імкнуцца максімальна ахопліваць паслугамі адзінокіх пажылых грамадзян, мы паставілі задачу дайсці да кожнага чалавека, які ў гэтым мае патрэбу», — заявіла міністр.

Дарэчы, зараз у Беларусі налічваецца 134 тысячы адзінокіх людзей, старэйшых за 60 гадоў, а тых, хто адзінока пражывае, — 634 тысячы. Пры гэтым адной з прыярытэтных формаў работы з імі, як і з асобамі з інваліднасцю, спецыялісты лічаць дзяржаўны сацыяльны заказ. На сёння ў краіне заключана 82 такія дагаворы паміж мясцовымі выканкамамі і недзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі, сярод якіх — Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, Беларускае таварыства глухіх, РГА «Маці супраць наркотыкаў», Беларускі дзіцячы хоспіс, Беларускае таварыства інвалідаў.

У цэлым, што датычыцца сацыяльных паслуг, то на сёння ў нашай краіне разгортваецца сістэма маніторынгу іх якасці, мяркуецца, што яна будзе дзейнічаць на кожным узроўні — ад рэгіянальнага да агульнарэспубліканскага.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.