Вы тут

Жадаючы лёгкай зімы...


У творчасці вядомага паэта, перакладчыка, філолага, педагога Міколы Шабовіча знайшлі адлюстраванне самыя розныя тэмы і жанры: ад глыбока інтымнай да высокай грамадзянскай лірыкі. Аўтар універсітэцкага гімна і шматлікіх гумарыстычных вершаў. Творца заўсёды адкрыты жыццю, яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў свеце. А сёння святкуе сваё шасцідзесяцігоддзе.


Назва кнігі Міколы Шабовіча, што пабачыла свет напрыканцы 2017 года, «Маладыя мроі маладога лета» (Мінск, «Мінка-прынт») адразу настройвае на жартоўны, несур’ёзны лад. Спрыяе гэтаму і звыклае амплуа паэта як дасціпнага парадыста і апявальніка жаночай прыгажосці. Тым не менш большасць вершаў у зборніку глыбока філасофскія. Лірычны герой падсумоўвае свае набыткі, са смуткам і настальгіяй азіраючыся на пройдзены шлях, пераасэнсоўвае зробленае і перажытае, шкадуючы аб сваёй непаўторнай вясне. Але, раіць ён, «не прыручай сваю тугу, лепш усміхніся!» За гэта мы і любім творцу. Нішто нікуды не знікае, а ператвараецца ў нешта новае: страты і памылкі — у досвед і мудрасць, юнацкае палкае каханне — у сталыя адносіны, захапленне прыгажосцю — у разуменне каштоўнасці і бясцэннага дару жыцця, існавання ў кожным імгненні тут і цяпер... Водгук на зборнік ужо быў надрукаваны ў штотыднёвіку (Аляксандр Жукоўскі «Дзіўнаспевы пачуццяў у новай кнізе Міколы Шабовіча», «ЛіМ», № 7 за 16 лютага).

Аднак варта дадаць, што вершы надзвычай гарманічныя па змесце і форме і, безумоўна, цікавыя розным пакаленням прыхільнікаў паэзіі. Гэта шчыры голас паэта, непрымірымы з «хваласпевам», — «вершы-прызнанні Радзіме, матулі і ўсім, / Хто ўвечар і ўранні / Цябе ў сваім сэрцы насіў».

Верш-уступ «За якой гарою...» першы сустракае чытача і запрашае ў чуйна-зіхатлівы паэтычны свет: «За якой гарою, / Дзе шукаць па свеце / Маладыя мроі / Маладога лета, / Што цвілі, буялі / Колісь так шматкветна, / А пасля завялі / Ціха й непрыкметна...». Маладосць у лірыцы паэта паўстае не як пэўны храналагічны прамежак жыцця, а як незалежны ад узросту стан душы: яна чуйная да ўсяго, што адбываецца навокал, што закранае яе ці блізкіх, Айчыну. Маладосць — гэта насычанасць духоўнага жыцця. Маладыя мроі маладога лета — свайго роду аўтарская перыфраза, дэкадаваць якую можна наступным чынам: маладыя мроі — гэта светлыя, смелыя мары, спадзяванні, а маладое лета — росквіт духоўнай энергіі, насычанасць яркімі падзеямі. Маладыя мроі маладога лета — гэта яшчэ і духоўная спадчына, тая скарбніца лепшых пачуццяў, памкненняў, учынкаў, да якіх заўжды можна вяртацца.

Філасофская лірыка М. Шабовіча адлюстроўвае ўспрыманне жыцця як Божага дарунку, у якім шмат радасці, захаплення, але каштоўнасць маюць і горкія моманты, бо яны ачышчаюць унутраны зрок, уздымаюць на больш высокую прыступку сузірання. Прыслухайцеся да спакойных, ачышчальных радкоў: «Філосаф мой, мой хуткабежны Час! / Люстэрка дзён! Ратоўная падкова! / Ты лечыш раны. Некаму — за раз. / Камусьці — і гадоў не дастаткова. / Даеш адчуць і радасці жыцця, / І боль ад страт — ад лёсу не схавацца...». Светлы сум, туга, самадакор — усе філасофскія радкі паэта вядуць чытача не да роспачы, а да надзеі, да самазаглыбленасці, якая нараджае пазітыўныя, жыццесцвярджальныя змены: «Хай нялёгка, няпроста, аднак / Прэч сумненні-ваганні, мой дружа. / Покуль сонца ўзыходзіць для нас, / Будзеш смелым — то станеш і дужым!».

Лірыка, прадстаўленая ў кнізе «Маладыя мроі маладога лета», трывожная, але гэта светлая, гаючая для чытача трывога, роднасная з нераўнадушшам, шчырасцю, з глыбокім клопатам пра блізкіх і далёкіх, Айчыну і планету. Спакойныя вершаваныя роздумы пра сталапрыгожы ўзрост — суцяшэнне для равеснікаў і адначасова нетрывіяльны ўрок для маладых чытачоў: «А пасля, за радком, можа, й лёс неспадзеў затрымціць, / Не расправіўшы крылаў, няўзнак спатыкнецца на ўзлёце... / Толькі цепліцца вера, што зорцы маёй шчэ свяціць / І што рана яшчэ спавядацца вячэрняй самоце».

Хочацца адзначыць вяршыню патрыятычнай лірыкі М. Шабовіча — «Прыходзьце ў госці да Купалы». З верша — без пафасу, як жывы — паўстае пясняр, глыбока заклапочаны лёсам Айчыны: «Адкіньце прэч журбы навалу, / Душы ляноцце. / Прыходзьце ў госці да Купалы, / Часцей прыходзьце. / Ён вас усмешкай прывітае / І прыгалубіць. / Гасцей — паэтаў і ратаяў — / Купала любіць. / Паспавядайцеся Купалу / Пра тоегэта, / Што з новым годам больш ці стала / Сяброў паэта...».

Нязгасная сыноўняя любоў да роднага краю перапаўняе паэтычны свет М. Шабовіча: «Ці знойдзецца слоў найдзіўных, / Каб шчыра табе прамовіць: / “Бадзенеўскі кут, радзіма — / Малітва мая і споведзь!”» Карціны прыроды М. Шабовіча адлюстроўваюць усёпранікальны аптымізм лірычнай стыхіі паэта, улюбёнасць у жыццё ва ўсіх яго праявах, чуйнасць душы да ўсяго навокал, замілаванасць родным краем: «Дождж прайшоў, не зрабіўшы расы... / Можа, гэтак праходзім і мы, / І на нас пазіраюць лясы, / Нам жадаючы лёгкай зімы».

Няхай жа «Маладыя мроі маладога лета» напаўняюць душы чытачоў цішынёй велічна-спакойнай лірычнай стыхіі!..

Таццяна АСТАПЧЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.