Вы тут

У чаканні… іншага


Новая кніга Ільі Сіна «Libido», што пабачыла свет напрыканцы 2018 года, — сапраўдная з’ява для беларускай літаратуры, якая, нібы прыўкрасная жанчына ў чаканні жаданага прынца, мусіць прыняць у свае абдоймы менавіта гэты твор і з захопленасцю жанчыны, якая кахае, сачыць за кожнай яго фразай, кожным словам, кожным вобразам.


Аўтар зазвычай не расчароўвае, хоць і дазваляе сабе пратоптваць чытачу сцежку ва ўласны свет — сусвет, створаны пісьменніцкім розумам, не спяшаючыся, паступова, спакваля, здзіўляючы тым, што адкрываецца, пакуль не давядзе да, уласна, мэты падарожжа, у якое запрасіў, — да таго моманту, калі са шкадаваннем, але і з палёгкай закрываеш кнігу, прачытаўшы яе. І тады ўзнікае шчымлівае пачуццё голаду і роспачы, бо кніга прачытаная і нават пастаўленая на паліцу да іншых, аднак прысутнасць яе ў табе ці твая ў ёй не праходзіць, ты праваліўся ў яе, быццам у чароўны калодзеж, альбо апынуўся ў фільме, у якім ніколі не здымаўся. Табе карціць дапамагчы героям, асабліва галоўнай гераіні па імені Марыя, і не пакідаць створанага не табой, але такога роднага свету, пакуль не ўпэўнішся ў яе бяспецы.

Такім чынам, гэта гісторыя Марыі. Маладой жанчыны, але якая мае за плячыма немалы жыццёвы досвед. У нядаўнім мінулым яна зорка парнафільмаў. Але пяць гадоў таму была вымушана пакінуць бізнес, як кажуць у народзе, выйсці ў тыраж з-за ўзнікнення і ўдалага распаўсюджвання паўсюль і ўсюды так званых сняжан — 3D-мадэляў, якія замянілі сабой не толькі порнаіндустрыю, але і сапраўдных жывых жанчын. Марыя пераязджае ў маленькі правінцыйны горад недзе на постсавецкай прасторы, прабаўляецца выпадковымі заробкамі, жыве ў аднушцы панэльнай пяціпавярхоўкі, дзе чуваць з-за сцен усё, што робяць суседзі, вельмі шмат курыць і глядзіць у акно на кухні, бы ў тэлевізар, чакаючы… Іншага. Хто такі гэты Іншы? Навошта ён? Аўтар не лічыць патрэбным засяроджваць на ім увагу, хоць і дае зразумець, што іх з Марыяй аб’ядноўвае агульнае мінулае. Яна мае нейкі спадзеў, датычны яго з’яўлення, аднак спадзеў той не звязаны з пераменамі да лепшага, пра што Марыя ведае і ўсё ж з апантанасцю Пенелопы прагне, каб Іншы, нарэшце, прыйшоўпрыехаў-прыляцеў. І... калі напрыканцы твора той сапраўды з’яўляецца, прыносіць з сабой вайну, якая ўжо прысутнічае ў жыцці горада адзіночнымі выбухамі і стрэламі. Ды Іншы, быццам Праметэй, дазваляе ёй накінуцца на ўсё жывое зграяй варон ці чумы. Такім чынам, Іншы сваім з’яўленнем дорыць усім вакол смерць і разбурэнне, у тым ліку і Марыі. Па вялікім рахунку, горад таго заслугоўвае, бо нельга да такой ступені дэградаваць, каб жыццё ці існаванне скукожылася да жывёльных інстынктаў есці — спаць — спраўляць патрэбу. Шэрая маса, якой нічога і ніхто нецікавыя, якая ў палоне адзіноты і агульнага раўнадушша закрывае вочы на ўсё, што творыцца вакол, нічога іншага не вартая.

Падзеі ў творы разгортваюцца паступова, запаволена, бо і горад, і яго жыхары — як сонныя мухі. Гэтак жа запаволена і паступова прыходзіць да іх вайна, нібы гаворачы, нібы папярэджваючы мінакоў пра сябе, каб неяк далі рады, каб азірнуліся вакол і нешта зрабілі: у лепшым выпадку не пусцілі, не дазволілі яе распаўсюду далей, у горшым — хаця б падрыхтаваліся. Аднак не — цуду не адбываецца. Не з тым менталітэтам нарадзіліся... Аўтар не дае назвы ні гораду, ні краіне, што не нова для сусветнай літаратуры, затое робіцца вусцішна (і ў гэтым унікальнасць твора) ад разумення таго, што падобнае магло б адбыцца абсалютна ў любой мясцовасці. Рэалістычнасць мастацкай праўды ўражвае. І тады альтэрнатыўная рэальнасць, створаная аўтарам, не падаецца ўжо такой альтэрнатыўнай...

Кніга «Libido» (выдавецтва «Кнігазбор») мае свае коды і штрыхкоды, унутраную і знешнюю метафорыку. Напрыклад, паралелі з «Адысеяй» бачацца недвухсэнсоўнымі. Яна багатая інтанацыямі, націскамі, якія аўтар рабіў не дзеля прыгажосці слога, магчыма, нават не заўважаў іх, бо яны неаддзельныя ад яго сутнасці. Менавіта гэтыя націскі надаюць твору рытмікамелодыю своеасаблівую. Гэтыя націскі ніяк не абазначаныя ў тэксце, яны самі прыляпляюцца да фраз — і фразы ўжо нельга прамаўляць па-іншаму. Гэта і ёсць самае няўлоўнае і разам з тым самае глыбокае ў пісьменніку, сведчанне яго натуры, таго, што ён быў пяшчотны і лагодны ў дачыненні да гераіні, нягледзячы на ўсе грубасці, і пачуццёвы.

Новы твор Ільі Сіна, можна сказаць, — наватвор, бо, як адзначана ў анатацыі, гэта першая праца аўтара з сюжэтам і героем. Сапраўды вартая рэч, унікальная для беларускай літаратуры.

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.