Вы тут

Гісторык моды Аляксандр Васільеў запрасіў беларусаў на баль


Выстава бальных і вячэрніх убораў перыяду 1915-2015 гадоў размясцілася ў Нацыянальным гістарычным музеі


…Наведвальнікаў ужо на прыступках Нацыянальнага гістарычнага музея сустракаюць маленькія і дарослыя дзяўчаты ў светлых вячэрніх сукенках. Не менш шыкоўныя ўборы, кожны са сваім узростам і гісторыяй, чакаюць публіку за дзвярыма выставачнай залы. Гэта сапраўдны рай для  модніц, стылістаў і аматараў прыгожых фота ў Інстаграме: работы знакамітых куцюр’е, вобразы папулярных кінадзіваў, прадметы гардэробу былых эстрадных зорак (напрыклад, сукенка брытанскай спявачкі Веры Лін, пік папулярнасці якой выпаў на гады Другой сусветнай вайны), смокінгі і фрачныя пары, шматлікія аксесуары: туфлі, сумачкі, пальчаткі, капелюшы, калье і бранзалеты, вееры, пудраніцы, запрашальнікі і бальныя кніжачкі – агулам каля 300 экспанатаў. Усе разам яны – выстава “Запрашэнне на баль” з найбуйнейшай у свеце калекцыі касцюмаў, якую шмат гадоў запар збірае Аляксандр Васільеў.

На манекенах і вітрынах – тэкстыльная мазаіка сусветна вядомых дамоў моды: Christian Dior, Chanel, Lanvin, Valentino, Givenchy, Nina Ricci, Oskar de la Renta, Yves Saint Laurent, Balenciaga і іншых. Вышытыя шматслойныя цюлевыя сукенкі 1910-га суседнічаюць з бліскучымі ўборамі эпохі НЭПу, элегантныя крэп-сацінавыя ўборы 30-х гадоў мінулага стагоддзя перамяжаюцца з рамантычнымі, падкрэслена жаонцкімі пасляваеннымі сукенкамі, ручная вышыўка бісерам – з пластыкавымі завушніцамі і бранзалетамі, якімі модніцы 1960-х любілі дапаўняць футурыстычныя сукенкі для твісту, аб’ёмныя плечы 1980-х змяняюцца мінімалізмам 90-х, і нарэшце, глянцу і бляску пачатку 2000-х.

Афіцыйна гэта экспазіцыя адкрыецца толькі заўтра, 3 сакавіка, але ўжо сёння ўвечары яе змаглі ўбачыць VIP-госці і журналісты, а калекцыянер, мастацтвазнаўца, тэатральны мастак і папулярны вядучы тэлепраграмы “Модны прысуд” Аляксандр Васільеў расказаў крыху больш пра выстаўку, сваю вялізную калекцыю і моду наогул.

У нашай краіне гісторык моды бывае нярэдка: прыязджае сюды з выставамі і лекцыямі, сябруе з тэатральнымі рэжысёрамі, папулярнымі артыстамі і дызайнерамі, любіць згадваць пра дзеда-беларуса родам з Маладзечна. А вось пра Калядны баль, які традыцыйна ладзіць у Мінску Вялікі тэатр, Васільеў раней не ведаў – але ўхваліў сам факт яго існавання і памкненне беларусаў захаваць – а мо, наноў адрадзіць – бальную культуру. “Праўда, характар сучасных баляванняў і ўрачыстых цырымоній змяніўся, і гэта адбілася на бальнай модзе, — заўважае Аляксандр Васільеў. – Калі раней гэты былі сукенкі да падлогі і дэкальтэ, то цяпер – часта міні і адкрытыя спіны, што вымагае добрай фігуры.”

— А што рабіць тым, у каго ідэальнай фігуры няма? – запыталі з залы.

— Ну, тут ёсць некалькі варыянтаў. Пахудзець… Не? Тады завесці маладога каханка. Таксама не? Тады не ездзіць на баль.

Як сцвярджае мастацтвазнаўца, сучасная мода – і, у прыватнасці, мода ўбораў для ўрачыстых цырымоній – рухаецца, па-першае, на Усход, адчуваючы ўплыў азіяцкай і арабскай культуры, а па-другое, у бок спрашчэння. “Мяркую, у недалёкай будучыні самымі моднымі тэндэнцыямі будуць нагавіцы пад сукенку і закрытыя валасы, у глабальным сэнсе — хустка. А ў мужчын – ведаеце, што сёння самы піск у Парыжу? Трэнікі пад красоўкі без шкарпэтак і худзі, гэта такі швэдар з засцежкай і капюшонам. Хто не ў худзі – усё, нямодны мужчына… Адзінае, што тут суцяшае – мода вельмі летуценная і мяняецца кожныя паўгода, так што гэта таксама пройдзе”.

“Мужчына ў сукенцы? Ну і што, жанчына ў фраку вас жа не засмучае”

Зрэшты, цяперашняя “ўрачыстая” мода часам таксама шакіруе – так, на нядаўнюю цырымонію “Оскар” акцёр і спявак Білі Портэр прыйшоў у… чорнай аксамітнай сукенцы. “Мяне як моднага эксперта часта прасілі выказаць сваё меркаванне на гэты конт. На мой погляд, што вобраз кентаўра, які атрымаўся – гэта цікавы ход. Хто ведаў гэтага акцёра ў шырокіх масах дагэтуль? А цяпер, калі ласка, усе пра яго гавораць – малайчына, скарыстаў момант. Узгадаем, што ў наш час у многіх народнасцяў спадніцы – частка мужчынскага адзення: Шатландыя, Грэцыя, Кенія, Йемен, Інданезія, а зірніце на паліцэйскіх вострава Фіджы... Да таго ж, адкажыце шчыра, калі б на цырымонію прыйшла жанчына ў фраку ці смокінгу (гэта элементы мужчынскага гардэробу, але яны сталі і жаночымі дзякуючы Іў Сен-Ларану і Марлен Дзітрых) – хіба гэта вас засмуціла б? У свой час вельмі многія рэчы шакіравалі грамадскасць: і штаны на жанчынах, і міні-спадніцы, і джынсы, і бароды ў мужчын… А потым да іх прызвычаіліся, і мода рушыла далей”.

Адпачынак для сукенкі і футра ў лядоўні

“Як мы захоўваем рэчы ў калекцыі касцюмаў? О, гэта вельмі балючае пытанне. Бо праца насамрэч надзвычай цяжкая. Час не шкадуе нічога, нават колішнія горы ператвараюцца ў пясок, а тэкстыль праз 300 гадоў разбураецца ў тлен, асабліва гэта датычыцца шоўку і шэрсці. Крыху лепш захоўваецца лён, але і ён не вечны. Рэчы з нашай калекцыі баяцца вільгаці, прамога святла, прасаў, паравой апрацоўкі, таму, каб падтрымаць іх у прыстойным выглядзе, чамаданамі адпраўляем на рэстаўрацыю і чамаданамі забіраем. Наш фонд працуе з больш як 12 рэстаўратарамі, і гэта пастаянны, практычна штодзённы працэс”.

Напрыклад, каб захаваць шубы і іншыя рэчы з натуральным футрам, фонд Васільева набыў прамысловую халадзільную ўстаноўку – у ёй рэчы вымарожваюцца, каб канчаткова знішчыць лічынкі молі, інакш рана ці позна яны прачнуцца і пачнуць сваю падрыўную справу. “Анекдот у тэму, — крыху сумна дадае маэстра, — мама-моль гаворыць дачцэ: “Калі не з’ясі шкарпэткі, футра не атрымаеш!”.

Што да вячэрніх сукенак — ім, аказваецца, патрэбны не толькі клопат рэстаўратараў, паднавіць бісерную вышыўку ці вывесці плямы, але і адпачынак паміж выставамі. “Калі рэч доўга вісіць на манекене, асноўная нагрузка прыпадае на плечы. Колькі жанчына носіць бальную сукенку? Некалькі гадзін. А выстава можа ісці некалькі месяцаў. Таму, каб валокны тканіны не страчвалі эластычнасць, мы перыядычна здымаем тую ці іншую рэч і адкладваем “адпачыць”. Адпаведна перавозім і захоўваем: перакладваем пергаментам, складваем у вільгастойкія металічныя кофры… І ўсё адно гэта справа настолькі карпатлівая, што нікому не параіў бы ёй займацца”.

Туфлі Арловай і ўсё такое

Сваю прыватную калекцыю рэчаў і касцюмаў XVIII-XXІ стагоддзяў гісторык моды збірае больш як 40 гадоў, і на сёння ў ёй звыш 65 тысяч экспанатаў. Ёсць унікальныя рэчы, якія належалі каралеўскім асобам розных краін, ёсць набытыя праз аўкцыёны прадметы гардэробу знакамітасцяў, хапае таксама падарункаў ад вядомых акцёраў, эстрадных выканаўцаў, дызайнераў альбо іх спадчыннікаў. Так, напрыклад, 13 сукенак са сваіх канцэртных запасаў перадала Ала Пугачова, некаторыя модныя рэчы мінулага стагоддзя падарылі Васільеву Ядвіга Паплаўская, Алёна Свірыдава, Анжэліка Агурбаш… Шмат бандэроляў прысылаюць на адрас “Моднага прысуду”. “Я хоць і нябедны чалавек, але безумоўна, ёсць рэчы, якія хацелася б набыць, але яны вельмі дарагія, — прызнаецца Васільеў. – Напрыклад, сукенкі прынцэсы Дыяны каштуюць ад 70 да 250 тысяч еўра, і калі адзін мой знаёмы прыватны калекцыянер можа іх сабе дазволіць, то ў нашага фонду ёсць пэўныя абмежаванні бюджэту на месяц. Тады  альбо бяру ўладальніка зморам – чакаю, калі ён сам “саспее”, каб прадаць тую ці іншую рэч танней – напрыклад, так было з туфлікамі Любові Арловай, якія я знайшоў у Ізраілю ў яе былой суседкі па грымёрцы, альбо дыпламатычна гандлююся да прымальнай цаны”.

P.S. “Запрашэнне на баль” дзейнічае з 3 сакавіка да 30 мая – у сценах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

За апошнія 30 гадоў у нас у краіне ў параўнанні з нормай 1961—1990 гадоў, якая ўжываецца як апорная пры ацэнцы значэнняў змены клімату, пацяплела на 1,3 градуса.

Грамадства

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Міністэрства транспарту і камунікацый цяпер распрацоўвае генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу да 2025 года.

Грамадства

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гэты аповед даслаў нам у рэдакцыю наш даўні чытач з Вялікай Бераставіцы Міхаіл Маскальчук.

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.