Вы тут

Чаму вясельны каравай не бяруць голымі рукамі?


«Нядаўна былі на вяселлі ў рэстаране. Калі пачалі дзяліць каравай, адна з дзяўчат прынесла пачак сурвэтак і папярэдзіла, каб каравай не бралі голымі рукамі. А дзве бабулі адмовіліся ад сурвэтак, але паклалі на свае рукі невялічкія хусцінкі, імі паціснулі рукі жаніха і нявесты, на іх жа і прынялі долю адрэзанага каравая. Чаму нельга браць каравай голымі рукамі?» — пытаецца І. Д. Варанько з вёскі Сітнікі Чэрвеньскага раёна.


Важнае месца ў славянскай народнай традыцыі займае супрацьстаянне «голы» (непакрыты, лысы) — «пакрыты» (прыбраны, зачынены, абаронены), яно з'яўляецца адным з сістэмаўтваральных, або каштоўнаснафарміруючых. У сімвалічных адносінах прыкмета «голы» выяўляе значэнне «бедны», «бясплодны», «галодны» і супрацьпастаўлена «няголаму», пакрытаму як багатаму, сытаму, памнажаючаму. Голы, або непакрыты, быў сімвалам беднасці, адзіноты і, наадварот, махнатае, пакрытае, загорнутае ў што-небудзь сімвалізавала дабрабыт, абярэг, багацце.

Апазіцыя «голы — пакрыты» ўсебакова выяўлялася і ў назіраннях за станам прыроды, і ў ключавых момантах сельскагаспадарчай дзейнасці, і, вядома ж, у абрадава-магічнай практыцы беларусаў. Адной з найбольш распаўсюджаных народных прымет з'яўляецца тая, у аснове якой ляжыць назіранне за станам дрэў у момант першай веснавой навальніцы: «Калі першая навальніца прагрыміць на голы лес, чакай неўраджай, галодны год, хваробы, эпідэміі...» На Магілёўшчыне існавала строгая забарона спяваць летнія песні, пакуль лес «не апранецца».

Дасведчаная бабка-павітуха ведала, што прымаць дзіця рукамі, нічым іх не накрыўшы, нельга. Для гэтага рыхтавалі пялёнкі, часцей за ўсё са старой бацькаўскай кашулі ці ніжняй спадніцы парадзіхі: «...старызнаю, каб дзіця ніколі не было голае, а заўжды жыло ў багацці». Добры гаспадар ведаў, што прадаючы карову, аддаваць яе неабходна разам з вяроўкай, якую перадавалі новаму гаспадару праз крысо адзення (не проста ненакрытымі рукамі), прыгаворваючы: «Прапала кароўка, прападай і вяроўка». На Брэстчыне першае знесенае яйка гаспадыня брала праз фартух, каб курыца стала добрай нясушкай.

Перад тым як запрасіць сям'ю палуднаваць, гаспадыня заўсёды накрывала стол абрусам. Пасля таго як з печы вымалі хлеб, у яе абавязкова клалі некалькі паленаў, каб печ не была пустой, голай, і зачынялі засланкай: «...Печы ў хаце нельга пакідаць адкрытай, бо тады адкрыюцца чужыя раты, каб абгаварыць каго-небудзь з сямейнікаў». Калі стол выносілі з хаты, каб аддаць суседзям для выкарыстання ў розных сямейных падзеях, яго абавязкова накрывалі абрусам.

Прыкмета «пакрыты» стаяла ў адным асацыятыўным шэрагу з касматым, валахатым і таксама лічылася знакам багацця і поспеху. У калядных варожбах аб тым, бедным або багатым будзе будучы муж, у лазні дзяўчаты вадзілі рукой у поцемках па сцяне. Калі пад руку трапіць голае бервяно, то, меркавалі, што жаніх будзе з беднай сям'і, калі ж пад руку трапіць мох паміж бярвёнамі — гэта было прадказаннем будучага багацця. І сёння выраз «касматая рука» гаворыць пра нечую фінансавую самастойнасць або пра таго чалавека, які здольны вырашаць складаныя жыццёвыя праблемы.

Падчас вяселля ролю абярэга маладых або так званага экрана выконвалі вэлюм і вяночак (яны перасцерагалі вочы нявесты, канал, праз які лёгка было сурочыць чалавека, а таксама валасы, канал, праз які можна было навесці самую невылечную псоту); хусткі, праз якія трымалі вянчальныя свечкі (да свайго лёсу не дакранайся голымі рукамі) і царкоўныя вянцы над галовамі маладых; ручнік ці хустка, праз якія сват ці шафер вёў нявесту ў хату пасля выкупу; ручнікі, на якіх выносілі абраз і абрадавы хлеб; посцілкі, якімі высцілалі дарогу маладым, калі яны ішлі па зямлі; кажух ці падушка, на якіх сядзелі маладыя падчас вясельнага застолля. Калі адорвалі маладых, талерку, на якую клалі грошы, засцілалі хусткай ці ручніком. Прымаць долю вясельнага каравая з рук свата неабходна было таксама на хустку.

У дадзеным выпадку спрацоўваў усё той жа прынцып «падобнае выклікае падобнае». Лічылася, што голыя рукі, якія былі задзейнічаны ў абрадавай практыцы, правакавалі жыццёвую ці гаспадарчую «пустэчу» (безграшоўе); маладым нельга было злазіць з воза на пустую зямлю і садзіцца на ненакрытую лаўку за вясельным сталом, каб не наклікаць бясплоддзе, як той самы голы лес падчас першай навальніцы...

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.