Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. Сімпатычны бандыт


Паказаў сыну сваю фотагалерэю з дзевяностых. Ён здзівіўся і кажа:

— Ты што, быў бандытам?!

— З чаго ты ўзяў?

— У вас твары як з фільмаў пра бандытаў.

— Тады ва ўсіх такія твары былі.

— Чаму?

— Час быў такі, «Фэйсбука» не было.

Сын паважліва:

— Добра, што цяпер ён у цябе ёсць.

Старэйшая дачка, гледзячы на тыя ж фота:

— Жах... Ну і морды...

Потым, спахапіўшыся:

— Але ўсё роўна, татачка, ты тут самы сімпатычны.

Усё-такі наколькі больш прыемна мець справу з дзяўчаткамі: яны нават там, дзе ўсё дрэнна, знойдуць штосьці добрае і цябе пашкадуюць.

* * *

Поля з раніцы ўстала — вакол вока чырвоным фламастарам намаляваны круг. Пытаю яе:

— Гэта што яшчэ такое?

— Проста Ксенія мяне будзіла, я не хацела прачынацца, і яна мне вырашыла намаляваць вока, як быццам я не сплю.

Здрыгануўся ад думкі, што сёння мяне таксама маглі будзіць такім вытанчаным спосабам. Нават на ўсякі выпадак паглядзеўся ў люстэрка: ці не намалявалі на мне нічога, пакуль я спаў.

Увогуле, калі вы аднойчы ўбачыце ў мяне вакол вока яшчэ адно вока, не пужайцеся: гэта значыць, што я проста хацеў даўжэй пакачацца ў ложку.

P. S. А пакуль сказаў старэйшым дзецям прыбраць далей іх цыркулі. Раптам фламастара акажацца недастаткова, каб мяне разбудзіць. Сплю ж я моцна.

* * *

Сяджу на кухні, дзеці ў сваіх пакоях робяць урокі. Раптам чую, хтосьці з малодшых крычыць:

— Тата, а дваццаць тры мінус сем будзе шаснаццаць?

Крычу ў адказ:

— А ты як думаеш?

— Думаю, што не.

— Чаму?

— Не ведаю.

— А я думаю, што так.

— Дзякуй!

Праз тры хвіліны зноў крык:

— Тата, а дваццаць тры мінус сем будзе шаснаццаць?

Я (раздражнёна):

— Вы ж мяне толькі што аб гэтым пыталі!

— Гэта Поля пыталася, а я Вера.

— Ну дык спытай у Полі, яна ведае.

— Нам настаўніца не дазваляе адно аднаму падказваць.

(Трэба ж, якія правільныя, усё павінны зрабіць самі!)

Давялося паўтарыць і для Веры таксама — толькі б настаўніца была задаволена.

P. S. Цяпер вось сяджу і думаю: а дваццаць тры мінус сем дакладна шаснаццаць будзе? І самае крыўднае — спытаць няма ў каго: сын з ліцэя яшчэ не прыйшоў.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.