Вы тут

Незвычайная і жорсткая забава існавала ў ЗША ў сярэдзіне ХХ стагоддзя


Спорт не заўсёды бывае разумным. Напрыклад, у Англіі ладзіліся чэмпіянаты па кіданні лісіц — жывёлы ўзнімаліся ўгору пад захопленыя крыкі натоўпу.


У Амерыцы забаўляліся па-свойму. Папулярны спорт сярэдзіны ХХ стагоддзя — барацьба з васьміногам. Спаборніцтвы нават транслявалі па тэлебачанні. На ўзбярэжжы ўсталёўвалі трыбуны для гледачоў. Не рады былі толькі васьміногі, якія часцей за ўсё гінулі.

Дзіўны від спорту

Упершыню свет даведаўся пра гэткі «спорт» у 1949 годзе: у амерыканскім часопісе з'явілася нататка, у якой аўтар расказваў аб сваім незвычайным хобі. Ён таксама адзначаў, што тэхніку пераняў у сапраўдных паляўнічых на васьміногаў на востраве Таіці. Артыкул Вільмона Менарда прагрымеў на ўсю краіну, і людзі ўсур'ёз зацікавіліся жорсткай забавай. Простыя правілы і азарт імкліва павялічвалі папулярнасць спаборніцтва, прычым да такой ступені, што аднойчы быў праведзены сусветны чэмпіянат.

Асаблівы від адзінаборства

Пік папулярнасці забавы прыйшоўся на 1960 год. Асабліва спорт палюбіўся на заходнім узбярэжжы ЗША. Правілаў у змаганні было няшмат. Дайверы апускаліся ў прыбярэжныя зоны і выцягвалі на бераг васьміногаў. Перамагала тая каманда ці ўдзельнік, чый «праціўнік» быў большы. Пасля нападзення чалавека жывёла, што натуральна, праяўляла агрэсію. Але супраціўленне малюска толькі дадавала відовішчнасці гэтаму дзейству.

З 1960 года ў ЗША праводзіліся штогадовыя чэмпіянаты па барацьбе з васьміногамі. Кожны год каля пяці тысяч фанатаў прыбывала паназіраць за воднымі баталіямі. Акрамя таго, спаборніцтвы трансляваліся па тэлебачанні. Арганізатары зарабілі на жорсткай забаве велізарныя грошы.

У 1963 годзе адбыўся чэмпіянат, які ўвайшоў у гісторыю як самы буйны. Колькасць удзельнікаў склала 111 чалавек. У той дзень на бераг выцягнулі 25 васьміногаў, самы вялікі важыў 26 кілаграмаў. Аднак такія істоты — далёка не мяжа. На заходнім узбярэжжы сустракаліся васьміногі вагой і звыш 50 кілаграмаў.

Тэхніка барацьбы

На міжнародных чэмпіянатах усе дайверы насілі маскі. «Дзікія» спаборніцтвы праводзіліся без выкарыстання абсталявання. Гэта падкрэслівала ступень рызыкі, якую адчуваў нырэц. У 1973 годзе мужчына па імені О'Рурк вынайшаў незвычайны спосаб лоўлі васьміногаў. На справу ён адпраўляўся разам з партнёрам. Пры гэтым сам Рурк гуляў ролю прынады. Ён апускаўся ў ваду і «прывабліваў» васьмінога. Пасля гэтага жывёла шчыльна яго абхапляла. О'Рурк падаваў сігнал і партнёр выцягваў яго, натуральна разам з васьміногам. Такі падыход таксама цалкам падыходзіў для «дзікіх» спаборніцтваў. Аднак афіцыйныя праводзіліся па замацаваным рэгламенце.

Што чакала васьміногаў?

Афіцыйныя спаборніцтвы праходзілі без ахвяр на сушы. Удзельнікі лавілі жывёлу, пазбаўлялі яе магчымасці рухацца і ўзважвалі. Затым васьміног адпраўляўся назад у ваду. Аднак жывёла ўсё адно гінула з-за стрэсу і атрыманых траўмаў. Сабратам з «дзікіх» спаборніцтваў шанцавала яшчэ менш.

На неафіцыйных спаборніцтвах васьміногі гінулі на сушы. Часцей за ўсё пасля лоўлі іх з'ядалі. Часам жывёл перадавалі заапаркам. Таксама пераможца меў права забраць васьмінога сабе для акварыума.

Вядома, забаву забаранілі. У 1976 годзе выйшаў закон, які накладаў табу на такую «барацьбу». Спыніць цкаванне васьміногаў улады прымусіла грамадскасць. Прыкладна ў сямідзясятых гадах ХХ стагоддзя пачаў набіраць сілу рух «зялёных». Дадаткова дакументальныя фільмы Кусто раскрылі сапраўдную прыроду васьміногаў. Жывёлы, якіх раней лічылі небяспечнымі і неразумнымі, аказаліся вельмі кемлівымі прадстаўнікамі марской фаўны.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.