Вы тут

Проста/няпроста дакументальнае кіно


На «Беларусьфільме» падаспелі дзве дакументальныя карціны рэжысёраў-жанчын — Наталлі Жамойдзік і Галіны Адамовіч. Абедзве аўтаркі заняліся «сваімі» тэмамі і ў абодвух выпадках сканцэнтраваліся на ў шырокім сэнсе сям’і. Карціна Наталлі Жамойдзік паказала ўсынаўленне, Галіна Адамовіч — пару, што разышлася і са сваіх супрацьлеглых канцоў і пазіцый выказваецца пра адно і тое ж. Дзе павярхоўныя, дзе штучныя, але ўсё ж пра рэальных людзей, фільмы былі толькі-толькі прадстаўленыя на Нацыянальнай кінастудыі і сталі прыемным бонусам да той справаздачы за мінулы год, якую мы ўжо бачылі.


Кадр з фільма «Адна сям'я».

Рознае

А мінулагодняя праграма на фоне сумнай прадукцыйнасці студыі «Летапіс» апошняга часу нават без гэтых двух фільмаў выглядае прыстойна. Вядучыя рэжысёры Віктар Аслюк, Вольга Дашук і зноў жа Галіна Адамовіч працавалі над сваімі аўтарскімі праектамі — карцінамі пра шахцёраў, вясковага кампазітара і арганізатара забаў Васіля Граноўскага і хуткую дапамогу ў Светлагорску.

Апроч гэтага на «Летапісе» былі зроблены даволі прывабныя для сваёй катэгорыі фільмы тэлевізійна-інфармацыйнага фармату, што ўзялі сваімі тэмамі Казіміра Малевіча і сцвярджальнікаў новага мастацтва УНОВІС ды крыпту ў Нясвіжы і пахавальную традыцыю Радзівілаў. Былі і відавочна замоўленыя работы кшталту «Навукі на варце закона». І фільм «Зямляк» пра касманаўта Алега Навіцкага. І актуальна-беглая «Інклюзія» пра адаптацыю дзяцей з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця да дарослага жыцця.

Вось да гэтай разнастайнасці на мінулым тыдні дадаліся яшчэ дзве аўтарскія работы, якія, між іншым, могуць прадэманстраваць мяжу паміж проста дакументалістыкай і аўтарскай дакументалістыкай, якой бы апошняя ні была.

Выраз з анатацыі «фільм прысвечаны праблеме ўсынаўлення дзяцей» у дачыненні да карціны «Адна сям’я» Наталлі Жамойдзік занадта гучны. Работа прысвечана хутчэй факту іх усынаўлення, бо фіксацыяй наваколля, жыцця, герояў ці што яшчэ фіксуе дакументаліст у гэтым выпадку, усё і абмежавалася. Канцэпцыя, аўтарскае выказванне, падсэнсы ў карціну ўшытыя не былі, а значыць, і праблемамі тут ледзь павявае.

Праблемнае

Усё пачынаецца з раніцы, калі муж з жонкай снедаюць перад тым, як паехаць у дзіцячы дом за сваім сынам. Вельмі файны хлопчык Марк — вы б і самі такога ўсынавілі — развітваецца з кожным сустрэчным і кажа, што едзе ў госці і калі захоча, застанецца там жыць. І, як меркавалася, застаецца. Школа, візіты ў сем’і, што ўзялі сястру і брата Марка, наведванне псіхолага — падчас усяго гэтага ненадзвычайнага дзеяння героі прагаворваюць свае надзённыя пытанні, уражанні і здарэнні, а рэжысёр паспяхова пазбягае фармалісцкіх інтэрв’ю перад камерай.

Са столі ўзятая «праблема», маўляў, хлопчык не называе прыёмных бацькоў мамай і татам, драматургію карціны зрабіць не здольна, і аўтарскае назіранне за навастворанымі сувязямі ў выніку перарываецца, а карціна застаецца толькі сямейным летапісам.

Што не выключэнне ў сучаснай беларускай дакументалістыцы, аўтары «Адной сям’і» забяспечваюць гледача канстатацыяй, гэтым разам — што некаторыя сем’і ўсынаўляюць дзяцей і праходзяць пэўны перыяд адаптацыі. Фактычна візуалізаваны газетны артыкул — засвоена, дзякуй.

Сумоўнае

Кадр з фільма «Вядо».

Кур’ёзная, жартаўлівая, з прыгожымі ўкрапінамі карціна «Вядо» Галіны Адамовіч (па назве возера і мясцін, у якіх жыве галоўны герой) у гэтым параўнанні прадстаўляе аўтарскую дакументалістыку (вядомаму беларускаму рэжысёру іншым займацца як бы і не да твару), то-бок нешта большае за дакумент.

Дзіўныя пейзажныя планы, гукі гурта «Троіца», разумны для задач фільма мантаж ды інтэрв’ю з героямі сабраліся, каб распавесці пра самаабвешчаны талент — Веньяміна Бычкоўскага з вёскі Бабровічы ў Івацэвіцкім раёне.

Пэўны час таму Веньямін пераехаў з Расіі ў беларускую вёску, бо ведаў, што з гэтых мясцін паходзяць яго продкі і тут ён мае знайсці спакой. І знайшоў настолькі, што ў гэтым спакоі і засяроджанасці на творчасці яму сталі перашкаджаць нават дзеці — два сыны. Ён стварыў музей Палескага побыту, дзе сабраныя скарбы, якія пясок Вядо выносіць вонкі, пабудаваў капліцу ў памяць аб ахвярах спаленых вёсак, заняўся літаратурнай справай, а яго жонка Настасся тым часам разам з дзецьмі з’ехала ў Мінск.

Здымачная група правяла пэўны час і з Веньямінам, і з Настассяй і атрымала іх маналогі аб былым, погляды на адны і тыя ж рэчы, пяшчотныя ўспаміны і, наадварот, іранічныя выказванні. Усё гэта паказвае, наколькі розныя пазіцыі могуць быць у сужэнцаў ды і проста ў людзей наконт стылю жыцця і градак з бульбай. Нічый бок займаць не трэба, даволі ведаць, што ў кожнага свой сусвет. Кажуць, і Васіль Быкаў развёўся з першай жонкай, таму што яна ўвесь час цягнула яго на лецішча паліваць памідоры. А якія тут памідоры, калі ў цябе — творы…

Супярэчнасці сямейнага жыцця, асабістых пераваг, легітымнасць любога светапогляду сцеляцца па планах «Вядо» і робяць з фільма ўжо не дакумент — суразмоўцу. Праўда, са штучнымі эпізодамі, якія працвярэжваюць гледача і выкідваюць з абоймы апавядання. Так і атрымліваецца: фармальна дакументальная, але сухая «Адна сям’я» і штучнае, але насычанае «Вядо».

***

«Летапіс» ужо заняты новымі карцінамі. І пакуль сінусоіда іх колькасці і якасці на «Беларусьфільме» паўзе ўверх, можна спадзявацца на нешта гэткае. Вядома, калі ў аўтараў атрымаецца перамагчы сціснутыя тэрміны вытворчасці, умовы ды патрабаванні.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.