Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Вясна, зоры, каханне...

Лірыка, прадстаўленая на старонках красавіцкага «Полымя», скіроўвае да ўнутранага дыялогу з самім сабой. Яна філасофская, сузіральная і экзістэнцыяльная, навеяная светлым сумам, усведамленнем хараства гэтага свету і сваёй часовасці ў ім.

Мікола Гіль (падборка «Крылаты сімвал Беларусі... Мінорныя думкізгукі падчас летавання ў родным куце») дзеліцца скрушнымі развагамі аб малой радзіме, прызначэнні чалавека і яго ролі для таго месца, дзе ён прыйшоў у свет. Адметнасць твораў — у іх лаканізме: формай яны нагадваюць трыялеты, але аўтар не надта яе прытрымліваецца: апошнія радкі другой страфы, што мусяць паўтараць пачатак першай, крыху змененыя з захаваннем патрэбнай рыфмы. У выніку адыходу ад строгага канона атрымалася нешта больш цікавае і арыгінальнае.

Паэзія Ігара Клепікава (падборка «Ліст у неба») уяўляе сабой спалучэнне традыцыйнасці і спробаў выйсці за яе межы, прагу свабоды ў адчуваннях і інтэрпрэтацыі таго, што акаляе лірычнага героя ў звыклым штодзённым жыцці. Гэтым вершы і цікавыя, а таксама нечаканымі сэнсамі, якія яны адкрываюць чытачу: «...надзвычайнае становішча да світання / аблога / але абсалют цішыні / недасягальны як зоры / чуеш шолах / гэта павук / выйшаў на паляванне»...

Падборкі Анатоля Зэкава «Як бывае толькі па вясне» і Дзмітрыя Пятровіча «Табой натхніцца...» навеяныя надыходам вясны: іх лірычныя героі аддаюцца насалодзе сузірання прыгажосці прыроды і жанчыны (асабліва што тычыцца апошняга творцы. Хаця, варта заўважыць, лірычны герой Дзмітрыя Пятровіча і ў любую іншую пару года захапляецца жанчынай).

Празаічныя творы нумара вызначаюцца глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека, яго ўзаемаадносінаў з іншымі, са сваім «я» і светам. Святлана Магілеўчык даследуе характар у экстрэмальных умовах. Герой апавядання «Вецер чужыны заўсёды халодны» — вясковы хлопец, які трапляе з цёплай хаты і ўтульнай сямейнай атмасферы на не зразумелую яму афганскую вайну. Лаканічныя творы Васіля Ткачова аб’яднаны агульнай назвай «Святла вам, людзі...». Пісьменнік назірае за тым, з чым сутыкаецца штодзённа, скануючы людзей, з’явы і рэчы прафесійным позіркам псіхолага, а рабіць высновы пакідае чытачу.

Асабліва прываблівае назвай твор Яўгена Шышкіна «Мужчынскае жыццё» (раздзелы з рамана ў перакладзе з рускай мовы Уладзіміра Саламахі). На прыкладзе героя аўтар дае псіхалагічны партрэт сучаснага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва. Ён не прыхарошвае яго, не «рэдагуе» помыслы, думкі і ўчынкі. Вельмі карысна было б азнаёміцца з раманам дзяўчатам, схільным да рамантыкі. Валянцін — той, пра каго зазвычай кажуць «сапраўдны мужык», «мужык сказаў — мужык зрабіў». І пры гэтым ён схільны да філасофскага асэнсавання жыцця, час ад часу рэфлексуе, аналізуе ўнутраны стан, спрабуе дакапацца да самых глыбокіх прычын учынкаў. Па жыцці актыўна прымае рашэнні, прычым не толькі за сябе і далёка не заўсёды правільныя (але, маючы цвёрдыя перакананні, не саступіць ад іх у бок, ніяк не падкарэктуе). Адносна жанчын яго паводзіны добра ілюструе выснова аб тым, што па сваёй сутнасці мужчына — істота палігамная: будучы ў адносінах з адной, не пакідае марыць аб іншай — першым каханні, дый не супраць пры выпадку сарваць на баку «кветку асалоды»... Падабаецца гэта альбо не — справа другасная. Нельга ж казаць, што восень кепская таму, што ідзе дождж... І ўсё ж на старонках рамана хацелася б пабачыць, як эвалюцыянуе раз і назаўсёды створаная мужчынам мадэль сусвету (у нечым спрошчаная і прымітыўная) пры сутыкненні з сапраўднай рэальнасцю — больш складанай і непрадказальнай. Зрэшты, можа, гэта і адбудзецца ў завяршэнні рамана — на тых старонках, якія не ўвайшлі ў сціплы аб’ём выдання. У канцы часопіснай часткі Валянцін выпраўляецца ў госці да юнацкага, дзесяцігоддзямі выпеставанага, а таму і самага чыстага і светлага кахання, — а нішто так не ламае старыя і закарузлыя ўстаноўкі, як менавіта яно, сапраўднае каханне...

Яна БУДОВІЧ


Карані свайго «я»

Тэма вялікай і малой радзімы невычарпальная, а ў творчасці некаторых пісьменнікаў увогуле бясконцая. Іншы раз узнікаюць думкі: навошта трансляваць падобныя матывы і ідэі, калі так многа ўжо сказана? Але ўсё ж у кожным асобным выпадку гэта пошукі свайго пачатку і самапазнанне, якія не могуць быць марныя.

Міхась Пазнякоў, адкрываючы паэзію «Нёмана», запрашае ў «Непаўторны, мілы сэрцу край» (пераклад на рускую мову Іны Фраловай). Гэта край, які хоць і існуе фактычна, застаўся ў сэрцы паэта як напамін пра маці, дзяцінства — карані свайго «я». Вядома, у кожнага ёсць такі куток, не ва ўсіх ён выглядае як старая хата і падворак, што зарос палыном, ды і амаль усе астатнія хаты стаяць адзінокія... Але ўсё роўна для паэта гэта рай, які ён раскрывае перад чытачом:

Трав молодых

И соцветий бальзамный настой.

Вечер на луг опустился дремотный.

Горло полощет

Дергач сон-росой.

Тихий туман расстилает у речки полотна.

Аўтар марыць вярнуцца ў гэты цудоўны сон, калі жыццё здавалася бясконцым. Ці знойдуцца тыя, хто не раздзеліць яго жаданне?

Анжэла Бяцко, наадварот, крыху недагаворвае, нібыта падкідаючы чытачу тэму для роздуму і адыходзячы на задні план. Яе думкі выглядаюць смела і крыху прэтэнцыёзна, ды і ўвасоблены адмыслова. Для разумення падаецца патрэбным вылучыць верш «Да Афеліі», які пачынаецца з наступных радкоў:

Ах, Офелия, не слушай:

все мужчины лгут.

На замок — и слух, и душу:

Гамлет — сущий плут,

Маска, выскочка, мальчишка,

карнавальный смех.

О таких напишут в книжках:

на страницах — всех!

Тайговымі матывамі напоўнены вершы Валерыя Калінічэнкі «Востраў Аграфены» і «Чучуна». Міфалагічны складнік — аснова твораў, што быццам пераносяць чытача ў свет паданняў, падзеі якіх адбываюцца на вачах чытача. Рэчаіснасць перамяжоўваецца з ірэальным, тым самым ствараючы асаблівы настрой.

У свет рэальнасці (хоць у большай ступені пачуццёвай) вяртае Валянцін Семяняка. Асноўная думка яго твораў — непатрэбнасць слоў, калі адным поглядам можна сказаць усё. Перад чытачом — рамантык, які прапаноўвае каханай паехаць туды, дзе ніхто не чакае…

Амаль казачныя гісторыі «Гаспадыня лесу» і «Лясун» Сяргея Кавалеўскага маюць даволі выразны дыдактычны пасыл. Не вельмі сумленныя паляўнічыя — рухавік сюжэта абодвух апавяданняў, праз які аўтар нібы падказвае, што добра, а што дрэнна. Але дабро перамагае зло не толькі ў рэалістычным рэчышчы. Усё ж такі асноўная дзеючая сіла містычная. А дакладней, у творы гэта вызначаецца як наданне прыродзе станоўчых чалавечых якасцей. Паўстае пытанне: ці можа чалавек перамагчы зло без дапамогі звышнатуральных сіл?

Алег Ждан-Пушкін у творы «Знаёмыя твары» (несентыментальны мемуар) як апавядальнік гарманічна спалучае ў сабе нейтралітэт і разуменне тых, пра каго быццам вядзе гутарку з чытачом (гэтаму бясспрэчна дапамагаюць абраныя стыль і жанр). Увесь аповед будуецца вакол радзімы аўтара — Мсціслава, толькі не таго, якім можа пабачыць яго жыхар горада ці вандроўнік, а пасляваеннага, сведкам жыцця якога стаў аўтар. Кожная падзея, кожны герой, кожная думка тут да месца, што дазваляе скласці не толькі цэласную карціну жыцця таго часу, але і яго дэталёвыя адзнакі, хоць, безумоўна, твор не пра канкрэтныя горад і час. Таму і няварта раскрываць усе карты, хоць некаторыя прыўзняць варта — каб ведаць, з кім можна сустрэцца на працягу тэксту. Напрыклад, з настаўнікам матэматыкі, які скептычна ставіўся да любога кіраўніцтва. З аднакласнікам аўтара, які імкнуўся зразумець, чаму яму не падпарадкоўвалася граматыка, і вінаваціў маці і настаўніцу… На што Алег Ждан-Пушкін дае ўніверсальны адказ: «...нашы вартасці мы атрымалі ад людзей, але недахопы набылі самі».

Яўгенія ШЫЦЬКА


Неабходнасць расстання

Вясна — час маладых разважанняў, якія не абцяжарвае ні асенні лістапад, ні зімовая завіруха, а толькі — свежая навальніца. Менавіта ў гэты час ёсць надзея на з’яўленне мараў іншага кшталту, на нараджэнне новых ідэй. Але ў той самы час гэта і непазбежнае развітанне з нечым… Такога ж меркавання прытрымліваюцца і аўтары «Маладосці».

 У творы «Няёмкасць» Кацярына Захарэвіч разважае пра апошні этап стасункаў паміж мужчынам і жанчынай. Раскрываецца ён тады, калі людзі, якія ўжо разышліся, не могуць успомніць, чаму так сталася. Мінулы абранец выглядае як самы правільны выбар у жыцці, нават нязначныя хібы ўспрымаюцца як самыя бясспрэчныя вартасці, раптоўная сустрэча бачыцца як самае лепшае спатканне: працягваць усё «самае» можна бясконца. Але расчараванне не прымусіць чакаць, і ў зусім бяскрыўдный рэпліцы выкрываюцца сапраўдныя адносіны. Ды нават расстанне бывае справай неабходнай, ці не так?

Апавяданні «#метро» і «Трэні» Вольгі Ліхадзіеўскай — прыклад гарадской прозы, маладой і ў нечым бунтарскай. У першым апавяданні аўтарка паспрабавала паэксперыментаваць з тэмамі і напрамкамі, у выніку чаго атрымаўся не зусім аднародны, але ўсё ж стройны твор, які прадставіць жыхарам Мінска і не толькі станцыі метро сіняй веткі, ды яшчэ Першамайскую пад іншым ракурсам. Чаму ж сярод сярод іншых для аповеду абрана і адна станцыя чырвонай веткі, наведвальнікам метро здагадацца няцяжка. Увасоблена гэта з такой іроніяй і гумарам, што спроба выглядае найбольш удалай з усіх. Апавяданне «Трэні» — асаблівы погляд калі не на сапраўднае становішча, то хаця б на значныя тэндэнцыі ў грамадстве, сярод якіх — мода на здаровы лад жыцця. Магчыма, крыху скепсісу ў гэтым рэчышчы сапраўды не зашкодзіць.

Апавяданне «Дыван пад плоскасцямі» ад аматаркі ўсяго, што звязана з авіяцыяй, — Дар’і Значонак. 1943 год, галоўны герой Слаўка — лётчык. Яго акаляе шмат дзяўчат-калег, і адносіны з такім неаднародным і ўпартым калектывам не складваюцца: ва ўсялякіх звычайных і надзвычайных умовах ён не ўмее ім пярэчыць. Але ў творы ўсе ўласцівыя маладосці атрыбуты, у прыватнасці дзіцячыя надзеі, невынішчальны давер і ўдачлівая свавольнасць, спалучаюцца такім чынам, што могуць змяніць лёс не аднаго героя. Побач з паветранымі баямі, раненнямі, спрэчкамі і недагаворкамі, якія граюць хутчэй як дэкарацыі, суседнічаюць вера, натхненне, дзіцячыя ўспаміны і перакананні, а таксама адданасць і каханне. Па-юнацку лёгка ўвасоблены і ненагружаны сюжэт мае такую ж празрыстую ідэю: можа, яно і не трэба — пярэчыць?

«Мае вершы — гэта частка маёй душы, маіх адносін з Богам і людзьмі. Гэта мая песня Любові», — прамаўляе Марыя Чарняўская. Сапраўды, гэта пацвярджае нізка вершаў «З табою падзяліцца вясною». Вобразы крыжа, агменю, сэрца, малітвы праходзяць праз асабістае ўспрыманне аўтара, утвараючы сімвалы-звароты да вышэйшых сіл. У вершах увасоблены нязломны і непаўторны сінтэз адчування прыроды і эмоцый, якія зліваюцца дзеля аднаго — спазнаць сутнасць Любові.

Характар вершаў Кацярыны Стройлавай «З Вялікага Тыдня радкі» дастаткова прытчавы. Тут і пярэдадзень Тайнай вячэры, і Хрыстос на крыжы… Дакладна: аб’яднаўшы два вершы паміж сабой ці развіўшы нейкія сюжэтныя лініі твораў, маглі б атрымацца адмысловыя алегарычныя паэмы.

Вылучаецца сярод узвышанай і натхнёнай паэзіі нумара лёгкая і па-вясноваму свежая нізка вершаў «Хутка зацвітуць сакуры» Андрэя Дубровы. Як і ў мінулай паэтычнай маладосцеўскай падборцы, аўтар зноў апявае Вільню. Немудрагелістыя радкі пра сыход зімы і, натуральна, вясну, якая здольная выклікаць штогод розныя пачуцці і думкі, працягваюць маляваць перад намі пейзажы, сярод якіх, напрыклад, «кублаватыя аблокі, бэз, чаромха і язмін»…

Калектыў «Маладосці» — адзін з арганізатараў мінскага фестывалю «Горад і кнігі» — распачаў новы конкурс вершаў, прысвечаных кнігам, кніжнасці, літаратуры. Лепшыя творы, дарэчы, будуць задзейнічаны ў камплекце сувенірных паштовак. Лаўрэаты конкурсу — Марыя Шэбанец, Дар’я Значонак, Людміла Рахматуліна, Кацярына Дабкенэ і Наталля Цвірко — дапаўняюць паэзію красавіцкай «Маладосці». Творцы натхніліся мастацкім словам Гюго, Мандэльштама, Эка, Коласа…

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.