Вы тут

Што падрыхтавалі грамадскія арганізацыі да 75-годдзя вызвалення Беларусі


Так, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з піянерскай арганізацыяй запусціў маштабную акцыю — па ўсёй Беларусі збіраюцца фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, запісваюцца гісторыі, вядзецца пошукавая работа. Сабраныя звесткі ўвойдуць у альбом «Беларусь памятае», які перададуць Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 11 чэрвеня актывісты распачнуць маладзёжны марафон «75», падчас якога ў розных гарадах Беларусі будуць збірацца матэрыялы пра герояў вайны. Па краіне будзе падарожнічаць маленькая лабараторыя з абсталяваннем, неабходным для падрыхтоўкі альбома. Сюды маладыя людзі, якія хочуць, каб памяць пра іх прадзедаў не знікла, змогуць прынесці на сканаванне старыя фатаграфіі. Таксама ў патрыятычным падарожжы будуць збірацца рэгіянальныя палотны, якія складуцца ў сцяг памерам 6 на 12 метраў. З ім актывісты прымуць удзел ва ўрачыстасцях 3 ліпеня.


Таксама БРСМ праводзіць фотаконкурс, куды можна дасылаць фатаграфіі, якія сведчаць пра тое, што сучаснае пакаленне шануе гісторыю і памяць пра сваіх продкаў. На конкурс можна дасылаць не толькі фотапартрэты ветэранаў і іх нашчадкаў, але і здымкі, якія раскажуць пра святы Перамогі, пра манументы, пра ўзнагароды і рэчы, якія захоўвалі ветэраны і іх сем'і.

Шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя вызвалення Беларусі, праводзяць прафсаюзы. Самыя маштабныя з іх звязаны з Курганам Славы, над якім шэфствуе арганізацыя. Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Маладзёжнага Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Арцём Ігнаценка, сёлета тут будзе ўстаноўлены штурмавік Іл-2. Каб аднавіць мадэль часоў Вялікай Айчыннай вайны, выкарыстаны дэталі ад самалётаў, знойдзеныя падчас раскопак у розных гарадах Расіі. Прэзентаваць адрэстаўраваны самалёт будуць 5 ліпеня, у гэты дзень якраз споўніцца 50 гадоў з моманту адкрыцця Кургана Славы. Арганізатары запрашаюць на тэатралізаваную пастаноўку «Крылы Перамогі» і вячэрні канцэрт.

Міжнародныя сустрэчы, канферэнцыі, часовыя экспазіцыі, аблічбоўка партызанскіх рукапісаў, патрыятычныя экскурсіі для дзяцей, нясумныя музейныя заняткі — усё гэта мерапрыемствы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, скіраваныя на захаванне памяці. Сёлета ўстанова апрабавала і новую форму работы — анлайн-урокі па ваеннай гісторыі. Падчас школьных заняткаў для дзяцей з магілёўскага ліцэя праз інтэрнэт вялася трансляцыя лекцый і відэаматэрыялаў з музея. Супрацоўнікі падбіралі матэрыялы ў адпаведнасці са школьнай праграмай — разглядаліся тэмы, заяўленыя ў экзаменацыйных білетах. Эксперымент прайшоў удала, і ў будучыні падобныя відэаўрокі можна запускаць і ў іншых беларускіх школах. Для дзяцей і настаўнікаў, якія жывуць далёка ад сталіцы, гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея дыстанцыйна.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Мазаіка памяці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.