Вы тут

Дзе здзяйсняюцца мары


Творчы праект Алены Стэльмах і Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой» знайшоў розгалас як у нашай краіне, так і за мяжой. Прэзентацыі фотаальбома ў спалучэнні з аднайменнай фотавыстаўкай адбыліся ў розных бібліятэках Беларусі — Нацыянальнай, Прэзідэнцкай, у штаб-кватэры СНД у Мінску, у сталічным касцёле Святых Сымона і Алены.


Падчас узнагароджванння канкурсантаў

Аўтары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўлялі сваю творчасць у Казахстане, Дагестане. Спартсмены і госці II Еўрапейскіх гульняў таксама змогуць пабачыць непаўторныя відарысы Беларусі з падачы Уладзіслава Цыдзіка. Яго фотаработамі ўпрыгожаны галерэі галоўнай пляцоўкі міжнароднага спартыўнага форуму — мінскага стадыёна «Дынама».

Днямі адбылася яшчэ адна знакавая падзея: да ініцыятывы пісьменніка і фотамайстра выказаць сваё бачанне Айчыны далучылася Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска (а гэта 18 кніжніц).

— Пачатак вялікай творчай плыні дала ў лютым гэтага года Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, падчас якой ва ўсіх дзіцячых бібліятэках г. Мінска адкрыліся кніжныя экспазіцыі, дзе знайшлі адлюстраванне самыя розныя погляды на асаблівасці беларускай культуры, традыцый, самавітага каларыту, — расказвае дырэктар ЦСДБ Таццяна Швед. — Мае калегі-бібліятэкары прадставілі не толькі кніжныя выданні, прысвечаныя Беларусі, але і пастараліся ўпрыгожыць іх нацыянальнымі сімваламі, вырабамі прыкладнога мастацтва. У бібліятэчных залах з’явіліся вельмі прывабныя куточкі, дзе з вялікай ахвотай затрымліваюцца чытачы.

Аўтары праекта «Бачу Беларусь такой», усхваляваныя актыўнай падтрымкай іх творчага кірунку, прапанавалі бібліятэкарам прадоўжыць супрацоўніцтва. Гэтым разам узнікла ідэя правядзення конкурсу пад той жа назвай. З’явілася і Палажэнне аб конкурсе. Цяпер ужо абудзіліся юныя чытачы, якім прапанавалі праявіць сябе ў чатырох намінацыях: «Паэзія», «Проза», «Фотаздымак» і «Малюнак».

— Нас вельмі ўсхвалявалі работы канкурсантаў, — зазначыў Уладзіслаў Цыдзік. — Безумоўна, у першую чаргу звярнуў увагу на фотаздымкі: сонечназорныя, цёпла-праменныя, шчымліватрапяткія. У кожнага з нас сваё пачуццё радзімы, і тым яно каштоўнае. Асабліва кранае, калі прыхільнасць да родных каранёў выказваюць дзеці. Многія работы па-сапраўднаму здзіўляюць: юныя творцы ўбачылі Беларусь велічнай і змаглі дапытлівым вокам разгледзець яе да таемных дробязей. Сярод пераможцаў — вучаніца СШ № 186 г. Мінска Ксенія Глебава, якая назвала сваю фотаработу «Усмешка вялікага горада». Вучаніца гэтай жа школы Сафія Шчарбачэня выбрала філасофскую тэму — «Супакаенне», а Ангеліна Ласоцкая з той жа СШ № 186 запрасіла ў «Райскі куточак».

— Паэзія і проза юных канкурсантаў таксама дапамагае стварыць багаты вобраз роднай краіны. Праз мастацкае слова дзеці выказваюць лепшыя пачуцці да месца, дзе нарадзіліся, да сваёй матулі, да першых жыццёвых урокаў, — падкрэсліла Алена Стэльмах.

У гэтых намінацыях журы адначыла работы вучаніцы СШ № 207 г. Мінска Юліі Кугаевай, вучаніцы сталічнай СШ № 204 Лізаветы Іванчык, вучаніцы СШ № 56 г. Мінска Надзеі Расоўскай, вучаніцы сталічнай СШ № 67 Вікторыі Салановіч і вучня гімназіі № 1 г. Мінска Ігара Жыгалковіча.

На малюнках юных творцаў — гераічная Беларусь. Пацвярджэннем таму — работа «Салют Перамогі» вучаніцы СШ № 200 г. Мінска Крысціны Адушкінай. «Беларусь — векапомная» — такі незабыўны вобраз нашай краіны стварыла Соф’я Кляцкова са СШ № 138. Беларусь — краіна, дзе здяйсняюцца мары і надзеі, сцвярджае вучаніца СШ № 54 Настасся Цімашэнка.

Асобныя падзякі ад арганізатараў конкурсу атрымалі вучаніца СШ № 186 Кацярына Смуціна, 3 «Б» клас СШ № 144 г. Мінска, дзіцячая бібліятэка імя В. Віткі, дзіцячыя бібліятэкі № 10 і № 15, цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага.

Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў мемарыяльнай зале Дома літаратара. Дзеці — пераможцы конкурсу, іх бацькі, арганізатары творчага спаборніцтва з боку цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска і Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровыя госці свята — Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч — усе яшчэ раз пераканаліся, наколькі таленавіты юныя беларусы.

— Побач з намі — Плошча Перамогі, дзе гарыць вечны агонь у памяць аб мінулай вайне, а ў мемарыяльнай зале мы бачым партрэты пісьменнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — зазначыў Мікола Мятліцкі. — Радасна, што цяпер мы жывём у міры і маем магчымасць наталяцца прыгажосцю роднай зямлі. Кожны бачыць Беларусь па-свойму. Але для ўсіх нас яна — адна.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.