Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» анансуем матч беларускай зборнай у Барысаве, дзе нашы футбалісты сустрэнуцца з камандай Паўночнай Ірландыі, і расказваем пра іншыя найбольш актуальныя навіны выхадных.


1. У суботу футбалісты зборнай Беларусі пацярпелі трэцяе паражэнне запар у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. Пасля двух стартавых гасцявых паражэнняў ад галандцаў (0:4) і паўночнаірландцаў (1:2) у Барысаве яны саступілі камандзе Германіі з лікам 0:2.

— Зборная Германіі па праве была мацнейшая ў гэтай гульні, — адзначыў пасля матча галоўны трэнер зборнай Ігар КРЫВУШЭНКА. — У гульні з Ірландыяй, хутчэй за ўсё, вернемся да ранейшай схемы. І можа, «плюс», што з немцамі не гулялі флангавыя гульцы, якія будуць свежымі да наступнага матча. Я думаю, баявы настрой у нашай каманды захаваецца. Тым больш Ірландыя — гэта сапернік, з якім у нас атрымалася крыху неадназначная гульня на выездзе. Усе хочуць даказаць, што паражэнне было трошкі незаслужанае для нас. Не хочацца ў дзвюх дамашніх гульнях не ўзяць ачкоў. Хлопцы будуць старацца, прыкладуць усе свае сілы. Будзем спадзявацца, што набяром ачкі.

Турнірнае становішча ў групе С: Паўночная Ірландыя — 9 ачкоў (3 матчы; розніца мячоў — 6-2), Германія — 6 (2; 5-2), Нідэрланды — 3 (2; 6-3), Эстонія — 0 (2; 1-4), Беларусь — 0 (3; 1-8).

Сёння ў 21.45 у Барысаве наша зборная прымае каманду Паўночнай Ірландыі.

2. Аляксандр Рабушэнка фінішаваў другім у шасэйнай велагонцы «Гран-пры Лугана» ў Швейцарыі. Беларускі гоншчык, які выступае за каманду UAE Team Emіrates, пераадолеў дыстанцыю 179,2 км за 4 гадзіны 43 хвіліны 36 секундаў. У фінішным спурце ў Аляксандра змог выйграць толькі яго партнёр па камандзе італьянец Дыега Улісі. Трэцім фінішаваў вядомы славенец Мацей Махорыч.

3. Беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў юніёрскага чэмпіянату Еўропы па трох відах барацьбы, які завяршыўся ў Пантэведры (Іспанія). Прадстаўнік вольнага стылю Дзяніс Салавей (вагавая катэгорыя — 65 кг) падняўся на трэцюю прыступку п'едэстала. Анастасія Зімянкова (72 кг) і Крысціна Сазыкіна (59 кг) заваявалі «золата». «Серабро» ў скарбонку зборнай Беларусі прынеслі Марыя Гуліда (57 кг) і Ксенія Дзібук (76 кг). Сярод барцоў грэка-рымскага стылю бронзавыя ўзнагароды юніёрскага кантынентальнага форуму заваявалі Эльдар Гасанаў (67 кг), Мікіта Казакоў (77 кг), Ігар Ярашэвіч (87 кг) і Уладзіслаў Пусташылаў (97 кг).

4. Арына Сабаленка зноў увайшла ў першую дзясятку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Нагадаем, перад стартам адкрытага чэмпіянату Францыі Сабаленка была на 11-й пазіцыі, а пасля выхаду ў другі раўнд «Ралан Гарос» паднялася на адзін радок. На гэтым тыдні беларуская тэнісістка згуляе на турніры ў галандскім Хертагенбосэ. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 36-й пазіцыі, былая першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка займае цяпер 42-е месца ў сусветным рэйтынгу, Вера Лапко на 103-й пазіцыі.

Пераможца «Ралан Гароса» аўстралійка Эшлі Барці ўпершыню ў кар'еры ўзнялася на другое месца ў сусветным рэйтынгу, які па-ранейшаму ўзначальвае японка Наомі Осака. На трэцім радку — чэшка Караліна Плішкава.

5. Беларускія баскетбалісткі прайгралі турчанкам у таварыскім матчы ў Рызе ў ходзе падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы — 56:76. Нагадаем, у першым рыжскім спарынгу падапечныя Наталлі Трафімавай абыгралі каманду Латвіі з лікам 81:77.

Пасля кантрольных матчаў у латвійскай сталіцы беларускія баскетбалісткі 14 і 15 чэрвеня правядуць два паядынкі ў італьянскім Броні са зборнай Італіі, а потым, 21 і 22 чэрвеня, у венгерскім Секешфехервары двойчы згуляюць са зборнай Венгрыі.

Нагадаем, жаночы чэмпіянат Еўропы сёлета пройдзе на арэнах Латвіі і Сербіі. На першым этапе беларускі будуць гуляць у папярэдняй групе D у сербскім Зрэняніне з камандамі Сербіі (27 чэрвеня), Бельгіі (28 чэрвеня) і Расіі (30 чэрвеня). Пасля фінішу групавога этапу пераможцы чатырох квартэтаў адразу трапяць у чвэрцьфінал, а каманды, якія занялі 2-3-ія месцы, згуляюць у 1/8 фіналу.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Будзем спадзявацца, што набяром ачкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.