МІРны крок


Увага да гістарычнай кнігі

У межах новага фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» 15 чэрвеня ў Міры сустрэнуцца прадстаўнікі больш чым 20 вядучых выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў Беларусі. Амаль завершаны падрыхтоўчы этап свята, галоўная гераіня якога — гістарычная кніга. Што будзе ўяўляць сабой адмысловы кніжны фестываль, арганізатары і ўдзельнікі расказалі на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Гістарычная і асветніцкая літаратура, фотаальбомы, літаратура для дзяцей — тое, чым сустракае чытачоў фестываль. Свята падзелена на некалькі блокаў, ключавы — выстаўка-продаж кніг айчынных выдавецтваў. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пройдзе тэатралізаванае адкрыццё. У праграме — прэзентацыі, аўтограф-сесіі пісьменнікаў Беларусі і блізкага замежжа. Будуць прэзентаваны кнігі Уладзіслава Місевіча «Песняры», Віктара Хурсіка «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл», Анатоля Бутэвіча «Гісторыя Мірскага замка», Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага», Мікалая Ефімовіча пра Маю Плісецкую, а таксама новыя творы серыі Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча», здымкі фільма паводле аднаго з якіх адбываліся ў Мірскім замку, і інш.

— Наш фестываль робіць акцэнт на гістарычнай кнізе. «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — пробны шар. Спадзяюся, свята стане традыцыйным, — разлічвае дырэктар музея «Замкавы комплекс “Мір”» Аляксандр Лойка. — Старажытныя муры будуць аздоблены выступленнямі калектываў старадаўняй беларускай музыкі, каб наведвальнікі адчулі гістарычную атмасферу. Чакаюцца ансамблі «Пастараль» і «Кантрданс», вакальны дуэт «NonsenS».

Паралельна з сутрэчамі на галоўнай сцэне адбудуцца мерапрыемствы ў малой канферэнц-зале, сярод якіх асабліва вылучаецца дзіцячы блок. З чытачамі сустрэнуцца Валеры Гапееў, Ліна Багданава і Ірына Токарава. А Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага прадставіць выстаўку самаробных кніг і лялек-герояў літаратурных твораў.

Цікавыя сустрэчы рыхтуюць і выдавецтвы. Напрыклад, «Беларусь» у межах прэзентацыі кнігі «Беларусь. Праз стагоддзі ў будучыню» зладзіць пастаноўку з удзелам рыцарскага клуба. А фотаальбом «Кастусь Качан» прадставіць сам мастак. Трэцяе выданне — «Каложская царква» — яшчэ ў друку. Да таго ж выдавецтвы змогуць перадаць у падарунак бібліятэцы СШ № 1 г. п. Мір свае кнігі.

— Галоўны поспех такіх мерапрыемстваў — наведванне. Вельмі прыемна назіраць за людзьмі, якія прыходзяць на выстаўкі, размаўляюць, купляюць кнігі, — заўважае Павел Скрабко, дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белсаюздрук». — Кожная бібліятэчная ці асабістая кніга мае свой дух і перадае нейкія пачуцці, у тым ліку эмоцыі тых, хто яе некалі чытаў. Калі знаходзіш пазнакі, думаецца: чаму яны стаяць менавіта тут, што зацікавіла таго чытача? Гэта сапраўдная сувязь праз пакаленні.

Анансаваны і іншыя падзеі «Кніжных сустрэч». Мастакі з выдавецтваў раскажуць наведвальнікам пра сучасныя кірункі ў кніжным дызайне, а ў выставачных залах музея можна будзе азнаёміцца з выстаўкай «Сучасны беларускі экслібрыс» і іншымі праектамі. Госці будуць мець магчымасць пагутарыць з краязнаўцамі і з літаратарамі Гродзенскага і Мінскага абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Падчас круглага стала «Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве» пойдзе размова пра мінулае і будучыню ўсіх жанраў, звязаных з асэнсаваннем гісторыі. У дыскусіі возьмуць удзел навукоўцы, грамадскія дзеячы, літаратары, у тым ліку Людміла Рублеўская, Валеры Казакоў, Навум Гальпяровіч, Анатоль Бутэвіч.

Арганізатары свята — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белсаюздрук», музей «Замкавы комплекс “Мір”», ААТ «Белкніга». Уваход вольны.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.