Вы тут

Спецыялісты Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў расказалі, як пройдуць медальныя цырымоніі


Спецыялісты Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў расказалі, як пройдуць медальныя цырымоніі і што чакае беларусаў і гасцей у фан-зонах краіны.

Буйны спартыўны турнір — гэта заўсёды не толькі спорт, але і яскравае шоу, свята, якое пачынаецца на цырымоніі адкрыцця і працягваецца ўсе астатнія дні. Беларускія арганізатары выйшлі на фінішную прамую ў падрыхтоўцы да Еўрапейскіх гульняў.


Цырымоніі адкрыцця і закрыцця

Спецыялісты Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў адзначаюць, што работы па сцэнічным абсталяванні на стадыёне «Дынама» для цырымоніі адкрыцця Гульняў ідуць па плане. Ужо зманціравана тросавая дарога, цяпер спецыялісты займаюцца наладкай святла і ўстаноўкай гуку, усе гэтыя сістэмы тэстуюцца. Начальнік аддзела арганізацыі і правядзення цырымоніі адкрыцця і закрыцця «Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў» Алеся Рулькова адзначае, што аматары спорту ўбачаць у Мінску вялізныя дэкарацыі — такога маштабу ў краіне яшчэ не было. Па сярэдзіне стадыёна размесціцца велізарная сцэна, якая будзе круціцца на
360 градусаў, гэта значыць, любы глядач з любога месца ўбачыць абсалютна ўсё.

«Асноўнае патрабаванне артыстаў, якія прыедуць у Мінск, — добры гук, — расказвае Алеся Рулькова і дадае, што асаблівых капрызаў зоркі эстрады не выказвалі. — Усё ж такі большасць артыстаў — гэта прадстаўнікі беларускай эстрады, таму што канцэпцыя цырымоніі адкрыцця прадугледжвае аповед пра нашу краіну, яе гісторыю і сучаснасць. Мэта цырымоніі — расказаць усяму свету пра Беларусь».

Сцэнарый цырымоніі адкрыцця Гульняў стварала беларуска-расійская каманда, з беларускага боку выступіў Аляксандр Вавілаў, з расійскага — Аляксей Сечынаў. У паслужным спісе Вавілава «Славянскі базар у Віцебску», а яго расійскі калега выступаў стваральнікам цырымоніі адкрыцця Азіяцкіх гульняў у 2011 годзе, цырымоніі адкрыцця Універсіяды ў Казані і многіх іншых маштабных праектаў.

«Ужо цяпер у шоу задзейнічана больш за 1300 чалавек. Кастынгі для артыстаў і танцораў праходзілі ў лютым, рэпетыцыі пачаліся з сакавіка. Пакуль рэпетыцыі праходзяць невялікімі кавалачкамі, а 16 чэрвеня мы ўжо пачнём рэпеціраваць на самім стадыёне «Дынама» і складзём усе фрагменты ў адзіную карцінку», — адзначае Алеся Рулькова.

Гаворачы пра цырымоніі, мы часта забываем пра шоу-закрыццё. Падрыхтоўка да яго таксама ідзе поўным ходам. У цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе асобная канцэпцыя — яна не стане працягам цырымоніі адкрыцця, не будзе яе паўторам. Шоу будзе арыентавана на эмацыянальны стан спартсменаў падчас саміх спаборніцтваў, на перажыванні, якія яны зазнаюць на працягу турніру. «Мы пастараемся захаваць іх поспехі і паражэнні і паказаць гэта», — адзначае Алеся Рулькова. Спецыяліст дадала, што на цырымоніі закрыцця выступяць зусім іншыя артысты, іх будзе вельмі шмат, а іх вядомасць дакладна не саступае вядомасці тых выканаўцаў, якія выступяць на цырымоніі адкрыцця.

Медальныя ўзнагароджанні

Самы прыемны час для пераможцаў — медальнае ўзнагароджанне. У Мінску падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў гэтыя цырымоніі будуць праводзіцца на 16 пляцоўках (15 спартыўных і фан-зона каля Палаца спорту, дзе будуць узнагароджвацца пераможцы і прызёры спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы). Усе цырымоніі пройдуць па адзіным пратаколе і пад спецыяльна напісаную беларускім кампазітарам Леанідам Шырыным музыку, але кожная з цырымоній мае свой сцэнарый.

«Дапамагаць узнагароджваць спартсменаў афіцыйным асобам будуць 95 дзяўчат, 70 з іх — прафесійныя мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці, а 25 — валанцёры, якія былі адабраны на кастынгу, дзе конкурс склаў шэсць чалавек на месца, — расказвае начальнік аддзела арганізацый і правядзення медальных цырымоній фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў» Вольга Уладзімірава. — Усе яны прайшлі спецыяльнае навучанне ў Нацыянальнай школе прыгажосці па дэфіле, акцёрскім майстэрстве, вывучылі асновы стылю, макіяжу і прычоскі. Зараз у нас праходзяць рэпетыцыі, на якіх мы адпрацоўваем маршруты, бо таймінг цырымоній будзе вельмі жорсткі, таму што ўвесь час ідуць тэлевізійныя трансляцыі. Час паміж цырымоніямі — хвіліна, паўтары. А перад гэтым нам трэба яшчэ правесці падрыхтоўчыя брыфінгі для спартсменаў і афіцыйных асоб, каб усе разумелі, што трэба рабіць і куды ісці падчас цырымоніі ўзнагароджання», — расказала спецыяліст.

Фан-зоны па ўсёй краіне

Падчас Гульняў у Беларусі будзе працаваць 10 фан-зон: тры з іх у Мінску, сем — у абласных і іншых буйных гарадах краіны. У Брэсце фан-зона размесціцца на стадыёне «Брэсцкі», у Гродне — на стадыёне «Нёман», у Віцебску — на плошчы Перамогі, у Магілёве — на набярэжнай Дняпра каля абласнога Палаца культуры. У Гомелі пляцоўка фан-зоны будзе працаваць каля мясцовага Лядовага палаца, у Бабруйску — на стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі, у Маладзечне — на пляцоўцы летняга амфітэатра.

На ўсіх фан-зонах размесцяцца велізарныя экраны, там жа можна будзе не толькі паглядзець спаборніцтвы, але і перакусіць. «Фудкорты будуць арганізаваны на ўсіх пляцоўках, прычым некаторыя здзівяць сваёй незвычайнасцю, — расказвае вядучы спецыяліст фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў» Павел Каранеўскі. Палац спорту — наша галоўная фан-зона, там будзе найбольш розных актыўнасцяў, напрыклад, там жа можна будзе пакаштаваць унікальную кухню краін — удзельніц Гульняў. Пасольства арганізоўвае спецыяльныя пункты харчавання з нацыянальнымі кухнямі, замежныя кухары прывязуць свае ўнікальныя рэцэпты, іх стравы можна будзе пакаштаваць па даступных цэнах».

Галоўная фан-зона каля Палаца спорту ў Мінску пачне сваю работу 19 чэрвеня, астатнія адкрыюцца 21 чэрвеня. Пляцоўкі будуць прымаць гасцей з 10 раніцы да 23 гадзін, некаторыя фан-зоны і да паўночы, а 21 і 30 чэрвеня пляцоўка каля Палаца спорту будзе працаваць да 4 гадзін раніцы.

Кожная фан-зона будзе мець сваю тэматыку. Напрыклад, пляцоўка каля Палаца спорту — міжнародная, кожны дзень там будуць праходзіць дні культуры і традыцый краін-удзельніц. Так, дзень Азербайджана адбудзецца 20 чэрвеня, 21-га — дзень Ізраіля, 22-га — Вялікабрытаніі і так далей. Скончыцца ўсё 30 чэрвеня днём беларускай культуры. У гэтыя дні на фан-зоне выступяць замежныя артысты — найбольш цікавых прадстаўнікоў сваіх краін выбіраюць і прывозяць у Беларусь самі пасольствы.

Фан-зона каля «Мінск-Арэны» будзе мець танцавальны фармат, перад балельшчыкамі будуць прадстаўлены найлепшыя танцоры і дыджэі краіны. Пляцоўка каля «Чыжоўка-Арэны» стане фан-зонай папулярнага фармату, кожны дзень там будуць выступаць вядомыя беларускія выканаўцы.

Кожная пляцоўка гатовая прыняць сем'і ў поўным складзе, у тым ліку дзяцей. Для маленькіх аматараў спорту падрыхтаваны не проста куткі з забаўкамі — у Мінск прыедуць аніматары і клоўны з розных краін, для таго каб беларускія дзеці маглі пагуляць у нацыянальныя гульні Германіі, Ізраіля, Швецыі і г. д.

Акрамя гэтага, фан-зоны ў Мінску прадставяць мінчанам і гасцям віды спорту, якія не ўвайшлі ў спаборніцкую праграму. Напрыклад, на плошчы Незалежнасці пройдуць паказальныя выступленні па лёгкай атлетыцы (трыятлон і забег з парашутам). А каля Палаца спорту будуць прадстаўлены петанк, гістарычнае фехтаванне і традыцыйныя віды барацьбы (напрыклад, нацыянальная азербайджанская).

Для прагрэсіўнай моладзі і аматараў віртуальнай рэальнасці ў ГЦ «Галерэя» можна будзе згуляць у танчыкі, а ў «Арэна-сіці» — паспрабаваць сябе ў кіберспорце.

Фестывальная зона ІІ Еўрапейскіх гульняў размесціцца ў парку «Дрымлэнд». Яна запрацуе ў дзень цырымоніі адкрыцця і будзе дзейнічаць да 2 ліпеня. Там балельшчыкаў і гасцей сталіцы чакаюць пяць сцэн, дзе выступяць 350 артыстаў розных музычных жанраў, велізарная зона фудкортаў, фанзона для балельшчыкаў, зона традыцый, дзе пройдуць рыцарскія турніры, танцы, гульні, кірмаш рамеснікаў, геймінг-зона і зона віртуальнай рэальнасці, спартыўныя забавы, дзіцячая пляцоўка, арт- і рэлакс-зоны, мікс-зона з палётамі на паветраным шары.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Наша задача — зрабіць свята»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.