Вы тут

Год Абая ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў


2020-ы — год 175-годдзя з дня нараджэння класіка казахскай нацыянальнай літаратуры, асветніка і філосафа Абая Кунабаева.


Дастойны сын казахскага народа, светач Казахстана з’яўляецца менавіта тым гістарычным персанажам, які здольны аб’ядноўваць, кансалідаваць сілы грамадства ў памкненнях да сцвярджэння ідэалаў справядлівага жыцця, да гуманістычнага развіцця будучыні. Абай — па-за партыямі і палітычнымі поглядамі. Ён як сапраўдны класік, чыя спадчына вытрымала выпрабаванне часам, — для ўсіх!..

Варта нагадаць, што ў нашай краіне двойчы на беларускай мове выходзілі паэтычныя кнігі Абая. Адзін раз — яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Другі раз — у суверэннай Беларусі. Істотную дапамогу ў арганізацыі другога выдання, якое пабачыла свет у РВУ «Літаратура і Мастацтва», аказала Пасольства Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь. Кансультацыямі дапамог вядомы казахскі перакладчык Кайрат Бакбергенаў. Перакладчык паэзіі Абая на беларускую мову лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі добра вядомы ў Казахстане, з’яўляецца і лаўрэатам прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміі «Алаш». Творчасць Абая, матывы яго паэтычных, асветніцкіх перакананняў разглядаліся ў свой час акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядомым літаратуразнаўцам Уладзімірам Гніламёдавым. Асоба Абая — і на старонках публікацый казахстанскага даследчыка, кандыдата філалагічных навук Святланы Ананьевай, што неаднойчы выходзілі ў беларускім перыядычным друку. Можна прывесці іншыя прыклады прачытання ў Беларусі не толькі творчасці, але і самога лёсу Абая Кунанбаева.

Мне асабіста падаецца, што ва ўмовах будаўніцтва еўразійскай інтэграцыі мэтазгодным для ўмацавання культурных, гуманітарных супольнасцяў на постсавецкай прасторы варта было б абвясціць 2020 год у Садружнасці Незалежных Дзяржаў Годам вялікага Абая. Такі крок, несумненна, мог бы спрыяць пашырэнню ведаў пра яго творчасць, яго мастацкіх, асветніцкіх, філасофскіх запаветаў. Пра Абая шырэй даведаліся б новыя пакаленні, моладзь, якой разам у дружбе жыць і працаваць, наследаваць гістарычны досвед папярэднікаў.

Што датычыць Беларусі, то ў нашай краіне праводзіцца шмат цікавых, адметных мерапрыемстваў рознага кшталту, якія дазваляюць паказваць розныя краіны, розныя народы Садружнасці ў фармаце гуманітарнай дзейнасці. Ужо можна дакладна гаварыць пра тое, што проста выдатнымі творчымі пляцоўкамі, якія аб’ядноўваюць інтарэсы міжнароднага характару, з’яўляюцца і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусі, ды нават абласныя бібліятэкі краіны, а яшчэ і Дом дружбы ў беларускай сталіцы па вуліцы Захарава і многія ўніверсітэты і іншыя культурна-асветніцкія і навуковыя ўстановы.

У Год Абая маглі б з’явіцца і новыя пераклады яго твораў — ці то ў перыядычным друку, газетах і часопісах, ці то асобным кніжным выданнем. У сталіцы Беларусі ёсць агульнаадукацыйная школа, якая носіць імя Мухтара Аўэзава. Несумненна, вучні і настаўнікі гэтай установы актыўна спрычыняцца да арганізацыі розных імпрэз у гонар Абая. Можа быць, школа стане заснавальнікам рэспубліканскага конкурсу сачыненняў, прысвечаных Абаю. Чаму б і не? Чаму б нашаму акадэмічнаму цэнтру літаратуразнаўства — Інстытуту імя Янкі Купалы не правесці ў 2020 годзе і навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную не толькі Абаю, але і гісторыі беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў?..

Многія ініцыятывы маглі б узнікнуць і ў іншых краінах. А падсумаваннем Года Абая ў СНД, несумненна, сталі б урачыстасці непасрэдна ў самім Казахстане. Паверце, гасцей казахі любяць, паважаюць, умеюць дастойна прымаць.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З сябрамі жыць і працаваць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.