Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Мора. Настальгія. Пілігрымы...

Іронія, светлы настальгічны сум і ў той жа час ціхая радасць жыцця — такімі настроямі прасякнута лірычная падборка Віктара Гардзея пад красамоўнай назвай «Россып зарніц» у майскім нумары «Полымя». Зарніцы для паэта — яркія ўспаміны юнацтва і маладосці, што грэюць праз гады і з’яўляюцца надзейным прытулкам, дзе можна пераасэнсаваць надзённае і напоўніцца новымі сіламі. Складаны малюнак рыфмоўкі большасці вершаў надае ім арыгінальнасці, гучаць яны непаўторна, як замова для стомленай выпрабаваннямі душы.

Парадавалі і іншыя аўтары, якія выступілі з паэзіяй на старонках выдання: Пятро Жаўняровіч з крымскімі сюжэтамі і Анхела Эспіноса з нізкай «Спіць у кішэні май...»

Назва падборкі П. Жаўняровіча «З нізкі “Крымскія замалёўкі”» адсылае да творчасці Адама Міцкевіча з яго санетамі. Аўтар і не хавае гэтай пераемнасці: у творы, які стаіць апошнім («Мора. Пілігрым»), намаляваны адметны вобраз творцы: «Ідзе па спёцы горды пілігрым, / Шукае шлях да запаветнай волі...»

Крым для беларусаў — своеасаблівая Мекка: многія, як пілігрымы, адшукваюць у сонечнай Ялце апошні прытулак Максіма Багдановіча. Так і спадар Пятро: аж двойчы ў падборцы (вершы «Мора. Максім» і «Мора. Місхор») звяртаецца да вобраза нацыянальнага генія, які тады, у маі 1917-га, звычайным падарожным, спакутаваным хваробай і невыноснымі думамі аб народным горы, ціха паміраў на паўднёвым беразе, ля сіняй бухты.

Аглядае ён з вечнасці гоні,

Разумее, што жыў не дарма:

«Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Пакланіўшыся памяці Максіма, творца згадвае і даўнія прыгоды з уласнай біяграфіі: рамантычнае знаёмства на «сцяжынцы між пальм і магнолій», альпіністычныя ўзыходжанні ў звязцы з сяброўкай на скалы над морам, а таксама матулю, якая заўжды чакае сына з дарогі...

Беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноса здзіўляе неардынарнасцю, нешаблоннасцю мыслення, яркасцю ўспрымання, арыгінальнасцю светабачання:

Купіць бы новую душу,

Здаровую,

Без паэзіі І іншых недахопаў,

Альбо, прынамсі,

Аддаць бы гэтую сваю душу на рамонт:

Яна парвалася ўшчэнт,

 І няма што апранаць узімку

На сэрца.

Больш пра сябе ці пра бацьку, знакамітага літаратуразнаўцу Міхася Мушынскага, распавядае ў дакументальнай аповесці «Сямейны партрэт на фоне эпохі» Таццяна Мушынская? Яе ўспаміны прыадчыняюць заслону прыватнага, і асоба знакамітага даследчыка і выкладчыка паўстае ў іншым святле: ён паказаны як сем’янін, чулы і клапатлівы родзіч і ў той жа час у нечым бездапаможны ў побытавым плане без жончынай падтрымкі...

Асабліва цікавыя старонкі, дзе пісьменніца распавядае пра сваю працу ў «ЛіМе» адразу пасля ўніверсітэта, у 1980-я, калі ў калідорах рэдакцыі можна было сустрэць асоб, якія цяпер з’яўляюцца легендарнымі: Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанку, Ніла Гілевіча, Яўгенію Янішчыц, Святлану Алексіевіч, Алеся Пісьмянкова.

Тэма апавяданняў Тамары Бунты «А вінавата была я...» і «Шпіёны з нашага завулка» — незабыўны свет дзяцінства, які праменіць з далёкага куточка памяці на працягу жыцця. Успаміны маленства валодаюць магічнай сілай: з узростам яны не блякнуць, а ўсё больш трывала лучаць з жыццядайнымі крыніцамі сіл і натхнення, любові і цеплыні.

З башкірскай паэзіяй знаёміць рубрыка «Галасы свету». Шайхзада Бабіч і Зульфія Хананава ў перакладах Віктара Шніпа, Мустай Карым — Іны Фраловай і Тамара Ганіева, якую перастварыла па-беларуску Бажэна Ганушкіна, знаёмяць з іншым культурным асяроддзем, ментальным светам. Роздумы пра жыццё і смерць, каханне і наканаванне, узаемаадносіны са светам і адзіноту — матывы, якія лучаць у адну сусветную раку паэзіі ўсіх народаў. У выкананні башкірскага класіка Ш. Бабіча (1895 — 1919) спалучаюцца і агульныя расы, тыповыя для сусветнай літаратуры, і адметныя, уласнанацыянальныя:

Дробяззю жыць... Я не мог драбязіцца.

Смерць палюбіла, адпрэчыць не мог.

І зразумеў, што мне век не прыжыцца

Там, дзе ёсць вы... Я ступіў за парог!

Вось я ў абдымках магільных — збавенне

Ад мітусні і ад здрады навек.

Іх я адпрэчыў і лёг пад каменне,

Каб мне сказалі: тут спіць чалавек.

Цікава, што працытаваны верш, «Надпіс на надмагіллі юнага паэта», стаў для яго аўтара прарочым: ва ўзросце 24 гадоў ён быў забіты...

Яна БУДОВІЧ


Дасягнуўшы пэўных межаў

Аповесць Галіны Казлоўскай «Мроілка, або Цыркавая гісторыя» («Мечталка, или Цирковая история», якая адкрывае майскі нумар «Нёмана») напоўнена ледзь улоўнай пачуццёвасцю і пакорлівасцю. Гераіня Галіна расказвае гісторыю тых часоў, калі была студэнткай і намервалася, хоць і няпэўна, стаць перакладчыцай. Але ў жыццё ўрываецца цырк і звязанае з ім жаданне стаць зоркай сцэны. Шанц ёсць, дзеля яго Галіна кідае вучобу. Далей падзеі развіваюцца хоць і лагічна, але ўспрымаць іх з эмпатыяй даволі складана. Асабліва гэта датычыцца канцоўкі, дзе гераіня, мары якой расталі ў адзін момант, вырашае сысці па-англійску. Дзесьці яе роздумы імкнуцца да абагульнення на тэму адносінаў мужчын і жанчын, і вельмі лагічныя разважанні пад канец аповесці пераўтвараюцца ў нелагічныя паводзіны, але ці паддаюцца мары логіцы? Асноўная якасць твора — апісанне чуллівасці слабай душы, якая, дасягнуўшы пэўных межаў, пакідае баязлівасць у мінулым.

 Твор Максіма Іванова «Меса без нот» («Месса без нот») мае пад сабой тую аснову, якую стварыў Чэхаў, у прыватнасці, у апавяданні «Туга». Але ў двух выпадках з чатырох, якія апісвае Максім Іваноў, адсунуць засаўку, што замкнула жыццё, зможа толькі вера, хоць тэма рэлігіі згадваецца толькі мімаходзь. Уздымаецца і тэма памежнага стану, да якога чалавек даводзіць сябе сам, але знаходзіць выйсце, — за гэтым шляхам цікава назіраць. Увогуле, твор пакідае цяжкае ўражанне з-за апісання складаных сітуацый, у якіх апынуліся героі. Але галоўным чынам такое меркаванне складваецца з адчування таго, што перад чытачом пастаўлены надзвычай важныя пытанні, а адказы не могуць задаволіць ці іх увогуле няма.

«Сон-трава на ўзгорках вясны» («Сон-трава на пригорках весны») Міхася Башлакова ў перакладзе на рускую мову Уладзіміра Сарочкіна — быццам дакладныя ўспаміны, якія паўстаюць перад чытачом як фрагменты кінафільма, прысвечанага снам далёкага дзяцінства. Туга па маладосці — асноўны матыў творчых пошукаў паэта. Традыцыйныя атрыбуты — туманны ранак, палетак, рака, раса, — і ў рэшце рэшт Палессе. Апісанне прыроды стаіць на першым месцы, паэт нібы насалоджваецца кожнай з’явай, смакуючы нават назвы вёсак і рачулак. Але не забывае нагадаць пра сябе — у якасці бадзяжнай душы. Любоўю да роднага краю вызначаюцца і вершы Валерыя Максімовіча («З жаданнем, з іскрынкай, з любоўю» / «С желаньем, с искоркой, с любовью»). Паэт упэўнены: гуляць словамі ці ў словы — рэч непатрэбная ў адрозненне ад надання сэнсу, якое называе міжслоўем. Таму заклікае чытаць яго вершы не спяшаючыся: толькі так можна пачуць душу. Валерый Максімовіч прымушае задумацца над жыццём і сваёй роллю ў ім: імператыў «так, а не інакш» гучыць як лейтматыў.

Іншае стаўленне ды чытача ў Аляксандра Габрыэля (прапанаваная Міколай Мікулічам нізка вершаў «Каховская, 43» з нагоды падрыхтоўкі выдання «Анталогія сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі»). Яго вершы скіроўваюць на роздумы аб жыцці не напрасткі, а намёкамі, поўнымі адсылак да мінулага, асабліва што звязана з сусветнай культурай. Вонкавы свет для аўтара не проста люстэрка душы, як у паэтаў, якія апяваюць радзіму. Аляксандр Габрыэль не жыве ў Беларусі. У гэтым рэчышчы нязвычныя наступныя радкі:

Так получается: сменив с пяток планет,

приблизив истины к слабеющим глазам,

ты ищешь родину, которой больше нет

и для которой ты давно потерян сам.

Адметна дапаўняюць майскі нумар і творы паэтаў Рэспублікі Марый Эл і Рэспублікі Інгушэція, пераствораныя па-руску. Яны напоўненыя нацыянальным каларытам і адмысловым поглядам на жыццё.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Зварот да пачуццяў, заклік да здзяйсненняў

Гэтым разам маладосцеўцы прапанавалі пасядзець пад духмяным язмінам, чытаючы пяты нумар часопіса, — «прыемнае нерабленне нічога». Але менавіта гэты выпуск якраз здольны зварушыць нешта даўно забытае, прымушаючы здзяйсняць.

У вершах Настассі Нарэйкі, якая лічыць, што толькі творчасць і каханне ратуюць чалавека, цяжка вызначыць адзін сэнс з многіх, закладзеных у нізцы «Я заўтра растану, а сёння люблю…». Празрыстасць сюжэта, няўлоўнасць лірычнай гераіні, незменная цяга да намёкаў дазваляюць засяродзіцца на сімвалах, што скрозь працінаюць радкі, нібыта пацеркі на нітцы. А галоўнае ў іх — адчуванні і перажыванні, якія цяжка суаднесці з рэальным жыццём, бо гэта хутчэй рамантычны свет летуценніцы, якая па чарзе спазнае боль і каханне.

У вершах падборкі Аліны Агрэніч «Неба кідае ў мора зоры» вельмі цяжка раздзяліць свет на рэальны і ўяўны, бо прырода перамешваецца з унутраным светам лірычнай гераіні — зоркі, якая свеціць на небе і падае ў мора. Дзесьці складана схапіць рытм, які ў кожным вершы адрозны, але калі гэта ўдаецца, уся падборка збіраецца ў непаўторны малюнак свету. Самабытны малюнак сусвету стварыў і Зміцер Крэс (паэтычная падборка «Наканаваны іншы нам улоў»). Аўтар — уніят, яго вершы поўныя сімвалаў і алегорый.

Ёсць у нумары і вершы Любові Арбачакавай і Бахыджана Канап’янава, пераствораныя па беларуску Міколам Мятліцкім, а таксама вынікі конкурсу мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы «Люстэрка слоў».

Распачынае прозу нумара Алена Глекава з апавяданнямі «Возера, два вандроўнікі, лёсы» і «Хэйла». Першы твор — нібыта лаканічнае перафразаванне сентэнцый мудрацоў, якія бясконца пыталіся ў сусвету і саміх сябе: што такое жыццё? якой дарогай трэба ісці? Своеасаблівы адказ дае і сама Алена Глекава. На другі твор пісьменніцу быццам натхнілі ці Ларс фон Трыер з яго «Меланхоліяй», ці Герберт Уэлс з «Зоркай». Ды толькі фінал у творы іншага характару (магчыма, з-за таго, што героі апавядання — дзеці, і ўжо гэта дае надзею) — жыццё працягваецца з тымі ж самымі планамі, што былі раней, але іх адчуванне і пражыванне ўжо будзе іншае. Хочацца так думаць, але... калі бура прайшла, навошта пра яе ўспамінаць?

Тэмы апавяданняў Святланы Жыўнач — жыццё ва ўсіх яго праявах. Аўтар піша і пра каханне на вайне, і пра старасць у вёсцы, і пра хваробу, якая не дазваляе жыць, як раней. То-бок у цэнтры твораў — праблемныя сітуацыі, якія вызначаюць ці ставяць пад сумнеў далейшае існаванне. Кожнае апавяданне, незалежна ад праблематыкі, заканчваецца на мінорнай ноце. І гэта не лёгкі сум ці зразумелае спачуванне, у большай ступені гэта намёк на яшчэ большыя пакуты.

Выступіў з удалым дэбютам Сяргей Машанскі — апавяданнямі пра няпростыя лёсы, напоўненыя ўспамінамі, якія часам могуць нашкодзіць сэрцу. Нягледзячы на разнастайнасць тэматыкі, асноўны матыў — жыццё людзей, якое працягваецца і пасля смерці: ва ўспамінах, у рэчах, у творчасці. Аўтар сапраўды ўмее намаляваць партрэты герояў на 2—3 старонках, па якіх можна прасачыць не толькі эпоху, але і яе дэталі, непаўторныя асаблівасці. Ён таксама звяртаецца да пачуццёвага боку чалавечай існасці. Кране такі зварот ці не, сказаць дакладна нельга. Несумненна, і невялічкае апавяданне «Юркаў карабель» не пакіне абыякавым.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.