Вы тут

Як працуе галоўная фан-зона ІІ Еўрапейскіх гульняў каля Палаца спорту


У Мінску каля Палаца спорту ўжо адкрылася галоўная фан-зона, сёння такія пляцоўкі з'явяцца каля «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны».

Сталічныя фан-зоны гатовыя прымаць гасцей штодня з 10.00 да поўначы, а ў дні адкрыцця і закрыцця Гульняў фан-зона каля Палаца спорту будзе працаваць да 4 раніцы.


Адкрыццё галоўнай зоны актыўнасці балельшчыкаў Еўрапейскіх гульняў ператварылася ў маштабнае шоу: на вялікай сцэне каля сталічнага Палаца спорту выступілі Прэзідэнцкі аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і зоркі беларускай эстрады. «Мы два гады ішлі да таго, каб сказаць, што Мінск гатовы да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў, прыёму ўдзельнікаў, а таксама да таго, каб падарыць чарговае свята, — адзначыў на адкрыцці галоўнай фан-зоны намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран. — Мы хочам не толькі паказаць нашу абноўленую сталіцу, але і пазнаёміць замежных гасцей з лагоднасцю, ветлівасцю і гасціннасцю мінчан».

Побач са сцэнай размясціліся дзясяткі міні-зон з рознымі гульнямі. Хтосьці «рубіўся» ў петанк, нехта гуляў у міні-футбол з акулярамі віртуальнай рэальнасці або ў «Джэнга», шашкі і іншыя настольныя гульні.

Для аматараў фота арганізатары стварылі некалькі маляўнічых фотазон. Сваю работу ў фан-зоне пачалі і пункты грамадскага харчавання, нацыянальную кухню ў дзень адкрыцця прадставілі пасольствы Турцыі і Італіі. Турэцкія кухары адзначылі, што асаблівай папулярнасцю ў беларусаў карыстаюцца іх нацыянальныя прысмакі. А вось у гасцей сталіцы наадварот попыт быў на беларускую кухню, таксама прадстаўленую ў фан-зоне.

Шматлюдна было ў зоне продажу сувенірнай прадукцыі: найбольшым попытам тут карыстаюцца фігуркі і мяккія цацкі ў выглядзе талісмана Гульняў лісяняці Лесіка, а таксама майкі і магніты, менш пакуль купляюць заплечнікі і сумкі. Прыемна, што ў сувенірных крамах можна заўважыць як беларусаў, так і прыезджых гасцей.

«Беларуская сталіца асабліва прыгожая летам. Выдатна, што мы разам зможам паўдзельнічаць у гэтым грандыёзным спартыўным свяце, — адзначае выканаўчы дырэктар ІІ Еўрапейскіх гульняў Сайман Клег. — Гэта вельмі важны момант у спартыўнай гісторыі не толькі Еўропы, але і Беларусі. Хачу выказаць вялікую падзяку ўсім, хто прыняў удзел у арганізацыі ІІ Еўрапейскіх гульняў: Дырэкцыі, Мінску, Адміністрацыі Прэзідэнта, Прэзідэнту».

У дзённы час у фан-зонах будуць трансліраваць спаборніцтвы Гульняў, найлепшыя моманты спартыўных спаборніцтваў і медальных цырымоній, а па вечарах тут разгорнуцца канцэртныя пляцоўкі, дзе выступяць найлепшыя выканаўцы і калектывы. Далей у праграме работы фан-зоны каля Палаца спорту прэзентацыі НАКаў краін — удзельніц Еўрапейскіх гульняў, таксама там будуць прадстаўлены нацыянальныя кухні, рамёствы, тэатральныя калектывы і спартыўныя дасягненні гэтых краін.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Пляцоўка адпачынку з настроем

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.