Вы тут

Узнагародзілі пераможцаў і фіналістаў конкурсу «Франтавы альбом»


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўзнагароджанне пераможцаў і фіналістаў конкурсу «Франтавы альбом», прысвечанага 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


З усіх куткоў Беларусі людзі дасылалі творчыя работы, якія аздаблялі фотаздымкамі з сямейных альбомаў. Конкурс праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» і быў арганізаваны Беларускім тэлеграфным агенцтвам, рэдакцыяй газеты «7 дней» сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і кампаніяй «Гейм Стрым». «Калі мы кажам пра патрыятызм, заўсёды адзначаем, што пачынаць трэба з сябе — а значыць, памятаць нашых продкаў, ведаць, як яны жылі. Дзякуючы такім праектам мы разумеем ролю кожнага з нас у агульнай карціне свету і тое, як важна захаваць мір», — заўважыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

На конкурс прыйшло 900 гісторый. Сярод аўтараў работ — людзі розных узростаў і прафесій, шмат маладых даследчыкаў. І калі раней на падобныя конкурсы людзі ў асноўным дасылалі ўспаміны, запісаныя ад сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей, то сёлета «Франтавы альбом» папаўняўся інфармацыяй, адшуканай у архівах маладымі людзьмі, якія спрабавалі больш даведацца пра ваенны лёс сваіх родных.

Святлана Палупана расказала, чаму вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе: «Па-першае, я ўнучка двух дзядоў, якія ваявалі. Адзін быў партызанам, другі — воінам Чырвонай Арміі. Па-другое, я маці цудоўнага дзіцяці і ўпэўнена, што новыя пакаленні павінны памятаць герояў вайны. Па-трэцяе, я настаўнік, і гэта мой абавязак — расказваць пра вайну. Заўсёды хвалююся, нават часам плачу, калі такая тэматыка выхаваўчых мерапрыемстваў. І бачу, наколькі гэта важна для дзяцей: яны даведваюцца, што народам быў здзейснены вялікі подзвіг падчас вайны і што трэба берагчы тое мірнае неба, якое нам перадалі». Дарэчы, Святлана Генадзьеўна даслала на конкурс дзве работы — уласную і падрыхтаваную разам з вучнямі.

Адзін з найлепшых праектаў на конкурс прыйшоў ад настаўніцы з Асіповіцкага раёна Людмілы Баскавай. Сваю работу яна аформіла як размову з бацькам: «Мой тата — ветэран вайны. Я захоўваю яго ордэны і медалі. Пайшоў на фронт добраахвотнікам (ён з дваццаць чацвёртага года, таму яго не прызывалі). Са мной яго няма ўжо больш за сорак гадоў. Чым далей ідзе час, тым больш сумую, усё не хапае яго. Праз конкурс я хацела паказаць, наколькі ён мне дарагі, і падзякаваць яму і іншым за тое, што падарылі нам жыццё».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: 900 старонак незабыўнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.