Вы тут

Дзе жыве «княгіня»?


Як называлі маладую, хто ствараў для яе вянок і іншыя шлюбныя традыцыі


Вяселле ў вёсцы Буйкі, Мядзельскі раён.

Асобнае месца ў абрадавай спадчыне беларусаў займаюць вясельныя традыцыі. Каб адрадзіць унікальныя абрады, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці па ініцыятыве аддзела традыцыйнага мастацтва абвясціў 2019-ы Годам вясельнай абраднасці. З гэтай нагоды асаблівая ўвага ўдзяляецца традыцыйнаму вяселлю і звязаным з ім фальклорам ды звычаям.

Вяселле — пераломны момант у жыцці, дзяўчыну чакае пераезд у іншую хату, амаль што ў іншы свет. Менавіта гэты ценевы бок замужжа і ўвасабляецца ў абавязковых абрадах галашэння. Дзяўчына аплаквае страчанае і рыхтуецца да пераходу ў нязвыклы асяродак. І цікава, і страшна нявесце, бо яна яшчэ не ведае, як паставіцца да яе свякроўка, ці будзе любіць нарачоны (мы павінны памятаць, што раней лёс маладых у большасці выпадкаў вырашалі іх бацькі, ацэньваючы матэрыяльную забяспечанасць кандыдатаў на шлюб).

Гэтая ацэнка пачыналася з перадвясельнага перыяду — сватання і аглядаў. У розных частках Міншчыны такія абрады праходзілі з нязначнымі адрозненнямі. Часцей сватацца да нявесты разам з хлопцам адпраўляліся родныя і хросныя бацькі і жанаты брат (напрыклад, як у в. Каменцы на Вілейшчыне) ці сват са сваёй жонкай (з ліку добрых сяброў, але чужых людзей — в. Зароўе Крупскага раёна), хросны або родны бацька і старэйшы жанаты брат або родны дзядзька (в. Пласток Любанскага).

Калі ж у аглядах не было неабходнасці, удалае сватаўство адразу перарастала ў заручыны ці запоіны. У некаторых мясцінах гэтую частку вяселля называлі «ўгаворы» (в. Мазалі Маладзечанскага раёна) ці «лады» (в. Пласток Любанскага). Падчас заручын вырашалася пытанне аб падарунках з боку дзяўчыны для радні маладога (дарэчы, вельмі значны момант, бо важна было нікога не забыць і тым самым міжволі не пакрыўдзіць). Падчас заручын упершыню пачыналі гучаць асаблівыя вясельныя песні.

Нельга не ўспомніць яшчэ адну адметнасць традыцыйнага вяселля Цэнтральнай Беларусі — сціплую вечарыну напярэдадні святкавання. Падчас вячорак ствараўся шлюбны вянок, які меў сакральнае значэнне як для маладой, так і для ўсіх прысутных незамужніх дзяўчат. Аднак выраб вянка не ўсюды давяралі сяброўкам нявесты. Гэтым маглі займацца і «ўмелыя людзі» (в. Зароўе Крупскага раёна) ці ўвогуле вянок, як і «вэлян» (фату), маглі купіць (в. Ванелевічы Капыльскага). Дарэчы, у абраднасці дзявочніка шмат лакальных асаблівасцяў (час правядзення, колькасць і склад удзельнікаў, спосаб вырабу і інш.) — у залежнасці ад традыцый канкрэтнай вёскі.

Асобная роля ў перадвясельны і ўласна вясельны перыяды адводзілася караваю. Яго стварэнне — сапраўдная таемнасць для ўсіх удзельнікаў. У залежнасці ад таго, у які дзень тыдня ў пэўнай мясцовасці было прынята пачынаць вяселле, караваі пяклі ў чацвер, пятніцу ці суботу. Аднак у Цэнтральным рэгіёне выпяканне каравая не разгортвалася ў падзею такога размаху, як на тым жа Палессі. Толькі ў паўднёвых рэгіёнах Міншчыны характар каравайнай цырымоніі набліжаўся да палескай традыцыі, што адлюстравана ў большай колькасці каравайных песень.

Пасля шматлікіх прыгатаванняў пачыналася самае цікавае: вяселле, якое ладзіліся ў любую пару года, за выключэннем пастоў, і магло доўжыцца ад двух да чатырох дзён у залежнасці ад заможнасці тых, хто яго спраўляў. У той частцы Міншчыны, дзе пераважала назва «вяселле», маладых людзей, што бралі шлюб, як правіла, называлі «малады» і «маладая», у другой частцы — «жаніх» і «нявеста». А вось у в. Ямінск Любанскага раёна захавалася цікавая старажытная назва маладой — «княгіня».

Напрыканцы вяселля ў многіх мясцінах адбываўся абрад змены галаўнога ўбору маладой, які сімвалізаваў пераход у іншы статус: здымалі вясельны вянок і павязвалі на галаву хустку. Потым вяселле працягвалася, а сімвалам яго заканчэння з’яўлялася падача на стол апошняй стравы — капусты. Але ў большасці выпадкаў паказчыкам заканчэння вяселля выступалі спецыяльныя песні (жартоўныя або з выказваннем падзякі гаспадарам).

У межах Года вясельнай абраднасці ўстановы культуры вобласці ладзяць экспедыцыйныя даследаванні па ўзнаўленні вясельных касцюмаў, вядуць запіс абрадаў і збор фотаздымкаў. Пасля заканчэння праекта плануецца правесці дэфіле ў традыцыйных вясельных строях на галоўнай пляцоўцы абласнога свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», дзе кожны раён прадставіць маладую пару ў вясельным этнаграфічным ці рэканструяваным строі да 1960 года. На абласным фэсце «Фальклорная талака» і на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2019» у Барысаве мяркуецца зладзіць выстаўкі народных вясельных строяў. У праграму выступленняў фальклорных калектываў будуць уключаны песні пра каханне і песні вясельных абрадаў з рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Вольга ХАЧКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».