Вы тут

Лён, гарлачыкі і песні: што адбываецца ў Віцебску на «Задзвінскім кірмашы»


Ганчарнае майстэрства, роспіс па шкле і тканіне, аўсатарскія вырабы з металу, скуры, пацерак, дызайнерскае адзенне і галантарэя, карціны, карункі і сувенірныя манеткі і, упершыню на «Славянскім базары», конкурс-кірмаш ласкутнага шыцця — пэчворку. Карэспандэнты «Звязды» прайшліся па традыцыйным «Задзвінскім кірмашы», які працуе ў Залатым кальцы горада Віцебска «Дзвіна», і даведаліся, якія сувеніры прапануюць гасцям фестывалю.


На ўзбярэжжы Дзвіны шумна, людна і весела: адны бяруць майстар-класы ў кавалёў ці ганчароў, другія частуюцца свежым мёдам, прывезеным полацкімі пчалярамі, слухаюць выступленні самадзейных артыстаў альбо глядзяць, як проста з-пад пілы ўмелага майстра звычайнае бервяно ператвараецца ў добрага бабра.

На адным са сталоў заўважаем прывабныя гліняныя вазы, кубачкі, гарлачыкі і нават амфары вельмі цёплага колеру. Цікавімся ў майстроў: адкуль такая прыгажосць? «Мы з гарадскога пасёлка Івянец, прыязджаем на «базар» ужо дзесяць гадоў, — расказваюць майстры керамікі Уладзімір Сасноўскі і яго напарнік Віктар. Уладзімір Баніфацьевіч захапляўся глінянымі вырабамі з дзяцінства, потым доўгі час працаваў на керамічным заводзе, дзе спасцігаў тонкасці тэхналогіі, а далей вырашыў заняцца ўласнай справай. — За доўгі час кераміка ні на хвіліначку не надакучыла, — смяецца Уладзімір. — У чым сакрэт? У тым, што ўсё робім з любоўю. А якасць нашай прадукцыі пацверджаная сертыфікатам: глядзіце, у Мінску спецыялісты праверылі і выдалі заключэнне, што ўвесь посуд прыдатны для выкарыстання харчовых прадуктаў. Так што, калі вырашыце зрабіць родным падарунак — не сумнявайцеся, прыходзьце да нас!»

Майстры з Магілёва нахвальваюць свае вырабы — яны б’юць сувенірныя манеткі з нікелю ды латуні: «Хочаце — з такой карцінкай, хочаце — з гэтай, хочаце — з надпісам «Славянскі базар»! — зазываюць хлопцы пакупнікоў, але тыя не спяшаюцца, прыдзірліва выбіраючы, што больш даспадобы.

Шумную сучаснасць разбаўляе астравок Сярэднявечча — пагружэнне ў глыбіню стагоддзяў гасцям і ўдзельнікам фестывалю забяспечылі клубы гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар» і «Варгенторн». Іх удзельнікі прапанавалі адпаведныя забавы: сярэднявечны цір, прымерку даспехаў і нават... паслугі ката, нядорага — для гультаёў, п’яніц, вядзьмарак, абжор альбо, напрыклад, цешчы. Тыя ж, каго не вабіць баявы антураж, маглі сфатаграфавацца на фоне чаўна з пунсовымі ветразямі — што праўда, «прышвартаваны» ён чамусьці не на Дзвіне, а на задворках.

«Нашы гуслі і гармонік

Любіць кожны чалавек.

Усё народнае — цудоўна,

Усё народнае — навек!» — разносяцца пасярод «Задзвінскага кірмашу» бадзёрыя прыпеўкі. І не было б у гэтым нічога дзіўнага, каб чатыры выканаўцы не падыгрывалі сабе на гуслях, бубне і нават глюкафоне.

Ансамбль гусляроў «Садко» — тутэйшы, зладжаны ў культурна-гістарычным цэнтры «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Прафесійны музыкант у ім толькі адзін — кіраўнік ансамблю Ганна Кавалёва, але закаханыя ў музыку, у беларускую песню ўсе пагалоўна. А таму ўжо чатыры гады запар выступаюць на «Славянскім базары» як антаганісты «папсы» і актывісты народнай традыцыі. Выконваюць народныя песні і танцы; адна з удзельніц калектыву Тамара Малчанава збірае і сама складае прыпеўкі. «Тут выступаем бясплатна, бо музыка для нас — гэта не праца, а задавальненне. Мы энтузіясты сваёй справы і вельмі хочам, каб беларускую народную музыку любілі як мага больш людзей».

А вось удзельніца Беларускага саюза майстроў народнай творчасці гамяльчанка Алена Аксёнава рэкламай не займаецца. Яе вырабы — сумкі і заплечнікі, капелюшы, берэты і дзіцячыя шапачкі, вязаныя з ільну і бавоўны — самі прыцягваюць увагу. Расказвае, што новую для сябе справу адкрыла пасля нараджэння сына — пачынала, як усе, з сурвэтачак, потым абвязала абноўкамі ўсіх блізкіх, ды так захапілася, што з таго часу і спыніцца не можа. «Я ўжо 11 гадоў у саюзе майстроў і, дарэчы, 11 год на фестывалі, ніводнага «базару» не прапусціла! Вельмі люблю вязаць цацкі, берэты, дзіцячыя шапачкі, люблю, калі іх прыходзяць памерыць і чалавеку пасуе... І ведаеце, што яшчэ прыемна: часам прыходзяць першыя мае пакупнікі і паказваюць, што набытыя дзесяць год таму мае сумкі яшчэ не знасіліся!».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.