Вы тут

Vulіca Brasіl «здае» муралы і закрываецца карнавалам на Кастрычніцкай


Паміж фотаздымкамі сем дзён — бразільскі мастак Бруна Біг, як і дванаццаць яго калег, завяршыў свой мурал у рамках фестывалю урбан-арту Vulіca Brasіl. На Кастрычніцкай 16/3 цяпер красуецца маляўнічая выява «Даглядай свой сад» з паэтычнай парадай замест таго, каб ганяцца за матылькамі, клапаціцца пра свой сад і тады яны самі прылятуць. З падачы пятага Vulіca Brasіl у Мінску з'явілася дванаццаць новых стрыт-арт твораў: беларускія і бразільскія мастакі пачалі работу 29 ліпеня, і вось сёння — у кульмінацыйны дзень фестывалю — кожны з іх можна пабачыць у завершаным выглядзе.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Фота Юліі САВІЧ

А таксама адсвяткаваць поспех работы амаль што карнавалам на пешаходнай Кастрычніцкай вуліцы. Чаго толькі не адбылося за гэтыя дні: пакуль на гарадскіх паверхнях вымалёўваліся абрысы будучых твораў, удзельнікі падзеі далучыліся да майстар-класаў, кінапаказаў і творчых сустрэч, з'ездзілі на фестываль месца «Sprava» ў вёску Белая Царква, у галерэі «Ў» адкрылі выстаўку «Vulіca Gallery» (заўтра закрыюць), пасадзілі лес бесперапыннага квітнення, завіталі ў дзіцячы лагер у Навасадах і падрыхтаваліся да опэн-эйру.

Vulіca Brasіl, як бачна, — не толькі пра вулічнае мастацтва і ўключэнне яго ў сістэму мастацтва ў грамадскім уяўленні. Фестываль кажа пра камфортнае існаванне і суіснаванне, да чаго адносіцца ўрбаністыка, архітэктура, экалогія, мода і дабрачыннасць. Зрабіўшы акцэнт на прывабных формах — упрыгажэнні горада яркімі пунктамі, Vulіca Brasіl апроч лагічнай тэмы гарадскога жыцця змагла закрануць і суадносіны з прыродай, і адносіны паміж людзьмі.

За гэтыя дні свае сляды на мінскіх сценах пакінулі беларускія аўтары з Мінска і іншых гарадоў — Андрэй Бусел, Polіakowa, Захар Кудзін, Хвост Хвастоў, Вадзік Фін і іншыя. Браты Густава і Атавіа Пандольфа (OSGEMEOS) з Сан-Паўлу, мастакі з міжнародным прызнаннем, стварылі ў Мінску ўжо другі мурал: у 2015 годзе на Vulіca Brasіl яны распісалі сцяну будынка пасольства Бразіліі ў Беларусі. Бразільцы Crіola і Hyper дапаўняюць кола запрошаных аўтараў. Месцазнаходжанне навінак, як і інфармацыю пра іх ды іх аўтараў, можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю.

На жаль, Мінск — пакуль недастаткова прыязны да вулічнага мастацтва горад: у Берліне выдаюцца альбомы гарадскога стрыт-арту, а мясцовая публіка ўспрымае яго з пытаннямі (некаторыя зацверджаныя пляцоўкі для будучых муралаў праз нязгоду пэўных структур былі вымушаны памяняцца), але ў тым ліку дзякуючы Vulіca Brasіl успрыманне нязвыклага мяняецца.

Сёння ж, 10 жніўня, прыйшоў кульмінацыйны момант. «Рабочыя» дні фестывалю скончыліся — час для музыкі, танцаў, тэатра, ежы, кірмашу і іншага. Опэн-эйр зойме Кастрычніцкую вуліцу, і такім чынам пятая Vulіca Brasіl (папярэдняя прайшла ў 2017 годзе) падыдзе да прыгожага фіналу.

Фэст арганізуецца пры падтрымцы пасольства Бразіліі ў Беларусі, Мінгарвыканкама, Міністэрства культуры і адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.