Вы тут

Дзяцінства ў чорна-белым колеры


Выраз «Толькі шчаслівыя могуць дазволіць сабе дзяцінства» стаў лейтматывам кнігі Эльвіры Вашкевіч «Смак перамогі» (Мінск, «Народная асвета», 2019). Апавяданні, выдадзеныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, адрасуюцца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Як і патрабуе твор такога кшталту, у якасці галоўных герояў — дзеці: часам смелыя, часам пужлівыя, але заўсёды мужныя, вынаходлівыя і цярплівыя.


Хоць апісанняў канкрэтных ваенных дзеянняў у творы не так шмат, дзеці адчуваюць іх нават на эмацыянальным узроўні. Нават у самых маленькіх быў дарослы засяроджаны позірк і не па-дзіцячы сталыя думкі. Іх часта пакідалі дома без нагляду, і гэта было натуральна. Штодзённыя голад, нястача ва ўсім неабходным, трывога маці ўплывалі на іх так, што яны станавіліся больш дарослымі. На такіх прыкладах і будуюцца гісторыі Эльвіры Вашкевіч.

Першая з іх, «Смак перамогі», будзе найбольш цікавая для тых дзяцей, якія толькі знаёмяцца з тэмай вайны. Гэта гісторыя пра хлопчыка Стасіка, для якога марожанае стала нечым большым, чым наўпрост звычайным прысмакам. Аповед складаюць успаміны героя, які ўжо стаў дзядулем і на працягу ўсяго жыцця больш не спрабаваў гэты ласунак, каб не страціць «таго смаку». Цікавым падаецца ўяўленне малым хлопчыкам свайго бацькі, што загінуў на фронце і якога хлопчык не мог памятаць з-за ўзросту. Яму хацелася бачыць бацьку вялікім, шыракаплечым, кучаравым і сінявокім — як казачнага волата. Дзіцяці нават падавалася, быццам памятае пах тытуню. Насамрэч, вядома, усё было наадварот.

Увогуле, гісторыя даволі тыповая. Але тэма сутыкнення дзяцінства і вайны заўсёды нясе горыч і шкадаванне. У найвышэйшай ступені гэтыя пачуцці выклікае другі твор зборніка «Суслікі», больш сур’ёзны і «дарослы» найперш дэталямі. Тут адлюстраваная і перадгісторыя, даецца больш падрабязная характарыстыка герояў, ды і самі персанажы больш каларытныя. Гэта гісторыя пра шасцігадовага Грышку, сына камандзіра Чырвонай Арміі (гэтая данасць у большай ступені і прадвызначае дзеянні хлопчыка), пажылога палкоўніка, які абагаўляе сваю маладую распешчаную жонку. Тая, дарэчы, начытаўшыся раманаў, у першыя дні вайны жадае прыгожа памерці, не губляючы элегантнасці. Вось таму абавязкі дарослага на сябе бярэ Грышка, якому вайна бачыцца страшэнным чорным сабакам з вострымі ікламі і вачыма, быццам ярка-чырвоныя вуглі. Яна дагнала бацьку, але хлопец настолькі адважны, што змог абараніць ад яе сябе і маці.

Усе тры гісторыі маюць розныя часавыя і прасторавыя прамежкі: жыццё ў эвакуацыі, падчас акупацыі і пасля вайны. Апошняе адлюстравана ў апавяданні «Вэнджаная рыба», найбольш лёгкім і аптымістычным з-за большай аддаленасці ад матыву вайны. Асноўная яго тэма — сяброўства, якое, дзякуючы пэўнаму здарэнню, відавочна, будзе доўжыцца ўсё жыццё.

Заслугоўвае ўвагі мастацкае аздабленне кнігі Юліяй Давыдавай і Валерыяй Жылінскай. Жадаючы падкрэсліць зусім не светлае дзяцінства герояў, яны выканалі малюнкі некаляровымі; гэта сепія. У цэлым кніга мае выразную накіраванасць на дзіцячую аўдыторыю. Пра гэта нагадвае і структура тэкстаў, іх стылістыка (у тым ліку частае выкарыстанне памяншальна-ласкальных слоў, што датычыцца і імёнаў галоўных герояў: Васятка, Грышка, Ванька, Стасік), дыдактычны характар усяго зборніка. Твору пайшло б на карысць, калі б у якасці герояў аўтар стварыла і вобразы дзяўчынак. Бо ў цэлым зборніку не хапіла своеасаблівай разыначкі, выключна запамінальных постацяў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.