Вы тут

«Энергія ўзросту» паказала, якім можа быць жыццё на пенсіі


«Цяпер ва ўсім свеце думаюць, як падоўжыць актыўнае даўгалецце. Нам чакаць няма калі. Дэвіз нашага фэстывалю — пакуль іншыя плануюць, мы ўжо робім!» — гэтымі словамі ў пачатку верасня пад Мінскам адкрыўся міжнародны фестываль «Энергія ўзросту», на які з'ехаліся прадстаўнікі Латвіі, Украіны, Расіі і Беларусі.


Сучасныя людзі сярэбранага веку разбіваюць многія стэрэатыпы — прызнаемся, нават пісаць пра гэта ўжо стала стэрэатыпам. І тым не менш... Думаеце, пенсія і мода маласумяшчальныя? А як наконт моды на здароўе? А якое здароўе можа быць без фізічнай актыўнасці? На фестывалі можна было паўдзельнічаць у рознага кшталту майстар-класах. Напрыклад, па спартыўным арыентаванні і арыент-шоу. Святлана Атамановіч — настаўніца матэматыкі вышэйшай катэгорыі, у якой, акрамя педагагічнай дзейнасці, ужо шмат гадоў ёсць хобі. Пачынаючы з 1986 года яна праводзіць палатачныя летнікі, дзе штогод адпачывае да сотні дзяцей і іх бацькоў. Яна вадзіла ў пешыя паходы ў Саяны і на Камчатку, а пачынаючы з 1996 года кожнае лета арганізуе байдарачныя паходы па азёрах і рэках Беларусі.

* * *

Пенсійны ўзрост: працаваць ці не? Як знайсці работу, калі вам гэта патрэбна? Сваім вопытам па навучанні і перанавучанні людзей старэйшага ўзросту падзяліліся спецыялісты сеткі аптэк ADEL. Ды і ў цэлым, на адным з круглых сталоў, арганізаваных на фестывалі, паднялі пытанні працаўладкавання людзей старэйшага ўзросту ў Беларусі, у тым ліку пагаварылі і пра дыскрымінацыю па ўзросце — эйджызм на рабочых месцах.

Усё больш людзей цяпер спрабуюць зарабіць у інтэрнэце. Гэтаму быў прысвечаны майстар-клас Ірыны Каска «Школа стабільнага заробку на Facebook». Ірына Каска прыехала з Наваполацка, яна 20 гадоў працавала начальнікам сектара маркетынгавых даследаванняў на ААТ «Нафтан», а цяпер — трэнер па прасоўванні бізнесаў у сацыяльных сетках, бізнес-трэнер клуба прадпрымальнікаў новага пакалення «Дарога да мільёна». Магчыма, і ўдзельнікаў фестывалю змагла натхніць паспрабаваць сябе на новай ніве.

* * *

Выдаткі на харчаванне — гэта асноўныя траты, якія займаюць ільвіную долю бюджэту пенсіянераў. Таму кулінарная бітва «Халадзільнік пенсіянера — невычэрпная крыніца кулінарнага натхнення», праведзеная Марынай Бандаровіч — брэнд-шэф-поварам, дыетолагам, тэхнолагам харчавання — таксама выклікала немалую цікавасць усіх прысутных. За 20 хвілін камандам трэба было зрабіць з вельмі сціплага набору прадуктаў кулінарныя стравы. І яны справіліся — стварылі сапраўдныя шэдэўры, не толькі смачныя, але і карысныя, а яшчэ — прыгожыя!

І зноў вернемся да моды. Не так ужо да яе і абыякавыя сучасныя людзі на пенсіі, ва ўсякім разе, тыя, каму сугучныя гэтыя словы — энергія ўзросту. Бо, як сказаў першы намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб'яднання, доктар медыцынскіх навук, прафесар Кірыл Прашчаеў: «За гады работы герантолагам я пераканаўся: узрост чалавека не мае значэння. Ён павінен перастаць быць аб'ектам спекуляцый і маніпуляцый і стаць падставай для гонару». А калі ўзрост — падстава для гонару, то чаму б яму не быць прыгожым? На модным паказе ад мадэльнай школы Цэнтра актыўнага даўгалецця мадэлі ўзросту 60+ прадэманстравалі, што прыгожай і стыльнай жанчына можа быць на любым этапе свайго жыцця. І натхнілі сваім прыкладам далёка не адну з гасцей фестывалю!

А парфумерны стыліст Вольга Азізава на сваім майстар-класе «Мая задача — мой водар — маё рашэнне» паказала, як з дапамогай водараў можна ўзмацніць жаноцкасць («Чаму б і не? Хай вам хоць 100+, жанчына застаецца жанчынай», — лічыць Вольга Азізава). А яшчэ — адчуваць сябе бадзёра на працягу дня, супакоіць нервы, адрадзіць пагаслыя пачуцці, наладзіць адносіны з дзецьмі... Ва ўсім гэтым аказваецца, могуць дапамагчы правільныя водары.

А яшчэ на фестывалі можна было павучыцца танцаваць зумбу і аргенцінскае танга, пагаварыць пра антыўзроставую тэрапію і валанцёрства, пазнаёміцца з рэабілітацыйнай карэкцыйнай лячэбнай праграмай для суставаў і пазваночніка (лячэбным комплексам на аснове пілатэсу, ёгі, кітайскай гімнастыкі і дыхання), навучыцца рабіць ляльку-абярэг, абмяняцца вопытам сваіх падарожжаў...

Фестываль «Энергія ўзросту» быў да краёў напоўнены цікавымі сустрэчамі, лекцыямі, майстар-класамі, танцамі і канцэртамі. Мерапрыемства падобнага роду і такога ўзроўню ў нас прайшло фактычна ўпершыню, але яно ўдалося. А арганізатары ўжо задумаліся пра наступны фестываль.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Актыўныя, прыгожыя, цікавыя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.